Удзел мабілізаваных не дапамог Расеі істотна прасунуцца на ўсходзе Ўкраіны.
Выведка Вялікай Брытаніі: камандаваньне расейскіх войскаў пачалі разгортваць «заградатрады»
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што камандаваньне расейскіх войскаў вырашыла ствараць, так званыя, «загараджальныя атрады» для расстрэлу тых салдат, якія адступаюць або адмаўляюцца ісьці ў наступленьне.
Паводле выведкі, такое рашэньне ўхвалена «з-за нізкага баявога і маральнага духу, а таксама нізкай дысцыпліны і нежаданьня ваяваць».
«Гэтыя падразьдзяленьні пагражаюць страляць у сваіх адступаючых салдат, каб прымусіць наступаць, і выкарыстоўваліся расейскімі войскамі ў папярэдніх канфліктах», — мяркуюць брытанскія выведнікі.
Паводле іх, расейскія генэралы, імаверна, хацелі, каб камандзіры выкарыстоўвалі зброю і супраць дэзэрціраў, у тым ліку, дазволіўшы страляць пасьля папярэджаньня.
Удзел мабілізаваных не дапамог Расеі істотна прасунуцца на ўсходзе
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што Расея растраціла «сьвежы запас мабілізаваных» у наступальных апэрацыях каля Бахмуту і Вуглядару ў Данецкай вобласьці, але істотнага посьпеху не дабілася.
Экспэрты Інстытуту спасылаюцца на расейскія крыніцы, якія таксама прызналі, што хуткасьць прасоўваньня расейцаў у раёне Вуглядару марудная з-за моцнага супраціву Украіны.
«Расейскія войскі, імаверна, мелі б большы посьпех у такіх наступальных апэрацыях, калі б яны дачакаліся дастатковай колькасьці мабілізаваных, што дазволіла б назапасіць сілы і спрабаваць пераадолець украінскую абарону, нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвор’я. Расейскія атакі, якія працягваюцца па цяперашняй схеме, наўрад ці прынясуць дастатковы імпульс, каб аднавіць ініцыятыву на полі бою», — мяркуюць экспэрты ISW.