Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 30 да 70 даляраў за барэль. Эўразьвяз вырашае, якой павінна быць «столь» цаны для расейскай нафты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Большасьць краін Эўразьвязу падтрымліваюць увядзеньне верхняй мяжы цаны на расейскую нафту, аднак пакуль ня могуць дамовіцца пра яе памер.

Аб перамовах паведамляюць Bloomberg і Politico са спасылкай на свае крыніцы. Рашэньне маглі прыняць яшчэ 23 лістапада, але яго пакуль няма.

Польшча адхіліла прапанаваныя 65 даляраў за барэль, палічыўшы, што гэта «занадта шчодра» для Масквы. Варшава і краіны Балтыі патрабуюць вызначыць «столь» цаны на расейскую нафту ў 30 даляраў за барэль. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на неназваных дыпляматаў і афіцыйных асоб у ЭЗ.

У той жа час Грэцыя, чыя суднаходная галіна перавозіць шмат нафты, ня хоча апускацца ніжэй за 70 даляраў за барэль, адзначае Bloomberg. Абмеркаваньні працягнуцца. Акрамя гэтага, 24 лістапада пройдзе сустрэча міністраў энэргетыкі ЭЗ, на якой будуць абмяркоўвацца захады ў стрымліваньні цэнаў на прыродны газ.

Напярэдадні выданьне The Wall Street Journal пісала, што ЭЗ абмяркоўвае ўвядзеньне мяжы на расейскія пастаўкі нафты на ўзроўні каля 60–70 даляраў за барэль. Для ўвядзеньня неабходная згода ўсіх краін – сяброў Эўрапейскага зьвязу. Пасьля гэтага, як чакаецца, рашэньне ўхваляць G7 і Аўстралія.

Ідэя ўвядзеньня абмежаваньня цэнаў на закупку расейскай нафты, якая перавозіцца танкерамі, была прапанаваная некалькі месяцаў таму міністрам фінансаў ЗША Джанэт Елен. ЗША, ЭЗ і іншыя ўдзельнікі рынку імкнуцца скараціць расейскія даходы ад продажу нафты, якія лічацца асноўнай крыніцай фінансаваньня вайны супраць Украіны, і адначасова не дапусьціць рэзкага скачку цэнаў на сусьветным нафтавым рынку.

Першапачаткова абмяркоўвалася вызначэньне лімітавай цаны на расейскую нафту ў дыяпазоне 40-60 даляраў за барэль. Затым пазыцыя ЗША памякчэла і разглядаецца «столь», вышэйшая за 60 даляраў за барэль.

Пятага сьнежня ў сілу ўступае восьмы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі, які ўключае ўвядзеньне гранічнай цаны на расейскую нафту, якая перавозіцца танкерамі.

У выпадку няздольнасьці Эўразьвязу дасягнуць дамоўленасьці ўсіх краін аб мяжы цэн імпартаванай расейскай нафты з 5 сьнежня ў сілу павінна ўступіць эўрапейская забарона на фінансаваньне і страхаваньне яе перавозак. Гэта можа, як баіцца Белы дом, прывесьці да рэзкага ўзьлёту сусьветных цэнаў на нафту.

У Маскве ўжо заявілі, што адмовяцца пастаўляць нафту і нафтапрадукты ў краіны, якія ўвядуць «столь» цэнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG