Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Асуджанага на 15 гадоў Андрэя Паднябеннага будуць судзіць зноў; нафтанаўку Вольгу Брыцікаву перавялі ў СІЗА


Андрэй Паднябенны
Андрэй Паднябенны

Гомельскі абласны суд 25 лістапада ў закрытым рэжыме будзе зноў судзіць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага, які мае расейскае грамадзянства.

Грамадзянін Расеі Андрэй Паднябенны з 6 гадоў жыве ў Беларусі і мае тут дазвол на жыхарства. 30 чэрвеня сёлета Андрэя ўжо асудзілі на 15 гадоў калёніі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 («пашкоджаньне чужой маёмасьці»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»).

Прысуд вынес Анатоль Сотнікаў.

Паднябеннага таксама ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Праваабаронцы паведамляюць, што мужчыну зноў будуць судзіць дадаткова паводле чатырох артыкулаў КК: ч. 1 і 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»).

Справу будзе разглядаць судзьдзя Руслан Царук.

Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА. Меркавана, супраць яе пачалі крымінальную справу

Як стала вядома «Вясьне», старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Мяркуецца, што супраць яе распачалі крымінальную справу, але дакладных зьвестак у праваабаронцаў пакуль няма.

Адзінаццатага лістапада над Вольгай адбыўся другі суд запар за «несанкцыянаванае пікетаваньне». Падставай для пратаколу стаў малюнак «Не — вайне» на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але судзьдзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе на 15 дзён арышту.

Вольга абвясьціла галадаваньне з 8 лістапада. Прычынай стала парушэньне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. Пакуль няма інфармацыі, ці працягвае Вольга галадаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG