Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа заведзена незаконна, я буду рэабілітаваны». Лідэрам АГП прысудзілі да 2,5 года турмы


Антаніна Кавалёва, Мікалай Казлоў і Аксана Аляксеева
Антаніна Кавалёва, Мікалай Казлоў і Аксана Аляксеева

Суд Першамайскага раёну Менску вынес выракі траім прадстаўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Першага лістапада ў Менску пачаўся суд над кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым, лідэркай менскай арганізацыі АГП Аксанай Аляксеевай і юрысткай, праваабаронцай Антанінай Кавалёвай. Судзьдзя — Анастасія Кулік. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае Іна Зубко.

Другога лістапада падчас пасяджэньня пракурорка запрасіла для абвінавачаных наступныя тэрміны: Антаніне Кавалёвай — 1 год калёніі, Аксане Аляксеевай — 1,5 года калёніі, Мікалаю Казлову — 2,5 года калёніі.

Трэцяга лістапада вынесьлі прысуды:

  • Мікалаю Казлову — 2,5 года калёніі,
  • Аксане Аляксеевай — 1,5 года калёніі,
  • Антаніне Кавалёвай —1 год калёніі.

Казлова, Аляксееву і Кавалёву затрымалі 27 ліпеня, ад таго часу яны знаходзяцца ў СІЗА № 1. Палітвязьняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў 2020 годзе (арт. 342 КК, «актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Мікалай Казлоў на судзе адзначыў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева — цалкам.

АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партый Беларусі, існуе з 1995 году.

Днямі траім іншым актывістам АГП прысудзілі да трох гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах 2020 году.

Што палітзьняволеныя сказалі ў апошнім слове

Палітзьняволеныя на судовым паседжаньні 2 лістапада выступілі з апошнімі словамі, іх цытуе Праваабарончы цэнтар «Вясна»

Мікалай Казлоў: «Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны»

«Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, і я ведаю дакладна, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле Божых законаў... Я хачу сказаць, і цяпер я гавару цалкам шчыра: я лічу, што справа заведзена незаконна; я лічу, што я пазбаўлены волі незаконна.

У дачыненьні да мяне зьдзяйсьняецца злачынства. Таму што, калі чалавека пазбаўляюць волі незаконна, значыць, у дачыненьні да яго робяць злачынства. І мне гэта не падабаецца, і я спадзяюся, што ўрэшце прафэсійныя якасьці, чалавечыя якасьці возьмуць верх і гэтаму будзе пакладзены канец, таму што з гэтым немагчыма мірыцца. Пры гэтым зьвяртаю ўвагу: у гэтым судзе прагучала некалькі сытуацыі, якія, скажам, сьведчаць пра тое, што ў той час, калі мы гэтыя рэчы, я нават ня ведаю, як гэта назваць, нават адміністрацыйна зь вялікай нацяжкай можна гаварыць пра гэта, паведамілі пра злачынства, якое адбываецца ў ІЧУ, пра катавальныя ўмовы, пра зьбіваньні...

Слухайце, ну ніякай рэакцыі ў дзяржаўнага абвінаваўцы. Вось наагул ніякай. Вось мы абураемся, чаму людзі выйшлі на праезную частку, — і зусім не зьвяртаем увагі на тое, што вакол дзеецца...

Вельмі складана гаварыць пра рэчы, якія выклікаюць абурэньне. Вось мая пазыцыя. Я ня ведаю, пра што прасіць суд, таму што я ведаю з моманту пачатку суду, і з моманту завядзеньня крымінальнай справы я ведаў, што гэта скончыцца пазбаўленьнем волі, таму на гэтым я заканчваю».

Антаніна Кавалёва: «Знаходжаньне ў турме — гэта бяда»

«Хацела прынесьці карысьць грамадзтву, а зараз прапануецца расцэньваць гэта дрэнна. Знаходжаньне ў турме — гэта бяда. Гэта бяда для любога чалавека. Там знайшлі лісты, якія я пісала зьняволеным, і іх адказы. Гэтыя людзі ня ўсе мае знаёмыя, але я разумела, што турма — гэта бяда. Што людзі ў няшчасьці знаходзяцца, і мне хацелася неяк ім дапамагчы, неяк падтрымаць. Сярод усіх народаў, і сярод славянскіх народаў, прынята традыцыя дапамогі зьняволеным.

І я лічу, што мяне павінна гэта характарызаваць станоўча, а не разглядацца як доказ маёй віны. Цяпер, калі я сама трапіла ў гэтую сытуацыю, я разумею, што людзям трэба было яшчэ больш дапамагаць, бо, знаходзячыся ў зьняволеньні, ты трапляеш у сытуацыі, калі ты бездапаможны, а ў некаторых ты залежыш ад самавольства чалавека, які, магчыма, дрэнны чалавек, але які выдатна разумее свае службовыя абавязкі. Ён можа цябе зьняважыць — і яму нічога ня будзе. Я не кажу, што так робяць усе, але так, прынамсі, рабілі супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсьціна. Таму што тыя ўмовы, у якіх я там знаходзілася, я магу расцэньваць толькі як катаваньні. Я ня буду цяпер на іх падрабязна спыняцца.

За час зняволення абвастрыліся ўсе мае захворваньні хранічныя. У мяне артэрыяльная гіпэртэнзія. У мяне за тыдзень да затрыманьня здарыўся гіпэртанічны крыз. Я літаральна напярэдадні затрыманьня здавала апошнія аналізы, каб ісьці на лячэньне. У дзень затрымання мне выклікалі хуткую дапамогу, таму што ў мяне ціск быў 200 з чымсьці на 120. І хуткая папярэджвала, што мяне трэба адразу шпіталізаваць. Але людзі, якія мяне затрымлівалі, не дазволілі. У мяне абвастрыўся гастрыт, а ва ўмовах зьняволеньня няма дыеты. Вылечыць там немагчыма.

Там можна толькі запусьціць сваю хваробу, а, улічваючы мой пэнсійны ўзрост (мне 63 гады), я думаю, што калі мяне зьмясьціць у месцы пазбаўленьня волі на досыць працяглы тэрмін, то атрымліваецца, што я заплачу за тое, у чым мяне абвінавачваюць, гадамі свайго жыцьця. І гэта ўжо незваротна. У мяне вельмі моцна зьнізіўся зрок. У мяне, вядома, павышаецца ціск, бо няма сьвежага паветра, толькі адну гадзіну прагулкі ў дзень, а ў астатні час ты ня можаш нармальна дыхаць і атрымліваць кісларод. У мяне ішэмічная хвароба сэрца. У мяне арытмія, то бок парушэньне рытму, — сэрца часам прапускае ўдар, пачынае неяк нераўнамерна біцца».

Аксана Аляксеева: «Прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыцьцё небясьпецы»

«Я лічу сябе законапаслухмяным грамадзянінам, і я за тое, каб выконваць закон і не парушаць. У будучыні я магу паабяцаць, нават гарантаваць, што я не прыму ўдзелу ў якіх-небудзь акцыях, мерапрыемствах, і наогул не зраблю нічога такога, што парушала б Крымінальны ці Адміністрацыйны кодэксы. Я лічу, што крымінальная адказнасьць за мой удзел у гэтым мерапрыемстве — гэта жудасна, мяне гэта шакуе, мне цяжка пра гэта гаварыць, таму я прашу суд не караць мяне пазбаўленьнем волі.

Таксама я прашу ўлічыць мой стан здароўя. Вось што такое параксізмальная тахікардыя ва ўмовах турмы: на Валадарскага ў мяне быў прыступ і, магчыма, мне хацелі аказаць якасную дапамогу, але ў тых умовах гэта немагчыма. Прыступ ня можа цягнуцца доўга, ён можа быць і паўгадзіны, але кожны раз ён пагаршае стан сэрца. На СІЗА прыступ доўжыўся больш за дзьве гадзіны, бо не адразу выклікалі „хуткую“. Яго немагчыма зьняць у гэтых умовах. Я баюся апынуцца ў такіх умовах, калі мне будзе немагчыма аказаць мэдыцынскую дапамогу. А такія ўмовы ў СІЗА, у дарозе і, вядома, у калёніі. Я згодная прыняць любое пакараньне, але прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыцьцё небясьпецы. Калі я знаходжуся дома, я выклікаю „хуткую“ яшчэ да пачатку прыступу, а ў гэтых умовах гэта немагчыма».

Хто такі Мікалай Казлоў

  • Старшыня АГП Мікалай Казлоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Валожыне, рабіў вайсковую кар’еру, але пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся ў міліцыю. Працаваў старшым упаўнаважаным УУС Цэнтральнага раёну Менску.
Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота
  • Шлях у палітыку для Мікалая Казлова пачаўся, калі ён, несучы службу на выбарчым участку падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе, заўважыў, як члены выбарчай камісіі падкінулі ў выбарчую скрыню стос бюлетэняў. Казлоў напісаў пра гэта рапарт кіраўніцтву, але тое «не заўважыла» ягонага рапарту, тады ён зрабіў заяву для незалежнай прэсы. Неўзабаве яго прымусілі выйсьці ў запас.
  • У Аб’яднаную грамадзянскую партыю ўступіў у 2012 годзе, у 2016-м абраны намесьнікам старшыні партыі. У 2020 годзе абраны старшынём АГП.
  • Падчас выбараў 2020 году ўвайшоў у Каардынацыйную раду, стварэньне якой ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Супраць Каардынацыйнай рады Генэральная пракуратура завяла справу паводле артыкулаў «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы».
  • 21 сьнежня 2020 году Генпракуратура завяла справу на сяброў Каардынацыйнай рады паводле артыкулаў «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
  • Мікалай Казлоў праходзіў сьведкам у справе Каардынацыйнай рады і адмовіўся даць сьледчаму падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. За гэта быў асуджаны на 15 сутак.
  • 6 жніўня 2021 году быў асуджаны на 3 месяцы за разгалошваньне зьвестак аб крымінальнай справе, адбыў пакараньне з 28 сьнежня 2021 да 26 сакавіка 2022 году ў СІЗА-6.
  • Быў ізноў затрыманы 27 ліпеня 2022 году, супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максымальны тэрмін па гэтым артыкуле — 4 гады пазбаўленьня волі.
  • Затрымалі Мікалая Казлова ў Нясьвіжы.

Хто такая Антаніна Кавалёва

  • Антаніна Кавалёва нарадзілася ў 1959 годзе, юрыст, праваабаронца, сябра АГП. Была пасьпяховым прыватным натарыюсам. Але ў 1998 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, якім абавязаў прыватных натарыюсаў «вярнуць у дзяржбюджэт незаконна атрыманую дзяржпошліну», зьмяніўшы праз гэта «задняй датай» умовы працы прыватных натарыюсаў.
Антаніна Кавалёва
Антаніна Кавалёва
  • Каля 20 тысяч даляраў на той момант аказалася вінаватая дзяржаве Антаніна Кавалёва, і яна прыняла рашэньне спыніць дзейнасьць.
  • Працяглы час Антаніна Кавалёва змагалася за правы ўсіх прыватных натарыюсаў, заяўляючы хадайніцтва аб спыненьні вядзеньня сваёй справы, каб урэшце Канстытуцыйны суд разгледзеў указ Лукашэнкі на адпаведнасьць нормам Канстытуцыі.
  • Адмову суду Антаніна Кавалёва расцаніла як абмежаваньне яе права на абарону.
  • У 2002 годзе Антаніна Кавалёва далучылася да Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Узначальвала камісію прававых пытаньняў Нацыянальнага камітэту АГП, была намесьніцай старшыні партыі.
  • «Я заўсёды лічыла сабе больш дысыдэнтам, чым палітыкам, бо для мяне маральная пазыцыя важнейшая за палітычную мэтазгоднасьць. АГП як лібэральная партыя ставіць правы і свабоды чалавека вышэй за інтарэсы дзяржавы. Гэта запісана ў Статуце партыі і супадае з маёй пазыцыяй як грамадзянкі і юрыста», — заяўляла яна.
  • Антаніна Кавалёва была затрымана разам з кіраўніцтвам партыі 27 ліпеня 2022 году, знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску, абвінавачваецца паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Хто такая Аксана Аляксеева

  • Аксана Аляксеева нарадзілася ў 1971 годзе, журналістка, працавала ў газэце «Свободные новости».
  • Кіраўніца Менскай гарадзкой арганізацыі АГП.
Аксана Аляксеева (справа), архіўнае фота
Аксана Аляксеева (справа), архіўнае фота
  • 27 ліпеня 2022 году яе затрымалі, узламаўшы дзьверы ў кватэру.
  • Ёй выставілі абвінавачваньні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
  • Месца зьняволеньня: СІЗА-1 Менску.
  • У Аксаны Аляксеевай хворае сэрца, ёй трэба пастаянна прымаць лекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG