Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта ведаць пра канфлікт Сэрбіі з Косавам? Тлумачым


Блякаваньне дарогі на мяжы Косава з Сэрбіяй
Блякаваньне дарогі на мяжы Косава з Сэрбіяй

На мінулым тыдні на мяжы Сэрбіі з часткова прызнанай Рэспублікай Косава зноў абвастрылася сытуацыя, на гэты раз у сувязі з тым, што Косава ўвяло абмен сэрбскіх уязных дакумэнтаў і аўтамабільных нумароў. Сэрбска-косаўская напружанасьць выклікала асьцярогі, што на Балканах можа пачацца вайна.

31 ліпеня сэрбы, якія пражываюць на поўначы Косава, пачалі блякаваць дарогі паблізу двух ключавых памежных пераходаў з Сэрбіяй. Косаўская паліцыя паведаміла, што з прычыны блякаваньня вымушаная была закрыць гэтыя два пераходы для людзей і транспарту. Пасьля кансультацый з ЗША і ЭЗ урад Косава адклаў выкананьне рашэньня датычна ўязных дакумэнтаў і аўтамабільных нумароў да верасьня.

Прыгадваем некалькі фактаў з гісторыі Косава наогул і сэрбска-косаўскага канфлікту ў прыватнасьці, які пад канец 1990-х гадоў прывёў да вайны паміж Фэдэратыўнай рэспублікай Югаславіяй (якая на той час складалася з Сэрбіі і Чарнагорыі) і Арміяй вызваленьня Косава, а потым да абвяшчэньня незалежнасьці Косава.

Косава ў даўнейшай гісторыі Сэрбіі

У ХIV стагодзьдзі Косава стала важным рэлігійным, палітычным і культурным цэнтрам Сэрбіі і перажывала эканамічны росквіт. Заняпад значэньня Косава пачаўся пасьля бітвы на Косавым полі недалёка Прышціны ў 1389 годзе, калі Асманская імпэрыя разьбіла сэрбскае войска, а сама Сэрбія прызнала сюзэрэнітэт турэцкага султана. Але ў гісторыі Сэрбіі бітва на Косавым полі стала сымбалем сэрбскага нацыянальнага адзінства і барацьбы за незалежнасьць.

У пазьнейшых стагодзьдзях пачалося перасяленьне сэрбаў з тэрыторыі Косава і калянізацыя краіны альбанцамі. Доля альбанскага насельніцтва краю няўхільна павялічвалася і да сярэдзіны XIX стагодзьдзі перавысіла 50%. Косава стала адным з цэнтраў альбанскай асьветы і барацьбы за аб'яднаньне ўсіх населеных альбанцамі зямель у адзінае аўтаномнае ўтварэньне ў складзе Асманскай імпэрыі.

У выніку балканскіх войнаў (1912-1913) большая частка тэрыторыі Косава ўвайшла ў склад Сэрбіі. Пасьля Першай сусьветнай вайны Косава апынулася ў складзе Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў (у 1929 годзе перайменаваным у Югаславію). Падчас Другой сусьветнай вайны большая частка Косава была ўключаная ў Альбанскае каралеўства, а пасьля яе заканчэньня Косава зноў апынулася ў Сэрбіі. Косава было даволі бедным рэгіёнам у Югаславіі, але эканамічна людзям жылося лепей, чым у Альбаніі, што спарадзіла далейшы прыток альбанцаў у край.

У пачатку 1980-х Косаве адбыліся масавыя студэнцкія маніфэстацыі з патрабаваньнем даць Косаву статус паўнапраўнай рэспублікі ў рамках Югаславіі, якія выліліся ў крывавыя сутыкненьні з фэдэральнымі войскамі. Сэрбска-альбанскае супрацьстаяньне выйшла на новы ўзровень, сэпаратысцкія памкненьні сярод косаўскіх альбанцаў пачалі ўзрастаць.

Армія вызваленьня Косава і югаслаўска-косаўская вайна

22 верасьня 1991 году было абвешчана стварэньне незалежнай Рэспублікі Косава, а затым праведзены несанкцыянаваныя рэфэрэндум аб незалежнасьці (87% працэнтаў з тых, хто ўдзельнічалі, прагаласавалі за незалежнасьць) і прэзыдэнцкія выбары, на якіх прэзыдэнтам быў абраны Ібрагім Ругова. Незалежнасьць гэтай рэспублікі прызнала толькі Альбанія. Пачалося стварэньне ўзброеных фармаваньняў, якія ў 1996 годзе былі абʼяднаныя ў Армію вызваленьня Косава.

Першапачаткова барацьбу з альбанскімі сэпаратыстамі вялі толькі паліцэйскія падразьдзяленьні, але ў 1998 годзе ў ваенныя дзеяньні ўступіла югаслаўская армія. У 1999 годзе ў ваенныя дзеяньні ўмяшалася NATO. Сэрбскі ўрад быў вымушаны пагадзіцца на ўвод у Косава вайсковага кантынгенту пад кіраўніцтвам NATO і пераход краю пад кіраваньне Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

Абвяшчэньне незалежнасьці Косава ў 2008 годзе

У 2004 года пад кантролем часовай адміністрацыі прайшлі выбары ў парлямэнт Косава. Косаўскія сэрбы ў пераважнай большасьці праігнаравалі гэтыя выбары. Тры альбанскія партыі, якія выйгралі гэтыя выбары, выступалі за незалежнасьць Косава. 17 лютага 2008 году парлямэнт Косава (у якім 100 мандатаў адведзена альбанцам і 20 – нацыянальным мяншыням) абвясьціў аб незалежнасьці Косава. У 2010 годзе Міжнародны суд ААН прызнаў законнасьць рашэньня ўладаў Косава аб абвяшчэньні незалежнасьці ад Сэрбіі.

На дадзены момант незалежнасьць Косава прызналі 98 краінаў з 193, якія ўваходзяць у ААН (Кітай і Расея не прызналі). Урад Сэрбіі не прызнае Косава як сувэрэнную дзяржаву. Згодна з канстытуцыяй Сэрбіі, Косава ўваходзіць у склад Сэрбіі як аўтаномны край Косава і Метохія, парлямэнт якога не валодае неабходнымі для аддзяленьня паўнамоцтвамі. У 2013 годзе Сэрбія пачала працэс нармалізацыі адносін з Косавам, але працэс спыніўся ў 2018 годзе пасьля таго, як Косава ўвяло 100-працэнтны падатак на імпарт сэрбскіх тавараў.

Стаўленьне афіцыйнага Менску да незалежнасьці Косава

Беларусь незалежнасьці Косава не прызнала. Аляксандар Лукашэнка ня раз скептычна адклікаўся аб пэрспэктывах Косава як незалежнай дзяржавы. Так, у ліпені 2008, выступаючы на парадзе ў гонар гадавіны вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён заявіў: «Прэцэдэнт з аднабаковым, у абыход ААН, абвяшчэньнем незалежнасьці Косава яскрава прадэманстраваў існуючыя падвойныя стандарты і пагрозу перагляду межаў. Перадзелу палітычнай карты Эўропы. Аднак заахвочваньне сэпаратызму зьяўляецца неразумнай і небясьпечнай палітыкай».

«Беларусь ніколі не прызнае незалежнасьці Косава, – заявіў у 2012 годзе амбасадар Беларусі ў Сэрбіі Уладзімір Чушаў. – Нам прычыняюць моцны боль косаўскія раны».

Некалькі статыстычных зьвестак

Тэрыторыя Косава ахоплівае 10,8 тысячы квадратных кілямэтраў. На ёй, паводле ацэнкі з 2021 году, жывуць 1,9 млн чалавек (92% зь іх – альбанцы; 4% – сэрбы; 4% – іншыя). Рэлігія: 97,4% – іслам; 1,6% – хрысьціянства). Сталіца краіны – Прышціна (160 тысяч чалавек).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG