Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніхто не хацеў паміраць. Калі ў Беларусі спыніцца тэрор


Затрыманыя ў адным з менскіх РУУС. 2020 год
Затрыманыя ў адным з менскіх РУУС. 2020 год

Масавы тэрор, які нарастае ў Беларусі, таму і нарастае, што ён — сыстэмны. Хапіла б найменшага збою ў гэтай сыстэме, як тэрор адразу б спыніўся, бо ад аднаго збою спрошчаная да «лысай рызіны» сыстэма можа рухнуць.

Такім збоем непазьбежна стаў бы ўдзел Лукашэнкі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі. Бо такі ўдзел запатрабуе ахвярнасьці, на якую ў Беларусі не гатовы пайсьці ніхто. Няма ў гэтай сытуацыі нічога, за што варта было б аддаць жыцьцё.

Здавалася, б аграмадная махіна з узброеных людзей, судзьдзяў-пракурораў і прапагандысцкай камарыльлі выглядае непарушна і працуе зладжана. Але ўся «ідэалёгія», на якой гэта трымаецца, простая, як язда на ровары: «Крути педали, пока не дали». Вось яны і круцяць. Больш ніякага сэнсу ўва ўсім гэтым тэроры няма. Гэта ўжо даўно не палітыка, а чыстая кінэтыка.

Калі раней рэжым яшчэ дазваляў разнастайнасьць думак і іх суіснаваньне, дык сёньня кожная думка сама па сабе — злачынная. У тым ліку і думка пра адданасьць кіраўніку, бо за ёю — пустата. Адданасьць таксама выглядае падазрона. А вось тых, хто рэальна гатовы аддаць жыцьцё, каб гэтага рэжыму не было, — вялікае мноства і ў Беларусі, і за мяжой.

Вельмі ясную пэрспэктыву малююць беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Ўкраіне — «Мы зойдзем у Беларусь, калі яна возьме непасрэдны ўдзел у вайне».

Тамтэйшыя ўзброеныя беларусы прыйдуць разьбірацца з Лукашэнкам не тады, калі Ўкраіна пераможа, а тады, калі Лукашэнка ўступіць у вайну. Гэта і будзе той самы сыстэмны збой. Не сумняюся, што калі яны прыйдуць, дык па дарозе да Драздоў іх колькасьць павялічыцца шматкроць.

Не сумняюся таксама, што Лукашэнка будзе ўцякаць першым. Рынуцца ў Расею і ўсе ягоныя падначаленыя, бо разумеюць, што месцы сёньняшніх палітзьняволеных адразу ж дастануцца ім.

У колішнім кінабаевіку Вітаўтаса Жалакявічуса «Ніхто не хацеў паміраць» паміраць не хацелі, але былі гатовыя ўсе — адныя за Літву, другія за калхоз. У нашай сёньняшняй сытуацыі, калі мноства беларусаў гатовыя аддаць жыцьцё за Беларусь, за калхоз не захоча паміраць ніхто.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG