Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Частка „Пагоні“ на перадавой, зь іншымі добраахвотніцкімі структурамі мы супрацоўнічаем». Камэнтар прадстаўніка «Пагоні» да апошніх навінаў


За выходныя ў тэлеграм-каналах і СМІ зьявілася шэраг супярэчлівых публікацый, у якіх фігуравала падразьдзяленьне «Пагоня». У публікацыях згадваліся «агенты КДБ», «агенты штабу», СБУ і пераход беларускіх падразьдзяленьняў у іншыя вайсковыя структуры.

Свабода зьвязалася з прадстаўніком падразьдзяленьня «Пагоня» з пазыўным «Нэд», каб высьветліць спрэчныя моманты.

— Адразу дзьве навіны скалыхнулі беларускую тэлеграм-прастору. Першая — што аэравыведка «Пагоні» далучылася да палку Каліноўскага. Другая — дэпартацыя двух байцоў аэравыведкі, якія не прайшлі праверку СБУ. Што здарылася?

— Тое, што аэравыведка будзе працаваць з палком Каліноўскага — мы так вырашылі. Таму што ў «каліноўцаў» ёсьць вайсковая структура, даволі добрыя курсы для навучаньня. Пакуль яны будуць працаваць зь імі. Наогул адпачатку мы плянавалі, што байцы «Пагоні» будуць служыць у розных вайсковых структурах, частках, каб мець розны вайсковы досьвед. Нашы байцы адпачатку служаць у розных вайсковых структурах, у тым ліку супрацоўнічаюць і з батальёнам «Тэрор».

Што тычыцца двух байцоў, то яны сапраўды не прайшлі праверку СБУ. Зь імі ўсё добра, наколькі я ведаю. Яны ўжо пакінулі Ўкраіну. Запісваючы відэа, яны ні з кім не дамаўляліся, гэта была іх асабістая ініцыятыва. Сапраўды, мы ўсе праходзілі праверкі СБУ і паліграф. Раней гэты працэс ішоў хутчэй. Цяпер і да двух месяцаў могуць правяраць, як здарылася ў выпадку з гэтымі двума хлопцамі. Мы іх правяралі першапачаткова ў Варшаве. Але мы ня маем паліграфу. СБУ праводзіць сваю праверку. Здаецца, хлопцы трапілі пад уплыў Мікалая Сікорскага.

— Дарэчы, хто гэты чалавек? Ён называе сябе камандзірам роты «Пагоні».

— Ён не зьяўляецца камандзірам роты «Пагоні». Я асабіста зь ім не знаёмы. Толькі некалькі разоў тэлефанаваў яму. Ён супрацоўнічаў з «Пагоняй» як валянтэр, дапамагаў нам, у тым ліку парадамі, сувязямі. Я ня ведаю, чаму ён прадставіўся камандзірам. Ён ні з кім не ўзгадняў свой «выступ». Мы зь ім будзем размаўляць, высьвятляць ягоную пазыцыю.

— Сёньня на тэлеграм-канале, зьвязаным з батальёнам «Тэрор» зьявілася паведамленьне, што «два батальёны — выведкі і штурму — палку «Пагоня» далучыліся да дывізіі «Тэрор». Гэта як разумець?

— Па-першае, дывізія — гэта тысячы чалавек. Наўрад ці столькі ёсьць у «Тэрора». Па-другое, нашы байцы даўно супрацоўнічаюць з «Тэрорам». Гэтае паведамленьне часткова праўдзівае. Часткова ж яно жартаўлівае хутчэй. Можа быць, толькі цяпер заявілі, што «нашы» працуюць зь «імі», бо байцы прайшлі баявое хрышчэньне і атрымалі шэўроны «Тэрору». Так было ў нас, у інтэрнацыянальнай брыгадзе імя Івана Багуна, дзе мы служым. Наогул гэта не пераход у іншае падразьдзяленьне, а такая «праграма абмену». Можа, мы да сябе некалькі іх чалавек возьмем па «праграме абмену».

— Дык што з падразьдзяленьнем «Пагоня»?

— З намі ўсё добра. Падразьдзяленьне ваюе, выконвае баявыя задачы, у тым ліку на «нулі». Мы ваюем у розных структурах, каб, я паўтаруся, мець розны вайсковы досьвед. Напрыклад, мінамётчыкі маюць добрую падрыхтоўку ў «Тэроры». Мы ў сваёй брыгадзе ня можам гэта забясьпечыць. Мы са ўсімі беларускімі добраахвотніцкімі структурамі і іх кіраўніцтвам у нармальных стасунках.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG