У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) ацанілі магчымасьць поўнамасштабнага ўдзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны.
Экспэрты ISW у сваім новым аглядзе зьвярнулі ўвагу на апошнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Мінабароны Беларусі Віктара Хрэніна аб высокай рызыцы правакацый з боку Украіны, якія могуць прывесьці да ўзброеных памежных інцыдэнтаў, а таксама на іх рыторыку аб нарастаньні пагроз з боку NATO з прычыны «мілітарызацыі» суседніх дзяржаў.
У справаздачы ISW тлумачацца, што выступы Хрэніна і Лукашэнкі маюць дзьве мэты. Адна зь іх — падтрымка інфармацыйнага фону, які павінен заахвочваць камандаваньне ўкраінскіх сіл захоўваць узмоцненую прысутнасьць на мяжы зь Беларусьсю.
Другая мэта палягае ў апраўданьні нежаданьня ўступаць у актыўныя баявыя дзеяньні супраць Украіны. У ISW працягваюць лічыць, што ўступленьне ў вайну Беларусі вельмі малаверагоднае.
У той жа час, згадваючы NATO, Лукашэнка і Хрэнін спрабуюць пераканаць РФ, што іх вайскоўцы павінны заставацца ў Беларусі для абароны ад выдуманай агрэсіі Альянсу.
На думку ISW, такім чынам беларускія ўлады супрацьстаяць «расейскаму ціску ўступіць у вайну ва Ўкраіне».
Першага сьнежня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб пытаньнях абароны заявіў, што пакуль «атрымліваецца стрымліваць верагоднага суперніка». За дзень да гэтага Віктар Хрэнін у інтэрвію казаў, што павялічваецца колькасьць правакацый на мяжы і яны могуць перарасьці ў памежныя інцыдэнты.