Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць актора Стывэна Сыгала аднавілі справу аб сэксуальных дамаганьнях


Аляксандар Лукашэнка прымаў Стывэна Сыгала ў сваёй рэзыдэнцыі пад Менскам 24 жніўня 2016 году.
Аляксандар Лукашэнка прымаў Стывэна Сыгала ў сваёй рэзыдэнцыі пад Менскам 24 жніўня 2016 году.

Пракуратура Лос-Анджэлесу аднавіла справу аб дамаганьнях, заведзеную ў дачыненні да актора Стывэна Сыгала, які тыдзень таму атрымаў ў Міністэрстве замежных спраў Расеі пасаду спэцпрадстаўніка па расейска-амерыканскіх гуманітарных сувязях.

У лістападзе 2017 году шэраг акторак абвінавацілі Сыгала ў дамаганьнях, а сёлета ў студзені паліцыя Лос-Анджэлесу пачала расьсьледаваньне.

Акторка Портыя дэ Росі напісала ў твітэры, што падчас спробаў на ролю Сыгал казаў ёй як важна мець правільную «хімію па-за экранам» і расшпіліў прарэх на сваіх скураных штанах.

Акторка Джуліяна Маргуліс у інтэрвію амэрыканскай радыёстанцыі Sirius XM​ расказала, як ў 1990-я гады кінаагентка запрасіла яе прыйсьці да Сыгала ў гатэльны нумар у Нью-Ёрку, нібыта на рэпэтыцыю ролі, паабяцаўшы, што сама будзе там. Але ў нумары быў толькі Сыгал, і ёй давялося крычаць, каб той выпусьціў яе.

Акторка Джэні Маккарці расказала той жа радыёстанцыі, што Сыгал дамагаўся яе падчас спробаў на ролю ў фільме «Ў аблозе 2». Паводле яе, яны былі ўдваіх у пакоі і Сыгал спачатку запрасіў яе прысесьці побач зь ім на канапу, а калі яна адмовілася — прапанаваў ёй цалкам разьдзецца, хоць паводле сцэнару ў фільме не было сцэнаў з аголенасьцю.

Маккарці кажа, што яна зьбегла, а Сыгал дагнаў яе і папярэдзіў, каб яна маўчала пра гэты выпадак. Тым ня менш, акторка расказала гэтую гісторыю часопісу Movieline яшчэ ў 1998 годзе.

Прадстаўнік Сыгала раней абвяргаў гісторыю Маккарці ў інтэрвію выданьню The Daily Beast.

У жніўні 2016 году Стывэн Сыгал сустракаўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам Мікалаем, якія пачаставалі яго морквай і двума кавунамі з градкі. Беларускія СМІ паведамлялі тады, што Сыгал «забраніраваў» сабе цэлы паверх у доме «Пікаса» жылога комплексу «Маяк Менску», што будуецца на паўночным усходзе беларускай сталіцы. Сыгал таксама нібыта сказаў, што мае карані ў Беларусі, хаця раней сьцьвярджаў, што ягоныя карані ў Расеі ці Ўкраіне.

У лістападзе 2016 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін надаў Стывэну Сыгалу расейскае грамадзянства.

Стывэн Сыгал
Стывэн Сыгал

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG