Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Агітаваў лётчыкаў на дэманстрацыі. Спэцслужбы перакрэсьлілі жыцьцё», — крыніцы «Нашай нівы» пра самагубства знанага баранавіцкага пілёта


Юры Вараб'еў у архіўным відэа
Юры Вараб'еў у архіўным відэа

На мінулым тыдні прыйшло паведамленьне пра самагубства палкоўніка ў адстаўцы Юрыя Вараб’ёва, былога камандзіра 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах.

Юры Вараб’ёў належаў да найвышэйшай касты авіятараў — быў лётчыкам-выпрабавальнікам. З 2007-га па 2011 год кіраваў 61-й зьнішчальнай авіябазай. Меў званьне палкоўніка, піша «Наша ніва».

Таксама Вараб’ёў кіраваў вэтэранскай арганізацыяй авіябазы і штогод выступаў перад дзейнымі афіцэрамі. Асаблівым яго абавязкам было выступаць 30 жніўня перад калектывам беларускіх баявых лётчыкаў — у гэты дзень у 2009 годзе, калі Вараб’ёў кіраваў авіябазай, у польскім Радаме загінулі ў катастрофе двое выхадцаў з часткі на Су-27УБМ, Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч.

Марфіцкі быў начальнікам 61-й авіябазы да Вараб’ёва, а Вараб’ёў быў ягоным намесьнікам і пайшоў на павышэньне пасьля таго, як Марфіцкага перавялі на пасаду начальніка ўпраўленьня авіяцыяй і войскаў СПА Мінабароны. Яны былі вельмі блізкія.

Апошні раз, калі раённая дзяржаўная газэта згадала Вараб’ёва як выступоўцу перад калектывам, быў 30 жніўня 2019 году. Яго фота з матэрыялу пра жалобныя імпрэзы да 10-й гадавіны трагедыі з сайтаў «Нашага краю» і Баранавіцкага гарвыканкаму пазьней выдалілі. А ў 2022-м Юрыя Вараб’ёва нават не запрасілі на сустрэчу з калектывам па факце гадавіны сьмерці яго папярэдніка і сябра.

На два гады палкоўнік выпаў з інфармацыйнай прасторы і вярнуўся ў яе толькі па факце сваёй заўчаснай сьмерці. Як стала вядома «Нашай ніве», палкоўнік Вараб’ёў блізка да сэрца прыняў падзеі 2020-га і актыўна ўключыўся ў рух супраць беззаконьня, што чыніў рэжым Лукашэнкі.

«Як старшыня вэтэранскай арганізацыі ён агітаваў лётчыкаў выходзіць на дэманстрацыі. Удзельнічаў у іх сам. Вядома, што некаторыя, прынамсі вэтэраны авіябазы, афіцэры ў адстаўцы, выходзілі на маршы ў белых кашулях. Вараб’ёў актыўна пісаў камэнтары наконт дзеяньняў лукашэнкаўцаў у гарадзкіх чатах і пабліках», — паведамілі крыніцы выданьня.

З разгулам рэакцыі Вараб’ёву пачалі прыпамінаць яго ўчынкі. Мужчыну выгналі з работы на авіязаводзе, дзе ён працаваў на пэнсіі.

«На авіязаводзе ў прынцыпе разгарнулася вялікае „паляваньне на ведзьмаў“. Работнікаў канвэера адпраўлялі да апэратыўнікаў КДБ, якія праводзілі допыты з запісам на відэа. Калі чалавек у нечым прызнаваўся, то яго тут жа прымушалі каяцца за свае ўчынкі ў духу ГУБАЗіКу, толькі без публікацыі. Наколькі мне вядома, Вараб’ёў таксама гэтую гісторыю праходзіў», — паведаміла крыніца.

Ёсьць інфармацыя, што незадоўга да самагубства афіцэра ім зноў стаў цікавіцца КДБ.

«Ён дарослы чалавек, лётчык-прафэсіянал, якога клікалі да сябе выступаць разам зь імі „Русские витязи“, калі гэта яшчэ не было ганебным (група найвышэйшага пілятажу УС РФ) і якім ён адмовіў. Камандзір зьнішчальнай часткі. Палкоўнік. А цяпер фактычна спэцслужбы перакрэсьлілі ўсё ягонае жыцьцё: закляймілі ў калектыве лётчыкаў, нагаворвалі, працяг сяброўства зь ім калі не забараняўся прама, то і не вітаўся. Выгналі з працы, ён атрымаў таўро і нікуды ня мог у горадзе ўладкавацца, яго ня бралі. А ісьці месьці вуліцы для лётчыка-выпрабавальніка... Ну вы разумееце», — выказвае здагадку аб прычынах самагубства знаёмы з сытуацыяй чалавек.

Па інфармацыі журналістаў «Нашай нівы», двое дарослых сыноў Вараб’ёва ўжо некаторы час жывуць у эміграцыі. Пачатак вайны яны засьпелі ў Кіеве. У палкоўніка засталася яшчэ дачка, якая жыве ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG