Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За фігурантамі ішло апэратыўнае назіраньне». Што новага ў справе «Рабочага руху»


Фігуранты справы «Рабочага руху»
Фігуранты справы «Рабочага руху»

У Гомельскім абласным судзе працягваецца слуханьне крымінальнай справы прафсаюзных актывістаў. Расказваем новыя падрабязнасьці.

У справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек. Усе яны былыя супрацоўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».

Матэрыялы справы займаюць 38 тамоў, адзін зь іх сакрэтны. Каля двух тыдняў на судзе праглядалі запісы zoom-канфэрэнцыяў. Іх запісваў «крот», які ўвайшоў у «Рабочы рух» як прадстаўнік «Гомсельмашу», паведаміла Свабодзе крыніца.

«Адзін зь фігурантаў справы прапанаваў пагражаць міліцыянтам, іншыя адмовіліся»

Цяпер у справе агучваюць і праглядаюць матэрыялы апэратыўнага кантролю. «Бо „крот“ і ня толькі ён здаў удзельнікаў „Руху“ і за імі было ўведзена апэратыўнае назіраньне», — паведаміла крыніца Свабоды.

Суразмоўца дадае, што «нічога крамольнага не было на тых zoom-канфэрэнцыях, апроч пустой балбатні».

«Былі моманты, калі адзін зь фігурантаў справы прапанаваў пачаць пагражаць міліцыянтам, што зь іх дзецьмі нешта здарыцца. Двое яго падтрымалі, астатнія былі супраць. Нехта прапаноўваў дывэрсіі на чыгунцы. Але яго не падтрымалі. Прапаноўвалі вырубіць электрычнасьць на „ГроднаАзот“, але іншыя ўдзельнікі канфэрэнцыі сказалі, што гэта нічога ня дасьць. На мой погляд, гэта былі чыста эмоцыі і балбатня», — кажа суразмоўца.

Цяпер у судзе перапынак праз хваробу аднаго з абвінавачаных. Пасьля таго як усе матэрыялы справы агучаць, суд пяройдзе да допыту пацярпелых і абвінавачаных.

Што за «крот» і як ён трапіў у «Рабочы рух»?

У верасьні 2021 году «Рабочы рух» паведаміў, што ў іхную каманду спрабаваў пранікнуць агент спэцслужбаў. Гэта быў 23-гадовы жыхар Гомля, які назваўся Аляксеем, супрацоўнікам прадпрыемства «Гомсельмаш». Ён назваў зьвесткі сапраўднага чалавека, які працаваў на прадпрыемстве. У «Рабочым руху» тады зазначылі, што яны наўмысна «ўпусьцілі «крата», стварылі для стасункаў зь ім асобны закрыты чат.

«Шпіён удзельнічаў у званках, але дакладных зьвестак пра дзейнасьць „Рабочага руху“ ён не атрымліваў», — запэўнівала каманда «Рабочага руху». Насамрэч «крот» быў на zoom-канфэрэнцыях і запісваў іх, што стала вядома на судзе ў Гомлі.

У чэрвені 2022 году ўсплылі іншыя падрабязнасьці пра «крата». Газэта «Наша ніва» пагутарыла з прадстаўніком «Рабочага руху», які паведаміў, што «ў камандзе быў чалавек, які падтрымліваў стасункі з адміністратарамі сеткі чатаў «97%».

Паводле крыніцы выданьня, «чалавек з „Гомсельмашу“ быў на канфэрэнцыях, ведаў у твар актывістаў „Рабочага руху“ і, як потым стала вядома, запісваў размовы».

Нагадаем, што абвінавачаныя ў справе «Рабочага руху» Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандар Капшуль.

Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).

«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG