Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«100 даляраў за адну паездку». Як беларусы цяпер зарабляюць на мяжы


Чарга на беларуска-польскай мяжы. Ілюстратыўнае фота

Самы папулярны від заробку — на «перакідах», аднак людзі возяць і людзей або іхныя рэчы за грошы, зьліваюць дызэль палякам, а таксама зарабляюць на роварным таксі.

«Нацягваць на сябе па 10 апранах ужо не папулярна»

«Нацягваць на сябе па 10 апранах ужо не папулярна. Яны людзей да ковіду адвучылі, калі распраналі „перакідчыкаў“, складалі пратаколы, давалі штрафы», — кажа Мікалай* (імёны герояў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС).

Слоўнічак:

  • «Перакід» — тавар, які вязуць на замову за грошы кліента празь мяжу. Гэта не кантрабанда кшталту схаваных цыгарэт: перавоз адкрыты і легальны, таму ў мытнікаў звычайна не выклікае пытаньняў. Але такі «шэры заробак» можа выклікаць праблемы з падатковай.
  • «Перакідчык» — чалавек, які вязе «перакід».

Мікалай зарабляў на мяжы шмат гадоў, і цяпер застаецца ў тэме памежных заробкаў.

«Аднойчы прапанавалі везьці цэлы мех адзеньня на 12-15 кіляграмаў, дзе было шмат рэчаў, а плацілі за ўсё $8-10. Там няма нават пра што размаўляць», — тлумачыць ён, чаму адзеньне сёньня не карыстаецца попытам у перавозчыкаў.

«У нас жа цяпер дэфіцыт усяго, няма дзе купіць»

Ёсьць некалькі відаў перакідчыкаў, расказвае Мікалай.

Першыя возяць тавар для беларускіх іпэшнікаў: бяруць тавар на польскім рынку і прывозяць у Беларусь. Так можна зарабіць пэўны працэнт ад цаны тавару.

«Людзі зарабляюць на „перакідах“, — перакананая яшчэ адна суразмоўца, Вера. Яна езьдзіць у Польшчу ў асабістых справах, але пры нагодзе зарабляе на гэтым. — Ты бярэш тавар на рынку і вязеш. Мы перавозілі кававарку і электрагрыль, за ўсё нам заплацілі 60 даляраў».

На рынку трэба ведаць адмысловых людзей, якія такім чынам раздаюць тавар. Схемы-паролі перадаюць з вуснаў у вусны.

«У нас жа цяпер дэфіцыт усяго, няма дзе купіць. Мяне дзяўчына прасіла прывезьці лякі для валасоў. Калі нешта і зьяўляецца ў Беларусі, то маленькая бутэлька ляку каштуе 30 рублёў. У Польшчы можна знайсьці ляк менш чым за $2 за бутэльку. Людзі вязуць і прадукты», — працягвае Вера.

За паездку можна зарабіць каля $100

Другі спосаб — самы папулярны, калі чалавек прывозіць рэчы пад замову канкрэтным людзям у Беларусі. Камусьці трэба купіць духоўку, камусьці — каву і шакаляд. Людзі знаходзяць адно аднога ў тэматычных чатах у сацыяльных сетках, прыкладам у Viber. Таксама часта замаўляюць знаёмыя, якія ведаюць, што чалавек «ганяе» ў Польшчу.

Усяго чалавек можа цяпер увозіць з Польшчы ў Беларусь 31 кіляграм, алькаголь сюды не ўваходзіць (з 1 красавіка 2023 году будзе 25 кіляграмаў), тавары на суму да 1000 эўра (з 1 красавіка 2023 году будзе да 500 эўра). Торбы з асабістымі рэчамі хтосьці з мытнікаў улічвае ў агульную вагу, а хтосьці не чапае, тлумачыць Клара, беларуска, якая зарабляе на «перакідах».

З досьведу Мікалая, найбольш выгадна перавозіць любую тэхніку (тэлевізары, кухонныя камбайны), аўтазапчасткі (у тым ліку аўтамабільную аліву), хімічныя сродкі (зубныя пасты, пральныя парашкі), а таксама каву, вітаміны.

На лядоўні можна зарабіць $100-140, на тэлевізары — $140-150 (ёсьць нюанс — тэлевізар чалавек можа правезьці толькі адзін раз на год).

За адну паездку заўсёды можна зарабіць пад $80, лічыць Мікалай, лічбу $70-100 назвала Клара.

«Выгадна перавозіць пральны парашок, каву, мыйныя сродкі, падгузкі, вітаміны, абутак, шкарпэткі, сыр, цукеркі, машынную аліву і запчасткі, печыва, бытавую тэхніку, пральныя машыны, ноўтбукі, пыласосы, тэлевізары, — пералічвае вялізны сьпіс Клара. — Ды ўсё выгадна перавозіць. Што бы ты ні ўзяў, ты заўжды акупіш паездку. І гэта нашмат выгадней, чым было раней, у даковідныя часы».

Шыпучыя вітаміны ў Польшчы каштуюць па 3 злотыя за ўпакоўку (1,5 беларускага рубля). У Беларусі «перакідчыкі» іх прадаюць па 5 рублёў.

«Значыць, у аптэках яны каштуюць яшчэ больш, калі людзі ў нас бяруць. Толькі на адной упакоўцы вітамінаў я магу зарабіць 3,5 рубля. Дык я вазьму іх 10, яны зусім мала месца займаюць і мала важаць», — разважае беларуска.

Набор шкарпэтак з 5-7 пар можна знайсьці за 5 злотых (2,5 рубля) на вядомым рынку на Кавалерыйскай вуліцы ў Беластоку. У Беларусі адну пару «перакідчыкі» прадаюць па 2-3 рублі.

Сыры Hochland у Беларусі каштуюць па 6 рублёў, у Польшчы па 5,7 злотага (менш за 3 рублі), працягвае параўноўваць Клара. Самае простае печыва ў Беларусі каштуе 16 рублёў за кіляграм, у Польшчы печыва з рознымі дадаткамі і ўпрыгажэньнямі, падобнае да маленькіх пірожных, — па 14 злотых (7 рублёў) за кіляграм. Шакалядны крэм Nutella ў Беларусі каштуе 30 рублёў, у Польшчы — 10 рублёў у пераводзе.

Цана на аўтазапчасткі можа адрозьнівацца ў 2 разы (турбіна ў Беларусі каштуе $1200, у Польшчы — $600; машынная аліва ў Беларусі — $100, у Польшчы — $50).

«Цяпер, каб памяняць аліву ў Беларусі, толькі за работу я аддала 86 рублёў, і гэта самае таннае, што я знайшла, „у гаражах“. Раней $50 каштавала ўсё разам: аліва плюс работа», — параўноўвае Клара.

Бытавая тэхніка таксама каштуе прыкладна ў два разы таньней у Польшчы. Шампунь Head & Shoulders у Беларусі каштуе каля 40 рублёў, у Польшчы — каля 15 рублёў у пераводзе.

Раней перавезьці чалавека каштавала $2, цяпер — да $65

Трэці спосаб памежнага заробку — перавезьці людзей на сваім транспарце, іхныя бытавыя рэчы (калі нехта пераяжджае ў Польшчу зь Беларусі), свойскіх жывёлаў.

За ўсю дарогу з чалавека бяруць па 200-300 злотых ($40-65). Ёсьць перавозчыкі рэчаў, якія за сярэдняга памеру валізку або торбу бяруць па 20-30 эўра.

«А раней узяць чалавека на падсадку каштавала $2. Ёсьць жа розьніца», — кажа Клара.

У Польшчу па-ранейшаму вязуць дызэльнае паліва, а вось цыгарэты мала хто рызыкуе

Яшчэ адзін спосаб зарабіць — прывезьці ў Польшчу дызэльнае паліва, якое ў Беларусі прыкладна ў два разы таньней.

Перавозіць можна поўны бак плюс 10 літраў у каністры, але такія нормы дзейнічаюць толькі на кожны трэці дзень. Калі езьдзіць часьцей, то можна ехаць толькі з 10 літрамі. Калі зьліваць паліва палякам проста на дарозе або ў горадзе, можна атрымаць штраф. Таму перавозчыкі паліва звычайна маюць сваіх правераных пакупнікоў.

Суразмоўцы мяркуюць, што везьці нешта ў Польшчу цяпер стала менш папулярна і больш рызыкоўна. Прыкладам, паводле іхных назіраньняў, мала хто цяпер правозіць на сабе цыгарэты, хаваючы ў ніжняй бялізьне ці пад пяткай у абутку.

«Ропу» («дызэльнае паліва» па-польску. — РС) вязуць, але гэта заўжды так было. А вось цыгарэты хіба мала хто рызыкуе, бо штрафы вельмі вялікія і ажно да дэпартацыі можа быць», — расказвае Вера.

Роварнае таксі перавозіць аднаго чалавека за $30

Пяты варыянт заробку — роварнае таксі на мяжы. Зьявіліся людзі, якія на ровары-тандэме перавозяць ахвотных празь мяжу за $30. Гэта лічыцца вельмі высокай цаной, але калі чалавек адзін і ўсе ягоныя рэчы зьмяшчаюцца ў руках, то гэта выйсьце. Праход мяжы можа скараціцца з 1-2 дзён да 30 хвілін. Якім чынам раварысту дазволілі так зарабляць, невядома. Аднак «перакідчыкі» мяркуюць, што гэта мусіць быць нехта «свой», раз яму дазволілі такі бізнэс.

«Такое адчуваньне, што зьверху ёсьць загад не чапаць перакідчыкаў»

Наконт вялікіх чэргаў на мяжы суразмоўцы кажуць, што гэта можа адштурхнуць тых, хто едзе толькі «на закупы» сабе самому, але ня тых, хто зарабляе. Едуць і бюджэтнікі, якія звычайна маюць невысокія заробкі, у свае выходныя, і тыя, каму мяжа дае асноўны прыбытак.

«Цяпер зрабілі вельмі зручнай зону чаканьня. Кіроўца з машынай адзначаецца, атрымлівае нумар чаргі, заяжджае на вялікую паркоўку і сочыць па вялікім экране, калі яго выклічуць. Ня трэба пад’яжджаць на 3 мэтры кожныя паўгадзіны, вельмі зручна. Там ёсьць прыбіральні, душ, кавярня», — расказвае Вера.

«Выгадней ехаць сям’ёй, тады вырастае вага, якую можна правозіць. Сям’я з 4 чалавек можа правезьці 124 кіляграмы. Хтосьці афармляе ваты (цяпер вяртаюць 19% ад цаны тавару), але па ваты трэба вяртацца ў Польшчу — гэта для тых, хто езьдзіць часта», — дадае яна.

Зь ейных словаў, на мяжы вельмі моцна «трасуць».

«Літаральна за 100 грамаў лішняй вагі штрафы па 200 беларускіх рублёў плюс трэба аплаціць размытнёўку. Усё дастаюць: дзяўчына купіла пракладкі, распакавала і паклала ў торбачку, усё дасталі і ўзважылі, прымусілі заплаціць. Але залежыць ад таго, якая зьмена мытнікаў», — працягвае Вера.

У Мікалая іншая думка.

«Такое адчуваньне, што зьверху ёсьць загад не чапаць „перакідчыкаў“, толькі каб яны завозілі ў Беларусь усё неабходнае, каб людзям было дзе купіць гэтыя тавары, каб не было незадавальненьня эканамічнай сытуацыяй. Раней падатковая вылічвала перавозчыкаў па чатах, „душыла“ іх, штрафавала, а цяпер не — чаты працуюць, там што заўгодна можаш знайсьці», — разважае ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG