Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль заявіў, што праз спыненьне дачыненьняў зь Беларусьсю пасьля таго, як краіна падтрымала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, гандаль рэгіёну пацярпеў неістотна, у адрозьненьне ад стаўленьня мясцовых жыхароў да Аляксандра Лукашэнкі і беларусаў.
Аб эканоміцы
«Яны [сувязі зь Беларусьсю ў эканоміцы да вайны] не былі асноўнымі. У нас 83% экспарту рэгіёну — гэта Эўразьвяз. А тых 17% да вайны дзялілі між сабой Расея і ўрэшце Беларусь. Вобласьць цяпер экспартуе больш, чым летась, на 9%», — сказаў Віталь Коваль у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Українська правда».
Паводле яго, супраца рэгіёну зь Беларусьсю адбывалася пераважна ў сфэры дрэваапрацоўкі і прадуктаў харчаваньня.
Аб уплыве беларускага ТВ, стаўленьні да Лукашэнкі і да Беларусі
Віталь Коваль дадаў, што да вайны ў інфармацыйнай прасторы рэгіёну прысутнічалі беларускія тэлеканалы.
«Да вайны я чакаў, што будзе больш уплыву беларусаў на наша насельніцтва, таму што беларускія тэлеканалы „дабіваюць“. Калі былі выбары Лукашэнкі мінулыя, то шмат хто яго падтрымліваў, маўляў, гаспадарнік. Але толькі пачалася вайна, гэты гаспадарнік недзе забыўся, яго адхілілі. Ёсьць вораг, ты дапамагаеш ворагу — ты ўжо не гаспадарнік, ты наш вораг. Цяпер дакладна тут пра беларускі мір ніхто не сьпявае», — адзначыў кіраўнік Ровеншчыны.
Паводле яго, стаўленьне да Беларусі як дзяржавы «троху сапсавалася», але пункту невяртаньня пакуль няма.
«Ёсьць яшчэ адчуваньне, што іх прымушаюць, яны ня могуць згуртавацца, што яны яшчэ не прачнуліся. Калі параўноўваць, то ў разы горш, чым было, але дакладна яшчэ ня пункт біфуркацыі, калі ўжо: „Ты хто?“ — „Беларус“. — „Ня маю зносінаў з табой“», — патлумачыў ён.
Як украінскія беларусы дапамаглі ў першыя дні вайны
Віталь Коваль паведаміў, што ў нацыянальным складзе Ровенскай вобласьці беларусы складаюць 0,48 %, хаця ёсьць вёскі з большай колькасьцю этнічных беларусаў.
«У нас ёсьць дзьве вёскі, дзе пераважалі этнічныя беларусы. Мы за гэтыя вёскі перажывалі. Каб вы разумелі: грамада, тыя самыя лесьнікі, не зусім легальныя людзі ў мінулым, яны прыйшлі самі, першыя, пытаюцца: чым дапамагчы? Квадрацыклы свае аддалі, паказалі, дзе можна схрон зрабіць. Гэта партызанскі край. Апошні бой УПА з Савецкім Саюзам на тэрыторыі вобласьці быў у 1964 годзе», — адзначыў кіраўнік Ровенскай вобласьці.
Аб сытуацыі на мяжы
Паводле Віталя Коваля, цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы сытуацыя стабільная.
«Нашы замежныя партнэры дакладна бачылі, што беларускую тэхніку перакідваюць у Расею і цяпер яны маюць нашмат менш тэхнікі, чым раней. Я разумею, што сабака, які гаўкае, не кусаецца. І калі нехта хацеў бы зрабіць нешта, ён бы ціха зрабіў 24 лютага, а не 15 разоў нам казаў: „Іду на вы“. Я не нівэлюю рызыкі. Калі гаварыць, ці ёсьць рызыкі — так, ёсьць. Але я дакладна не сяджу цяпер і не трасуся, што вось-вось», — расказаў кіраўнік Ровенскай вобласьці.
Паводле яго, зь беларускага боку мяжу ўмацоўвалі на выпадак абароны, а не нападу. «Яны гэта зрабілі ўвосень».
Аб ролі беларусаў у вайне і даверы да суседзяў
Віталь Коваль, адказваючы на пытаньне аб часе, які спатрэбіцца для аднаўленьня даверу ўкраінцаў да беларусаў, сказаў:
«Калі яны нічога нэгатыўнага ня зробяць, пасьля перамогі гэта будзе вельмі хутка. Украінцы такая нацыя, якая прабачае. Але важна, каб яны разумелі: гэта калі яны нічога горшага ня зробяць. Толькі пераступяць хоць бы на адзін квадратны мэтар мяжу — усё, гэта ўжо на гады».
Паводле яго, цяпер яшчэ рана ацэньваць ролю беларусаў у вайне. «Вось праўда, заўчасна цяпер ацэньваць ролю беларусаў. Беларусы або далучаюцца да нас, нацыі пераможцаў, як суседзі, партнэры, або ідуць па вядомым адрасе», — падкрэсьліў Віталь Коваль.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.