Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля расейскіх нападаў Украіна ініцыявала тэрміновае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Украіна зьвяртаецца ў ААН з просьбай правесьці тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі пасьля сёньняшняга масаванага расейскага абстрэлу, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Я даручыў амбасадару Ўкраіны ў ААН зьвярнуцца з просьбай аб тэрміновым скліканьні Рады Бясьпекі ААН пасьля сёньняшніх расейскіх ракетных удараў. Забойства мірнага насельніцтва, зьнішчэньне крытычнай інфраструктуры — гэта тэрарызм, і Ўкраіна будзе працягваць патрабаваць ад сьвету рашучага адказу на гэтыя злачынствы», — напісаў ён у Twitter.

«Украіну не напалохаюць баязьлівыя бесчалавечныя тэракты расейскіх ваенных злачынцаў!» — дадаў Зяленскі.

Пасьля сёньняшніх нападаў з боку Расейскай Фэдэрацыі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што гэтая «жахлівая тактыка» ня зломіць рашучасьці Ўкраіны і яе партнэраў.

«Мільёны людзей па ўсёй Украіне знаходзіліся ў сховішчах, калі Расея сёньня зноў запусьціла ракеты. Пастаянныя атакі на аб’екты інфраструктуры накіраваныя на тое, каб трымаць мірнае насельніцтва Ўкраіны ў цемры і холадзе. Гэтая жудасная тактыка ня зломіць рашучасьці Ўкраіны і яе партнэраў», — напісаў ён у Twitter.

23 лістапада Расея нанесла чарговы інтэнсіўны ракетны ўдар па Кіеве і іншых населеных пунктах Украіны. Паводле ўладаў, у выніку атакі на Кіеў загінулі тры чалавекі, у тым ліку 17-гадовая дзяўчына. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненьні. Паводле зьвестак паліцыі, усяго загінулі шэсьць чалавек, яшчэ 36 атрымалі раненьні.

Як паведамілі ў Генштабе Ўзброеных сілаў Украіны, удары з боку расейцаў трапілі ў жылыя дамы, ЦЭЦ і падстанцыі ў Кіеве, Кіеўскай, Віньніцкай, Львоўскай і Запароскай абласьцях. Расея выпусьціла па Ўкраіне 70 ракет, большасьць зь іх былі зьбітыя сіламі СПА.

Масква, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, адмаўляе кропкавыя напады на мірных жыхароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG