Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад гімназій і школ да стадыёнаў і баз алімпійскай падрыхтоўкі. Ва Ўкраіне расейцы пашкодзілі звыш 110 спартовых аб’ектаў


Разбурэньні ў выніку расейскіх абстрэлаў Украіны. Горад Крамянчук
Разбурэньні ў выніку расейскіх абстрэлаў Украіны. Горад Крамянчук

Штодня расейскія войскі абстрэльваюць тэрыторыю Ўкраіны. Пасьля доўгіх заяваў аб тым, што Расея атакуе «выключна вайсковыя аб’екты», захопнікі перасталі хаваць, што адкрыта атакуюць крытычную і цывільную інфраструктуру, у тым ліку спартовую.

Паводле зьвестак Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пацярпелі больш за 110 спартовых аб’ектаў. Гэта інфармацыя на канец лета. На іх рэканструкцыю ўжо патрэбна больш за 160 мільёнаў даляраў. І гэтая лічба працягвае толькі расьці, піша ўкраінскі сайт «Трыбуна».

Найбольшыя разбурэньні зазналі Марыюпаль (толькі дакладна пацьверджаныя міністэрствам 22 аб’екты), Мікалаеў (13) і Харкаў (11).

Акупанты абстрэльвалі як мясцовыя спартовыя залі, так і дзіцяча-юнацкія спартовыя школы, а таксама буйныя стадыёны і комплексы. Напрыклад, цалкам разбураны Трэніровачны цэнтар Фэдэрацыі тэнісу Ўкраіны ў Ірпяні і адзіны крыты лёгкаатлетычны манэж у Марыюпалі, а будынак Дзяржаўнага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па біятлёне ў Чарнігаўскай вобласьці зьнесены практычна да падмурку.

Акрамя абстрэлаў, расейцы пайшлі і на простае барбарства. На стадыёне «Борэкс» у Барадзянцы знарок узаралі на футбольным траўніку літару «V» і пакінулі малюнкі з праслаўленьнем Расеі і абразамі Ўкраіны.

У рамках праекту «Спартовы фронт» журналісты сабралі фатаздымкі пацярпелых аб’ектаў. Яны адзначаюць, што гэта ня ўсе разбурэньні — шмат якія збудаваньні знаходзяцца ў акупацыі і на лініі фронту.

Варта адзначыць, што Ўкраіна ўжо пачала зьбіраць грошы на аднаўленьне спартовай інфраструктуры. Некалькі знакамітых футбольных клюбаў, такія як «Барусія» (Дортмунд), «Мілян», «Рэал Мадрыд», «Шахтар» (Данецк), ужо выдзелілі грошы на адбудову некаторых арэн. Таксама грошы ахвяравалі асобныя футбалісты і бізнэсоўцы. Пры дапамозе самага славутага ўкраінскага гульца найноўшага часу Андрэя Шаўчэнкі будуць аднаўляць стадыён у Ірпяні, у горадзе, які перажыў расейскую акупацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG