Інстытут вывучэньня вайны: цэнтар баявых дзеяньняў ва Ўкраіне цяпер на Данбасе

Украінская артылерыя ў баі, верасень 2022 году
Украінская артылерыя ў баі, верасень 2022 году

Заходнія выведкі і аналітыкі пішуць аб працягу ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне пасьля вызваленьня Херсону.

Выведка Вялікай Брытаніі: Расея абрала цэнтрам Генічаск празь яго недаступнасьць для ўкраінскай артылерыі

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея выбрала Генічаск новым «адміністрацыйным цэнтрам» акупаванае часткі Херсонскай вобласьці празь ягоную недасяжнасьць для ўкраінскай артылерыі і зручныя камунікацыі з Крымам.

Вайсковая выведка канстатуе, што Расея да 12 лістапада завяршыла адвод сваіх сілаў з правага берагу Дняпра ў Херсонскай вобласьці.
У брытанскай выведцы лічаць імаверным, што Расея перадысьлякуе падразьдзелы свайго вайсковага кіраваньня таксама ў Генічаск.

«У Генічаску ёсьць добрыя магчымасьці для каардынацыі дзеяньняў супраць патэнцыйных украінскіх пагрозаў з Херсону і з боку акупаванага Мелітопалю Запароскай вобласьці, а таксама магчымасьць атрымаць падмацаваньне з Крыму. Да таго ж Генічаск па-за зонаю дзеяньня ўкраінскіх артылерыйскіх сыстэмаў, зь якіх нанесеныя значныя страты палявым камандным пунктам [Расеі]», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.

Інстытут вывучэньня вайны: цэнтар баявых дзеяньняў перамясьціўся на Данбас


Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны адзначаюць, што ўкраінскія войскі працягваюць контранаступальную апэрацыю на рубяжы Сватавога і Крамянной у Луганскай вобласьці, а расейскія марна спрабавалі вярнуць пазыцыі на паўночным усходзе Харкаўскай вобласьці.

«Расейскія войскі актывізавалі наступальныя апэрацыі ў Данецкай вобласьці і заявілі, што захапілі тэрыторыю вакол Бахмуту і на паўднёвы захад ад Данецку. Расейскія крыніцы сьцьвярджалі, што ўкраінскія войскі зьдзейсьнілі няўдалы рэйд на Кінбурнскую касу (Мікалаеўская вобласьць)», — паведамляецца ў штодзённай справаздачы інстытуту.

​
XS
SM
MD
LG