Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея скараціла колькасьць авіяўдараў. Украіна рыхтуецца да новых контрнаступальных апэрацый

Наступствы расейскага абстрэлу Ўкраіны. Сьнежань 2022
Наступствы расейскага абстрэлу Ўкраіны. Сьнежань 2022

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўкраінскае войска прадоўжыць контранаступальныя апэрацыі, каб вызваліць больш акупаванай тэрыторыі.

«Здольнасьць Украіны захаваць ваенную ініцыятыву і дынаміку сваіх цяперашніх апэрацыйных посьпехаў залежыць ад таго, ці будуць украінскія сілы працягваць пасьлядоўныя апэрацыя зімой 2022/2023 гадоў», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Паводле інстытуту, Расея страціла ініцыятыву летам, калі яе наступ завяршыўся захопам большай часткі Луганскай і Данецкай абласьцей. Украінскія сілы з жніўня правялі шэраг пасьпяховых пасьлядоўных апэрацый у вызваленьні большай часткі Харкаўскай вобласьці і Херсону і цяпер ствараюць умовы для новых удараў у іншых месцах гэтай зімой.

«Пасьлядоўныя апэрацыі зьяўляюцца ключавой часткай пляну ўкраінскай кампаніі. Сэрыя пасьлядоўных украінскіх контранаступальных апэрацый у Харкаўскай і Херсонскай абласьцях дэманструюць выдатныя навыкі апэрацыйнага плянаваньня», — перакананыя амэрыканскія экспэрты.

Паводле іх, умовы надвор’я ўзімку 2023 году вызначаць часовыя межы, цягам якіх Украіна зможа весьці манэўровыя баявыя дзеяньні і прадоўжыць шэраг апэрацыйных посьпехаў зь мінімальнымі перапынкамі.

«Сэзон восеньскай золі ў лістападзе ўскладніў манэўровую вайну. І Расея, і Ўкраіна, тым ня менш, працягвалі агрэсіўныя наступальныя і контранаступальныя апэрацыі, нягледзячы на некаторыя прагнозы, што золь запаволіць апэрацыі. З набліжэньнем маразоў у канцы сьнежня ўкраінскія сілы зноў змогуць выкарыстаць умовы надвор’я — зіма зьяўляецца лепшым сэзонам для мэханізаваных баявых дзеяньняў, у адрозьненьне ад вясны. [...] Украінскія сілы, імаверна, рыхтуюцца выкарыстаць падмерзлую зямлю, каб лепш прасоўвацца», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

У той жа час, паводле экспэртаў, Украіна зможа захаваць ініцыятыву пры ўмове, што міжнародныя партнэры працягнуць аказваць вайсковую дапамогу. У адваротным выпадку расейскія сілы атрымаюць каштоўную для іх перадышку, каб лепш падрыхтавацца да новых баявых дзеяньняў.

Расея ўсё менш выкарыстоўвае авіяцыю для абстрэлаў Украіны

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што колькасьць вылетаў расейскай тактычная авіяцыі, зь якой наносіліся ўдары па Ўкраіне, істотна скарацілася.

«Цяпер расейскія самалёты ажыцьцяўляюць дзясяткі вылетаў на дзень у параўнаньні з максымумам 300 вылетаў на дзень у сакавіку 2022 году. Скарачэньне вылетаў, імаверна, стала вынікам высокай пагрозы з боку ўкраінскіх сіл супрацьпаветранай абароны, абмежаваньня лётнага часу расейскіх самалётаў і пагаршэньня надвор’я», — адзначылі ў брытанскай выведцы.

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі таксама паведаміла, што Расея ўжо страціла ў вайне супраць Украіны больш як 60 баявых самалётаў, у тым ліку бамбавальнік Su-24M FENCER і штурмавік Su-25 FROGFOOT.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG