Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Немагчыма адрозьніць пародыю ад чарговага „прабіваньня дна“». Вынікі году ў сфэры правоў чалавека ад Алега Гулака


Галерэя партрэтаў палітвязьняў
Галерэя партрэтаў палітвязьняў

Пра што сьведчыць дынаміка колькасьці палітвязьняў? Ці зьмяніўся характар палітычнага перасьледу ў 2022 годзе? Якія юрыдычныя навацыі 2022 году былі самымі рэпрэсіўнымі і небясьпечнымі? Якім будзе грамадзка-палітычнае рэха Нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму?

Пра гэтыя вынікі 2022 году расказвае старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Сьцісла

  • Збольшага рост палітвязьняў у 2022 годзе адбываўся за іх ранейшыя дзеяньні, гэта не была рэакцыя на тое, што адбываецца цяпер.
  • Улады разумеюць, што без працягу рэпрэсіяў грамадзтва можа забыць, што трэба баяцца.
  • Як Лукашэнка ў свой час заявіў, што «часам не да законаў», так гэты прынцып дзейнічае і дагэтуль.
  • Мы не заўсёды можам ацаніць маштабы рэпрэсіяў: часта людзі баяцца, што галоснасьць што да іх перасьледу можа ім пашкодзіць.
  • Спэцыфіка 2022 году ў тым, што мы ўжо нічому не зьдзіўляемся.
  • Думаю, што, на жаль, у 2023 годзе колькасьць палітвязьняў будзе расьці, нягледзячы на тое, што 250-300 чалавек выйдуць на волю па сканчэньні тэрмінаў іх пакараньняў.

— Паводле дадзеных праваабаронцаў «Вясны», 30 сьнежня 2021 году ў Беларусі было 970 палітвязьняў. На 12 сьнежня 2022 году іх было 1437. Якімі былі асаблівасьці палітычнага перасьледу сёлета, ці адрозьніваўся ён неяк ад леташняга?

Алег Гулак
Алег Гулак

— Колькасьць палітвязьняў не адзіны паказьнік, які характарызуе становішча з правамі чалавека і з палітычным перасьледам. Лічбы часам адлюстроўваюць працяг ці завяршэньне працэсаў, якія пачаліся раней, а так яно цяпер і ёсьць. Лічбы не даюць разуменьня, на якія тэрміны людзей саджаюць, у якіх умовах іх утрымліваюць.

На працягу году былі спадзевы на нейкае зьмякчэньне рэпрэсіўнай палітыкі. Але ў цэлым сытуацыя сытуацыя была такой самай, як і летась. Збольшага рост ліку палітвязьняў адбываўся за ранейшыя дзеяньні ці зьяўляўся стадыяй крымінальнага разбору, пачатага, зноў жа, ня сёлета. У 2022 годзе захоўваўся леташні тэмп рэпрэсіяў — пры тым, што новых масавых і працяглых пратэстаў не адбываецца. Гэта значыць, што рэпрэсіі — гэта не рэакцыя на тое, што адбываецца цяпер.

Але машына запушчаная, ёй трэба «паліва» і яна яго знаходзіць. Тыя, да каго ў 2020-м і 2021-м рукі не даходзілі, трапілі за краты ў 2022-м. Тут ёсьць пытаньне, чаму гэтая машына не спыняецца. Ці гэта інэрцыя, жаданьне дэманстраваць кіраўніцтву, што яна патрэбная, дзеяздольная і ляяльная. Ці яны разумеюць, што без працягу рэпрэсіяў грамадзтва пачне забываць, што трэба баяцца. Я думаю, што дзейнічалі абодва фактары. Мы бачылі чысткі ў самой сыстэме — у дзяржаўным апараце, у сілавых ведамствах. Гэта працягвалася і сёлета. Сыстэма пазбаўляецца ад тых, хто ў 2020 годзе падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, пісаў неляяльныя камэнтары ў сацыяльных сетках і г.д.

Праўда, сёлета мы пабачылі, што гэтая праца адносна дактароў, супрацоўнікаў сыстэмы аховы здароўя, дала збой — зачысьцілі настолькі, што ўбачылі, што няма каму працаваць. І крыху збавілі абароты ачышчэньня ад неляяльных.

— Паводле праваабаронцаў, за ўдзел у антываенных пратэстах у дзень правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму 27 лютага было затрымана больш за 900 чалавек. Здаецца, гэта было новае, тое, чаго не было ў 2021 годзе. Тады яшчэ не было вайны. Акрамя таго — «рэйкавыя партызаны». Аднаму зь іх нават калені прастрэлілі пры затрыманьні. Наколькі я ведаю, былі справы за антываенныя акцыі і нават допісы ў сацыяльных сетках. Мо менавіта гэтая форма перасьледу была не настолькі масавая, як у Расеі, якая вядзе гэтую вайну, але такія справы былі і ў Беларусі.

— Так, гэта ўжо ня рэха 2020 году. Гэта новыя пратэсты. Але ўлада рэагуе на іх гэтак жа, як і раней. А тое, што сёлета стралялі па каленях, дык у 2020 годзе стралялі на паражэньне — у грудзі ці ў галаву.

— Асобнае пытаньне — юрыдычныя навэлы, новыя законы, якія робяць антыэкстрэмісцкае заканадаўства больш рэпрэсіўным. Самая апошняя, яшчэ не прынятая — гэта сьмяротнае пакараньне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за «здраду дзяржаве». А якія яшчэ самыя важныя новыя рэпрэсіўныя законы былі прынятыя сёлета?

— Сёлета адбывалася і прыняцьце новых рэпрэсіўных законаў, і ўводзіліся новыя практыкі перасьледу. Як Лукашэнка ў свой час заявіў, што «часам не да законаў», так гэты прынцып дзейнічае і дагэтуль. Што тычыцца новых законаў, то ўведзены новыя склады злачынстваў, якія падпадаюць пад найвышэйшую меру пакараньня.

Зараз улады робяць крокі, якія прама супярэчаць міжнароднаму праву. Паводле яго сьмяротнае пакараньне можа ўжывацца толькі за самыя цяжкія злачынствы, якія наносяць шкоду здароўю і жыцьцю людзей. Склад злачынства «здрада дзяржаве» ніяк не зьвязаны непасрэдна з пагрозай жыцьцю.

Таксама можна адзначыць праекты пазбаўленьня грамадзянства і завочныя суды. Першыя завочныя суды ўжо пачаліся. У гэтых завочных судах падсудныя не ўдзельнічаюць. Ім даюць адваката, і ён адстойвае іх інтарэсы на працэсе. Гэта проста зьдзек з правасудзьдзя. Практычная мэта гэтых навацыяў — адабраць маёмасьць тых, каго немагчыма дастаць.

— Яшчэ летась пачалася практыка трактаваньня кантэнту пэўных мэдыя і іншых інфармацыйных крыніц як «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а некаторых мэдыя і крыніц — як «экстрэмісцкіх фармаваньняў». І калі чалавек мае дачыненьне да гэтага, нават даючы інтэрвію і чытаючы гэтыя забароненыя інфармацыйныя крыніцы, яго ўжо могуць разглядаць і часта разглядаюць як злачынцу.

Вайсковы аналітык Ягор Лебядок і жонка палітвязьня Дар’я Лосік трапілі пад крымінальны перасьлед за інтэрвію такім СМІ. Вядомыя выпадкі, калі людзей прыцягваюць да адказнасьці, калі ў іхным тэлефоне знаходзяць падпіскі на забароненыя тэлеграм-каналы. Наколькі шырокай стала гэтая практыка сёлета?

— Гэтая практыка актыўна ўжываецца. І я баюся, што мы не заўсёды можам ацаніць яе маштабы. Сапраўды, у затрыманых знаходзяць у тэлефонах падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і прыцягваюць за гэта да адказнасьці. Але далёка не заўсёды затрыманыя і іх сваякі гавораць пра гэта. Людзі баяцца, што распаўсюдам інфармацыі пра гэта яны пагоршаць сваё становішча. Навуковец Гаранін, які нядаўна адбываў пакараньне ў вельмі цяжкіх умовах, расказваў, што разам зь ім сядзеў чалавек, які быў асуджаны за перапост паведамленьня ў сацсетцы. Прычым зроблены быў гэты перапост некалькі гадоў таму.

Спэцыфіка 2022 году ў тым, што мы ўжо нічому не зьдзіўляемся. Часам нават цяжка вызначыць адносна паведамленьня пра чарговае дзікунства — гэта жорсткі сьцёб, гіпэрбала, утрыраваньне ці сухое апісаньне новай фазы рэпрэсіяў; гэта пародыя ці чарговае «прабітае дно».

— На працягу гэтага году адбылося два вызваленьні палітвязьняў, дасягнутыя шляхам дыпляматычных перамоваў з рэжымам Лукашэнкі — грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ і журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча. Некаторыя палітвязьні выйшлі на свабоду па сканчэньні тэрмінаў. У верасьні рабіліся намёкі, што частку палітвязьняў могуць вызваліць па амністыі. Гледзячы па ўсім, вяліся перамовы з Захадам наконт вызваленьня часткі палітвязьняў у абмен на аслабленьне санкцыяў. Перамовы ня мелі плёну, палітвязьні засталіся за кратамі. На ваш погляд, ці можа Захад пайсьці на такі гандаль, ці варта яму на гэта ісьці?

— Гэта складанае пытаньне. Лёс палітвязьняў — гэта ўвесьчасны боль, яны цярпяць ні за што. І ёсьць маральны абавязак ім дапамагчы. Але праблема ў тым, што інструмэнтаў для гэтага практычна няма. Я не магу пагадзіцца з прапановамі выкупу палітвязьняў, гэта несур’ёзна. Хаця б таму, што выкуп можна прапанаваць за тое, што гатовыя прадаваць. Невідавочна, што ёсьць такая гатоўнасьць.

Мы сёньня маем сытуацыю, адрозную ад тых, якія былі раней. Праблема вызваленьня палітвязьняў у Беларусі ўзьнікла не ўпершыню. У мінулым палітвязьняў вызвалялі тады, калі інтарэсы бакоў у гэтым працэсе аказваліся сумяшчальнымі. Было шмат спрэчак, наколькі ў мінулым санкцыі паспрыялі вызваленьню палітвязьняў. Санкцыі былі інструмэнтам у працэсе пошуку пагадненьня. У розных бакоў у гэтай гульні былі свае козыры. Але ніколі не было такой вялікай колькасьці палітвязьняў.

Для рэжыму важны матыў — захаваньне твару. Рэжым перасьцерагаецца, што калі ён вызваліць такую вялікую колькасьць палітвязьняў — 1500, ён пазбавіцца моцы, якая трымаецца на страху. Да таго ж у папярэднія пэрыяды, калі вызвалялі палітвязьняў, не было сумневаў у легітымнасьці Лукашэнкі як прэзыдэнта. Зараз Эўразьвяз не прызнае яго легітымным прэзыдэнтам. І гэта таксама фактар сытуацыі.

— Які ваш прагноз на 2023 год у сфэры правоў чалавека? На пачатку 2024 году адбудуцца парлямэнцкія і мясцовыя выбары, будуць фармаваць Усебеларускі народны сход. Ці могуць гэтаму папярэднічаць нейкія паслабленьні?

— Думаю, што, на жаль, колькасьць палітвязьняў на працягу наступнага году будзе расьці. Хаця б у выніку таго, што завершацца тыя справы, якія ўжо адкрытыя ці працягваюцца. Яны ня будуць спушчаныя на тармазах. У прыкладна 250-300 палітвязьняў у 2023 годзе скончацца тэрміны зьняволеньня. Што тычыцца выбараў, то гэта ж не прэзыдэнцкія выбары: на мясцовых і парлямэнцкіх выбарах няма праблемы вонкавай легітымнасьці. Таму з пункту гледжаньня ўладаў няма патрэбы ў нейкіх паслабленьнях.

Калі Беларусь уплішчыцца ў вайну ва Ўкраіне сваім войскам, то пытаньне палітвязьняў будзе адціснутае на другі плян больш вострым пытаньнем непасрэднага ўдзелу ў агрэсіі. Калі ў выніку вайны Расея будзе аслабленая, то гэта будзе стымулам для паляпшэньня адносінаў з Захадам. І тады будзе матывацыя для вызваленьня палітвязьняў.

— Адной зь нешматлікіх станоўчых падзеяў у праваабарончай сфэры Беларусі сёлета было прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Ён атрымаў гэтую ўзнагароду разам з праваабарончымі цэнтрамі Ўкраіны і Расеі. Але нават гэтая радасная навіна — з прысмакам горычы. Бяляцкі атрымаў прэмію, знаходзячыся за кратамі, дзе ён і застаецца. Якім будзе грамадзка-палітычнае рэха гэтай прэміі Бяляцкаму ў Беларусі і ў сьвеце?

— Я спадзяюся, што самому Алесю гэтая прэмія дапаможа, хаця б у сэнсе маральнай падтрымкі. Важна, што гэта прэмія праваабаронцам трох краінаў, яна падымае гэтую праблему ў сусьветным маштабе і ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG