Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Косава заявіла пра абстрэл паліцэйскіх атрадаў на поўначы краіны


Паўночнае Косава. Заклікі да сэрбаў не мяняць сэрбскія дакумэнты на косаўскія
Паўночнае Косава. Заклікі да сэрбаў не мяняць сэрбскія дакумэнты на косаўскія

Сытуацыя на поўначы часткова прызнанай дзяржавы зноў пагоршылася — мясцовыя ўлады вінавацяць у эскаляцыі Бялград, сэрбскі бок гаворыць пра парушэньне Прышцінай правоў сэрбаў.

Паліцыя Косава паведаміла, што асобы, якія блякавалі дарогі на поўначы Косава, тройчы стралялі з розных месцаў у атрады паліцыі каля возера Газіводэ, што па дарозе да памежнага пераходу Брняк, піша балканская служба Радыё Свабода.

«Падразьдзяленьні паліцыі ў мэтах самаабароны былі вымушаныя адказаць з ужываньнем агнястрэльнай зброі супраць дзеяньняў злачынных асоб або груповак, якія ўцяклі ў невядомым кірунку», — гаворыцца ў заяве.

Афіцыйнай інфармацыі аб пацярпелых і магчымых разбурэньнях пакуль няма.

На поўначы Косава, у муніцыпалітэтах Зьвечан, Лепасавіч і Зубін Потак, дзе пражывае большасьць сэрбскага насельніцтва, 10 сьнежня ўдзень у некалькіх месцах усталявалі барыкады. Прычына — арышт былога супрацоўніка паліцыі Косава Дэяна Панціча.

Прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці заклікаў неадкладна ліквідаваць барыкады і дадаў, што ўлады Косава знаходзяцца ў кантакце зь місіяй NATO KFOR у Косаве.

Паліцыя Косава раней абвясьціла, што памежныя пункты Ярынье і Брняк паміж Косава і Сэрбіяй часова зачыненыя на падставе ацэнак паліцыі і мер засьцярогі. З-за блякаваньня дарог на тэрыторыях муніцыпалітэтаў Лепасавіч, Зьвечан і Зубін Потак свабода перамяшчэньня парушаная. Грамадзян заклікаюць выкарыстоўваць іншыя пераходы для ўезду або выезду з Косава.

Прэзыдэнтка Косава В’ёса Асмані заявіла, што «злачынныя групоўкі на поўначы, якія ўзначальвае іх палітычны лідэр Вучыч і чые загады яны атрымліваюць, маюць на мэце дэстабілізаваць Косава». Яна мела на ўвазе прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча, які раней неаднаразова заяўляў, што сэрбы гатовыя да навядзеньня парадку ў Косава, калі гэтага ня зробяць мясцовыя альбанцы і NATO.

У пачатку лістапада члены сэрбскай абшчыны пакінулі косаўскія ўстановы, у тым ліку паліцыю і суды, каб выказаць сваю незадаволенасьць рашэньнем ураду Косава адносна перарэгістрацыі транспартных сродкаў на косаўскія нумары. Выкананьне пастановы прыпынілі, але байкот устаноў працягнуўся. Апошні раз сэрбы на поўначы ўстанавілі барыкады 31 ліпеня таксама з-за рашэньня аб перарэгістрацыі транспартных сродкаў, але і з-за ўзаемных мер, якія тады былі ўведзены ў Сэрбіі ў дачыненьні да асабістых дакумэнтаў. Тады па дакумэнтах бакі дасягнулі пагадненьня.

Бюро па справах Косава пры ўрадзе Сэрбіі назвала арышт Панціча «брутальнай помстай і запалохваньнем», а таксама «перасьледам сэрбскіх паліцыянтаў без усялякіх падстаў і доказаў». У Бялградзе лічаць дзеяньні палітыкаў у Прышціне парушэньнем правоў сэрбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG