Рада Эўразьвязу зацьвердзіла санкцыі ў дачыненьні да Ірану за пастаўку дронаў у Расею

Рэшткі бесьпілотнікаў, якія маюць расейскую назву «Герань-2», аднак, на думку экспэртаў, зьяўляюцца прадукцыяй іранскай вытворчасьці
Рэшткі бесьпілотнікаў, якія маюць расейскую назву «Герань-2», аднак, на думку экспэртаў, зьяўляюцца прадукцыяй іранскай вытворчасьці

Раней агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы заявіла, што ў санкцыйныя сьпісы ўнесены тры іранскія генэралы і вытворца дронаў, карпарацыя Shahed Aviation Industries.

Рада ЭЗ зацьвердзіла санкцыі супраць Ірану за пастаўкі бесьпілётнікаў, якія нанесьлі ўдары па Ўкраіне, паведаміла ў Twitter старшынства Чэхіі ў Радзе.

«Санкцыі да Ірану ў рэкордна кароткія тэрміны! Пасьля трохдзённых перамоваў паслы ЭЗ дамовіліся аб мерах супраць арганізацый, якія пастаўляюць іранскія бесьпілётнікі, якія нанесьлі ўдары па Ўкраіне. Пісьмовая працэдура завершана, санкцыі ўступаюць у сілу сёньня ўдзень, пасьля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЭЗ», — гаворыцца ў паведамленьні.

Чэскі бок дадае, што «краіны ЭЗ вырашылі замарозіць актывы трох фізычных асоб і адной юрыдычнай асобы, адказных за пастаўкі дронаў», таксама паведамляецца аб гатоўнасьці ЭЗ пашырыць санкцыі яшчэ ў дачыненьні да чатырох іранскіх арганізацый, якія ўжо фігуравалі ў папярэднім сьпісе санкцый.

Раней агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы заявіла, што ў санкцыйныя сьпісы ўнесены тры іранскія генэралы, у тым ліку брыгадны генэрал Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Саід Агхаджані, на якога раней наклалі санкцыі ЗША (ён, як паведамляецца, адказвае за іранскую праграму разьвіцьця баявой бесьпілётнай авіяцыі). Таксама, як паведамляецца, пад санкцыі падпадзе вытворца дронаў, карпарацыя Shahed Aviation Industries.

Расейскі чыноўнік прагаварыўся

Дырэктар Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналёгій і сябра Грамадзкай рады пры Мінабароны РФ Руслан Пухаў у эфіры праграмы «Што гэта значыць» на расейскім тэлеканале РБК, папрасіў не казаць пра іранскія дроны, паколькі ўлады краіны не прызнаюць іх пастаўкі.

Пухаў думаў, што мікрафон выключаны і яго не чуваць. Увагу на гэта зьвярнула журналістка Арына Барадзіна.

«Моцна лодку разгойдваць ня будзем, таму я вельмі вас прашу моцна на гэтых іранскіх [дронах]... Таму што гэта клясыка гісторыі, дупа ёсьць, а слова няма. Мы ўсе ведаем, што яны іранскія, але ўлады не прызнаюць», – сказаў Пухаў падчас эфіру.

Ва Ўкраіне і заходніх краінах заявілі, што Расея выкарыстоўвае ў вайне робат-дромы-камікадзэ Shahed-136 іранскай вытворчасьці. У Расеі гэтыя беспілотнікі называюць «Герань-2» і адмаўляюць іх іранскае паходжаньне.

​
XS
SM
MD
LG