Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 15 тысяч чалавек зьніклі бязь вестак падчас расейскага нападу на Ўкраіну


Чарга па ваду пасьля расейскіх ракетных абстрэлаў Украіны, лістапад 2022
Чарга па ваду пасьля расейскіх ракетных абстрэлаў Украіны, лістапад 2022

Такія зьвесткі дае Міжнародная камісіі ў пытаньнях зьніклых бязь вестак. Гэтыя лічбы не канчатковыя, толькі ў зруйнаваным Расеяй Марыюпалі маглі зьнікнуць да 25 тысяч чалавек.

Дырэктар Міжнароднай камісіі ў пытаньнях зьніклых бязь вестак (International Commission on Missing Persons, ICMP) Мэт’ю Голідэй заявіў, што падчас вайны ва Ўкраіне прапалі бязь вестак больш за 15 тысяч чалавек.
Паводле яго, невядома, колькі людзей былі гвалтоўна перамешчаныя, утрымліваюцца пад вартай у Расеі, жывыя і разлучаныя са сваімі семʼямі або памерлі і пахаваныя.

«Цяпер галоўнае — зрабіць усе неабходныя захады, каб забясьпечыць ідэнтыфікацыю як мага большай колькасьці чалавек», — цытуе Голідэя Reuters.

Працэс расьсьледаваньня спраў зьніклых бязь вестак ва Ўкраіне працягнецца гадамі, нават пасьля спыненьня баявых дзеяньняў, сказаў Голідэй.

Ён дадаў, што ў адным толькі Марыюпалі, паводле ацэнак улад, загінулі або прапалі бязь вестак 25 тысяч чалавек.

Пераважная большасьць зьніклых бязь вестак і загінулых зьяўляюцца ахвярамі ваенных злачынстваў, таму, адзначыў экспэрт, вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасьці.

«Лічбы вялізныя, і выклікі, зь якімі сутыкаецца Ўкраіна, вялізныя. Акрамя таго, яна вядзе вайну з Расейскай Фэдэрацыяй», — адзначыў чыноўнік.

У ліпені ICMP, якая базуецца ў Гаазе, адкрыла офіс у Кіеве, каб дапамагчы Украіне дакумэнтаваць і шукаць зьніклых без вестак.

Украіна ацэньвае колькасьць зьніклых бязь вестак сваіх грамадзян больш як у чатыры тысячы чалавек. Пра гэта заявіў упаўнаважаны ў пытаньнях асоб, якія прапалі бязь вестак пры асаблівых абставінах, Алег Каценка.
У прыватнасьці, па стане на 30 верасьня ён заявіў, што ва Ўкраіне 4390 чалавек прапалі бязь вестак і знаходзяцца ў вышуку.

Дэпартаваныя дзеці

У сьпісе дэпартаваных і прымусова перамешчаных знаходзяцца 10,5 тысячы дзяцей, кажа дарадца — упаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў правах дзіцяці Дарʼя Герасімчук.

Аднак, паводле яе, дакладную лічбу прымусова вывезеных з Украіны дзяцей вызначыць немагчыма.

Толькі праз партал «Дзеці вайны» паступаюць тысячы паведамленьняў аб прымусовым перамяшчэньні ці дэпартацыі непаўналетніх грамадзян Украіны.

Зрэшты, дакладную лічбу дзяцей, прымусова вывезеных у Расею або на часова акупаваныя тэрыторыі, высьветліць даволі складана, заявіла амбудсмэнка.

Паводле інфармацыі ювэнальнай пракуратуры, па стане на 23 лістапада ад узброенай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 438 дзяцей і больш за 841 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.

Гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі ідзе праца па іх вызначэньні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG