Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Макея, або Чаму ня варта і на хвіліну станавіцца на бок Зла


Уладзімір Макей. Архіўнае фота
Уладзімір Макей. Архіўнае фота

Ва ўзросьце 64 гадоў памёр міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей.

Менавіта Макей быў архітэктарам «мяккай лібэралізацыі» (яе яшчэ называюць «мяккай беларусізацыяй») 2015-2019 гадоў.

Прысьвечаная Васілю Быкаву выстава ў МЗС (з сумесным зь пісьменьнікам фотаздымкам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, між іншым), чытаньне вершаў Купалы там жа, крамы з нацыянальнай сымболікай у Менску і ў іншых гарадах, канцэрты і многае іншае, што сёньня ўспрымаецца як сон. Зь якіх прычын гэта рабілася — можна спрачацца, сёньня гэта ня робіцца і за такое адпраўляюць пад суд.

Мы былі б неаб’ектыўнымі і несумленнымі, калі б выкрасьлілі гэта.

Ведаю, што безь ягонай згоды былі б немагчымыя мае некалькі прыездаў у Беларусь (і беспраблемных выездаў). Пэўна, рэжым вырашаў гэтым свае мэты (чакалі, што ўсьлед за мной прыедзе і Пазьняк — дарэмна), але і я вырашыў свае: мне ўдалося ўратаваць і вывезьці каштоўныя для гісторыі дакумэнты і матэрыялы, зьвязаныя з дзейнасьцю Апазыцыі БНФ у ВС-12. Бяз іх тры мае апошнія кнігі пра Адраджэньне пачатку 90-х былі б немагчымыя. Скажу як ёсьць — удзячны яму за гэта.

Я ня быў зь ліку тых, хто ўскладаў нейкія асаблівыя надзеі на Макея да 2020 году, хаця дапускаў, што ў пэўнай сытуацыі на пэўны час ён мог бы быць тым, пра каго кажуць «пераходная фігура». Як, скажам, Малянкоў пасьля Сталіна (ён, а не Хрушчоў, пачаў дэмантаж сыстэмы — разам зь Берыяй, між іншым). Вельмі часта пасьля тырана прыходзіць паў-тыран ці на чвэрць-тыран; па праўдзе кажучы, у нашых шыротах я ня ведаю іншага прыкладу.

І ўсё ж, як Ельцын перакрэсьліў свае заслугі прызначэньнем пераемнікам Пуціна, гэтак і Макей у 2020 падштурхнуў пад адхон тое, чаму (з тых ці іншых прычынаў ці мэтаў) паспрыяў.

У 2020 ён абраў бок Зла. Магчыма, ён думаў, што гэта не канчатковы выбар — але Бог распарадзіўся гэтак, што ў яго выпадку — канчатковы.

Мы ня ведаем, што будзе з намі праз хвіліну.

Таму ні на хвіліну ня варта станавіцца на бок Зла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG