Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч сустрэўся з амэрыканскім акторам Стывэнам Сыгалам. Яны абмяркоўвалі «пэрспэктывы ЭАЭС»


Стывэн Сыгал і Міхаіл Мясьніковіч
Стывэн Сыгал і Міхаіл Мясьніковіч

Старшыня Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч сустрэўся з амэрыканскім акторам Стывенам Сыгалам, якога МЗС Расеі пасьля прарасейскіх заяваў і візытаў у РФ зрабіла сваім спэцыяльным прадстаўніком.

Як паведамляе сайт Эўразійскай эканамічнай камісіі, падчас гутаркі Мясьніковіч расказаў аб асноўных кірунках дзейнасьці Эўразійскай эканамічнай камісіі, пра Эўразійскі эканамічны форум у Бішкеку.

Сыгал падзякаваў Міхаілу Мясьніковічу за цёплы прыём і выказаў гатоўнасьць сустракацца рэгулярна для магчымага садзейнічаньня ў прапрацоўцы ініцыятыў Камісіі, якія маюць узаемную цікавасьць.

У 2016 годзе Пуцін асабіста ўручыў Стывэну Сыгалу пашпарт грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі, а ў 2019 годзе яго прынялі ва Ўсерасейскую грамадзкую арганізацыю «Русское географическое общество». З 2018 году Стывэн — спэцыяльны прадстаўнік МЗС Расеі ў гуманітарных сувязях РФ і ЗША.

У 2016 годзе ён наведаў Беларусь і сустрэўся з тагачасным кіраўніком краіны Лукашэнкам. Апошні пачаставаў яго морквай і двума кавунамі з градкі. Сыгал таксама пабываў у офісе распрацоўніка відэагульняў Wargaming, дзе пагадзіўся стаць гістарычным кансультантам.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем прымаюць у сваёй рэзыдэнцыі Стывэна Сыгала
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем прымаюць у сваёй рэзыдэнцыі Стывэна Сыгала

Сыгал сказаў, што мае карані ў Беларусі, хаця раней сьцьвярджаў, што ягоныя карані ў Расеі ці Ўкраіне (ягоныя дзед і баба па бацькоўскай лініі — габрэі з Санкт-Пецярбургу; дзед, па словах Сыгала, быў «манголам» з будысцкіх раёнаў Расеі; паходжаньне маці, па непацьверджаных зьвестках, ірляндзкае).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG