Наступствы абстрэлу расейскай ваеннай базы ў акупаваным Мелітопалі, 11 сьнежня
Паводле Генштабу Украіны, яе Ўзброеныя сілы за апошнія суткі нанесьлі ўдары па 9 пунктах кіраваньня, 17 раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, двух складах з боепрыпасамі, а таксама адным раёне канцэнтрацыі расейскай артылерыі ў акупаваных населеных пунктах Украіны.
Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў, які пасьля вызваленьня з расейскага палону знаходзіцца ў Запарожжы, паведаміў, што 10 сьнежня ўкраінскае войска атакавала памяшканьне Мелітопальскай хрысьціянскай царквы, якую расейцы захапілі некалькі месяцаў таму і ператварылі на сваю базу.
Паводле яго, пацярпелі каля 200 расейскіх вайскоўцаў. «Параненых адразу вязуць у лякарні Крыму, бо ў мелітопальскіх ужо бракуе месцаў. „Хуткія“ едуць з розных частак Мелітопаля — ня толькі з усходняй, дзе гарыць, а і з паўднёвага боку», — удакладніў ён.
Іван Фёдараў дадаў, што расейскія акупацыйныя ўлады працягваюць прымусовую пашпартызацыю сярод жыхароў гораду, а з абарачэньня выключаюць грыўню і прымушаюць пераходзіць на расейскія рублі.
Наступствы абстрэлу расейскай ваеннай базы ў акупаваным Мелітопалі, 11 сьнежня
Апроч таго, паводле мэра Мелітопаля, акупацыйныя ўлады схіляюць мясцовых жыхароў да супрацы, заахвочваючы іх выплатамі ў 10 тысяч расейскіх рублёў.
Мелітопаль знаходзіцца ў Запароскай вобласьці на рацэ Малочнай, каля Малочнага ліману, які прылягае да Азоўскага мора.
Расейцы акупавалі Мелітопаль у пачатку ўварваньня ва Ўкраіну. У канцы ліпеня ўкраінскія вайскоўцы вывелі са строю чыгунку ў раёне Мелітопалю. Акрамя таго, удар нанесьлі па аэрадроме ў ваколіцы гораду.
Наступствы абстрэлу расейскай ваеннай базы ў акупаваным Мэлітопалі, 11 сьнежня
Раней у горадзе актыўна працавалі партызаны, а пасьля таго, як Украіна атрымала амэрыканскія сыстэмы HIMARS, актывізавала далёкія ўдары па месцах дысьлякацыі расейскіх войскаў.
З гэтай нагоды New York Times напісала пра важнасьць артылерыі большага радыюсу дзеяньня на наступным этапе ўкраінскай кампаніі па адваяваньні тэрыторыі на поўдні краіны:
«Падобнымі дзеяньнямі ў сярэдзіне лістапада Ўкраіна вярнула сабе горад Херсон, вымусіўшы Маскву адвесьці свае войскі на ўсходні бераг Дняпра і адкрыўшы новы этап бітвы за поўдзень краіны. Але вайсковыя экспэрты папярэджваюць, што ўкраінскі прагрэс, верагодна, будзе павольным. За апошнія тыдні расійскія войскі палепшылі сваю абарону на поўдні і ўсходзе краіны».