Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я фатаграфавала горад, нібыта шпіёніла за ім». Пра паэтычны фотаальбом Юліі Цімафеевай


Менск. Фота Юліі Цімафеевай (фрагмэнт)
Менск. Фота Юліі Цімафеевай (фрагмэнт)

Гэтая двумоўная кніжка выйшла ў невялікім нямецкім выдавецтве Edition frölich у сэрыі «літаратурных фотаальбомаў», якую гэтае выдавецтва, заснаванае ў 2014 годзе, запусьціла нейкі час таму.

Julia Cimafiejeva. «Minsk, die Stadt, die ich vermisse / Мінск, горад, якога мне не стае». Fotografie. Gedichte / Фатаграфія. Вершы. edition frölich, 2022. 104 стар.

«Гэта была ідэя выдавачкі Рэгеліндыс Вэстфаль (Regelindis Westphal), якая сказала: мне падабаюцца твае фота, давай зробім кнігу, — расказвала мне Юлія Цімафеева падчас нашай нядаўняй сустрэчы ў польскім Уроцлаве. — У іх такая сэрыя выходзіць, перад маёй кнігай яны ў гэтай сэрыі выдалі кнігу ўкраінскай фатографкі, „Der Weg nach Combray“, з тэкстамі Марсэля Пруста».

Вярнуўшыся з Уроцлава і пачытаўшы кнігу Юліі Цімафеевай, я адкрыў інтэрнэтную старонку edition frölich. Вось як яны вызначаюць свой профіль: «На першым пляне выдавецкай праграмы — выданьні культурна-гістарычнай і актуальнай культурнай тэматыкі, а таксама кнігі з акцэнтам на фатаграфію. Адметная рыса выданьняў edition frölich — дбайны друк і макетаваньне, дапасаванае да зьместу».

Так яно ёсьць і ў паэтычным фотаальбоме пра Менск — дбайны друк і макетаваньне, дапасаванае да зьместу.

Усе, хто бачыў раней фатаграфіі Юліі Цімафеевай, без сумневу распазнаюць яе арыгінальны стыль і ў здымках, зьмешчаных у кнізе «Мінск, горад, якога мне не стае». Мэлянхолія пустой прасторы — гэта адно зь першых уражаньняў, якое ўзьнікае пры разглядзе гэтага альбому. У гэтай мэлянхоліі менскія пэйзажы Цімафеевай нагадалі мне «мэлянхалічна-бязьлюдныя» карціны Джорджа дэ Кірыка. Сама фатографка ў кнізе так тлумачыць сваё візуальнае ўпадабаньне:

«Пустата, якую часьцей тут завуць чысьцінёй, гэта першае, што я заўважыла, калі вярнулася з Парыжу ў Менск. Забаўна было параўноўваць тыя два гарады, што, здавалася, знаходзіліся далей адзін ад аднаго, чым абодва зь іх ад Нью-Ёрку. Але розьніцы ў здымках, што ў мяне атрымліваліся, прымусілі задумацца і прыгледзецца, што ня так. Чаму я магла скіраваць камэру на звычайную кучу сьмецьця на парыскай вуліцы і ўхапіць яе? І чаму месца, на якое я нацэльвалася ў Менску, аказвалася пустым і чыстым на фатаздымку? Чаго мне тут не ставала?»

Фота Юліі Цімафеевай
Фота Юліі Цімафеевай

Тэкст, які я толькі што працытаваў, — адзін зь дзевяці, напісаных Юліяй адмыслова для гэтай нямецкай кнігі. Як сказала мне аўтарка ва Ўроцлаве, яна напісала гэтыя тэксты — якія тлумачаць менскую «тапаграфію» з «тапанімікай» заходняму чытачу — па-ангельску, у выдавецтве іх пераклалі на нямецкую, а яна пераклала іх з ангельскай на беларускую для кнігі. Нямецкая і беларуская вэрсіі гэтых тэкстаў пададзеныя ў кнізе ў «драматызаваным выглядзе» (то бок з разьбіўкай на вершаваныя радкі; я прыводжу цытату ў «празаічным выглядзе»).

Акрамя гэтых тэкстаў, у кнізе знойдзем «менскія вершы» Юліі Цімафеевай, напісаныя ёй раней і перакладзеныя Тынай Вюншман і Томасам Вайлерам. Напрыклад, такі, прысьвечаны «першаму спатканьню» з праспэктам Скарыны:

Я помню цябе такім —
шырокім, гарачым.
На загарэлай скуры асфальту
пабліскваў дарослы пот,
ірдзелі гульлівым блакітам
квадратныя вочы
будынкаў.

Ты пах бэнзінам і сьпёкай.
Ты пах свабодай.
Сваёй і маёй.

Жанчыны ў чырвоных сукенках,
жанчыны ў белым,
жанчыны на тонкіх абцасах лета
ўпіваліся ў цябе й казыталі
голымі пальцамі ў басаножках.
(…)

(«Першае спатканьне»)

Фота Юліі Цімафеевай
Фота Юліі Цімафеевай

Або такі, прысьвечаны менскай Камароўцы:

(…)
Камароўка, ты сэрца гэтага гораду
сьвежае мокрае сіне-чырвонае
сінія фартухі велічных малочніц
чырвоныя — каралеваў
мясных астравоў
белыя прожылкі грэбляў
сырных уладарак
ты ўся ў вечным руху
хуткія рукі тваіх гаспадыняў
шпаркія крокі пакупнікоў
пад купалам пад навесам
ты ўся жаданьне
ты ўся трымценьне
(…)

(«Сэрца-Камароўка»)

Фота Юліі Цімафеевай
Фота Юліі Цімафеевай

Ёсьць, вядома, і здымак з Камароўкі — адзін зь нешматлікіх, дзе відаць людзей, так бы мовіць, занятых рэальным жыцьцём. На іншых, на якіх угледзім чалавечыя постаці, людзі паказаныя як гарадзкія цені або прывіды. А на большасьці фатаграфій, як на гэтай вышэй, з парку Чалюскінцаў, людзей няма:

якім тужлівым падаецца сьвет
калі ў туман
па сьнезе
іду праз сакавіцкі
парк
(…)

(«Парк Чалюскінцаў»)

Здымкі для кнігі «Мінск, горад, якога мне не стае» былі зробленыя ў 2016–2020 гг. Ёсьць некалькі з пэрыяду пратэстаў 2020-га, пасьля якіх фатографка зьехала зь Беларусі. Яшчэ раз працытую паэтку і адно зь яе «тлумачэньняў» для чытача/гледача:

«Я фатаграфавала горад, нібыта шпіёніла за ім. А шпіёнку могуць у любы момант выкрыць. Я амаль перастала шпіёніць, калі пачалася рэвалюцыя. Пасьля ўсіх гэтых маршаў, што запоўнілі некалі абыякавыя вуліцы, пасьля зьбітых і захопленых гараджан, Менск стаў яшчэ больш блізкім мне і пры гэтым яшчэ больш небясьпечным».

«Minsk, die Stadt, die ich vermisse / Мінск, горад, якога мне не стае» — эстэтычна яскравая кніга, якая ўносіць важкі ўклад у пабудову «сучаснай міталёгіі» Менску ў эўрапейскай культурнай сьвядомасьці.

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG