Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ўшанаваў памяць загінулых падчас Рэвалюцыі годнасьці. Адной зь першых ахвяраў тады стаў беларус


Уладзімір і Алена Зяленскія ля мэмарыялу герояў Нябеснай сотні. Кіеў, 21 лістапада 2022
Уладзімір і Алена Зяленскія ля мэмарыялу герояў Нябеснай сотні. Кіеў, 21 лістапада 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разам з жонкай Аленай прынесьлі зьнічы памяці да мэмарыялу ў гонар загінулых у часе Рэвалюцыі годнасьці ў 2013-2014 гадоў, якая пачалася ва Ўкраіне пасьля таго, як тагачасны ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч і ягоны ўрад адмовіліся ад эўрапейскай інтэграцыі.

Мэмарыял знаходзіцца на алеі Герояў Нябеснай сотні ў цэнтры Кіева.

Менавіта на гэтай вуліцы ў 2013-2014 годзе загінула шмат удзельнікаў пратэсту ў выніку выкарыстаньня праваахоўнымі органамі зброі.

Партрэт Міхала Жызьнеўскага ( у цэнтры ў верхнім шэрагу) сярод герояй Нябеснай сотні
Партрэт Міхала Жызьнеўскага ( у цэнтры ў верхнім шэрагу) сярод герояй Нябеснай сотні
У Кіеве ўшаноўваюць памяць герояў Нябеснай сотні, загінулых падчас Эўрамайдану
У Кіеве ўшаноўваюць памяць герояў Нябеснай сотні, загінулых падчас Эўрамайдану

У гонар загінулых, якія ўзнагароджаны званьнем Герояў Нябеснай сотні, перайменавалі частку вуліцы Інстытуцкай.

Мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў АТО
Мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў АТО

Раніцай тут адбылася супольная малітва за Ўкраіну і за тых, хто змагаецца за свабоду краіны. У часе масавых акцый пратэсту дзевяць гадоў таму загінула ня менш як 114 грамадзян. Ня толькі ў Кіеве, але й іншых рэгіёнах — на Чаркашчыне, у Запарожжы, Львоўшчыне.

Тады пасьля сутыкненьняў між удзельнікамі акцыі і сілавікамі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 2 394 грамадзяны — столькі выклікаў «хуткай дапамогі» было афіцыйна зарэгістравана ў той час. Але і гэтую лічбу нельга лічыць абсалютнай, бо яшчэ большая колькасьць пацярпелых не зьвярталіся да лекараў, пабойваючыся перасьледу. 738 асоб атрымалі сярэднія ды цяжкія траўмы ад куль, апёкаў і выбухаў: 15 удзельнікаў акцый засталіся без аднаго вока, 8 — без канцавін. Беларуса Міхася Жызьнеўскага не змаглі ўратаваць — куля ад паляўнічай зброі трапіла проста ў сэрца. Такія вынікі 94 дзён супрацьстаяньня.

Мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў АТО
Мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў АТО

Сёньня ва Ўкраіне ўспамінаюць гэтыя падзеі і ўшаноўваюць памяць палеглых. Масавыя пратэсты пачаліся 21 лістапада 2013 году з акцыі, на якую выйшлі ўкраінскія студэнты, пратэстуючы супраць спыненьня тагачаснаю ўладаю эўраінтэграцыі. Студэнцкая акцыя была нешматлюднаю — ніхто не чакаў, што яна выльецца ў вялікі пратэст па ўсёй Украіне, які завершыцца зьменаю ўлады, анэксіяй Крыму і вайною на Данбасе.

Жыцьцё і сьмерць Міхася Жызьнеўскага

Беларус Міхась Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году. Забойца дагэтуль ня знойдзены. У чэрвені 2017 году Міхаілу прысвоілі званьне Героя Ўкраіны, і тады ж прэзыдэнт Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам беларуса.

Асобнага афіцыйнага помніку беларусу ва Ўкраіне няма. У Кіеве пасярод вуліцы Грушэўскага быў створаны стыхійны помнік.

Мэмарыял на месцы гібелі Міхаіла Жызьнеўскага ў Кіеве
Мэмарыял на месцы гібелі Міхаіла Жызьнеўскага ў Кіеве

На невялікім пастамэнце, створаным з дарожнай пліткі, стаіць вялікі фотапартрэт Міхася Жызьнеўскага, абапал якога лунаюць тры сьцягі — бел-чырвона-белы і два чорна-чырвоныя, якія зьяўляюцца сымбалямі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Міхась Жызьнеўскі быў актывістам гэтай арганізацыі.

У лістападзе 2014 году непадалёк ад меркаванага месца гібелі Міхася Жызьнеўскага паставілі мармуровы помнік. Ён знаходзіўся на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Помнік быў створаны і ўсталяваны за кошт ахвяраваньняў грамадзкасьці. На ягонае афіцыйнае адкрыцьцё тады прыехалі бацькі Жызьнеўскага — Ніна Васілеўна і Міхаіл Пятровіч.

Гэтае месца стала сымбалічным для беларусаў — тут праходзілі шматлікія акцыі салідарнасьці і ўшанаваньня памяці Жызьнеўскага, а таксама ўручалі літаратурную прэмію «Воін сьвятла». Прэмія заснаваная ў 2015 годзе і ўручаецца ў дзень народзінаў Міхася Жызьнеўскага ля помніка, пастаўленага ў Кіеве побач зь месцам ягонай гібелі. Ініцыятарам стварэньня літаратурнай прэміі стаў украінскі пісьменьнік Уладзімір Даніленка, які цяпер узначальвае Кіеўскую арганізацыю Саюзу славянскіх пісьменьнікаў Украіны. Гэтую ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

У жніўні 2021 году па рашэньні кіеўскай гарадзкой улады гэты помнік зьнесьлі, а на ягоным месцы паставілі мэмарыяльны комплекс героям-кіеўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Гэты мэмарыял ініцыяваў мэр Кіева Віталь Клічко.

Свабода зьвярнулася да кіеўскай улады з афіцыйным запытам, у якім папрасіла паведаміць месца, куды перанесьлі помнік Герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму і ці плянуецца зносіць стыхійны помнік, які пакуль яшчэ стаіць пасярод вуліцы Грушэўскага. Згодна з украінскім заканадаўствам, улады мусяць адказаць на запыт цягам пяці працоўных дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG