«Ахмат, Элі і Адам прабраліся ўшчыльную да пазыцый суперніка і забясьпечылі агнявое прыкрыцьцё надыходзячым байцам. Таксама, карыстаючыся выпадкам, яны зьвярнуліся да чачэнамоўных шайтанаў з прапановай выйсьці на перадавую і даказаць сваю прыхільнасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў у баі», — напісаў Рамзан Кадыраў.
Ён таксама апублікаваў відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, яго сыны Ахмат, Элі (Зелімхан) і Адам зьнятыя на фронце — на «лініі судотыку, дзе на гэты момант ідуць лютыя баі з украінскімі нацыяналістамі». На відэа юнакі ў вайсковай форме, седзячы ў акопе ў кустах, страляюць па цэлях. Дзе зьнята гэта відэа — невядома. На працягу трох хвілін ідзе страляніна, за кадрам гавораць па-чачэнску.
Відавочна, допіс Кадырава зьвернуты да Батальёна Шэйха Мансура і ўсіх чачэнцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны. Зь іх боку неаднаразова гаварылася аб тым, што яны лічаць Кадырава кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Ічкерыі, цалкам залежным ад Пуціна і Масквы. Так званыя «атрады Кадырава» байцы чачэнскага супраціву называюць «TikTok-байцамі». Чачэнскія ваяры заяўлялі аб сваім намеры пасьля ўкраінскай вайны і перамогі над «кадыраўцамі» адправіцца на радзіму і «вызваліць Ічкерыю ад расейскай акупацыі». Многія зь іх маюць досьвед войнаў за незалежнасьць Чачэніі ў 90-я гады.
Рамзана Кадырава і ягоных падначаленых неаднаразова лавілі на хлусьлівай інфармацыі падчас вайны. Напрыклад, адзін са здымкаў ягоных байцоў быў падпісаны як зроблены ва Ўкраіне, а насамрэч — у беларускім Мазыры. Кіраўнік ураду Ічкерыі ў выгнаньні Ахмед Закаеў пракамэнтаваў відэа з Грознага зь некалькімі тысячамі «добраахвотнікаў», як іх назваў Кадыраў. На думку Закаева і шэрагу чачэнскіх апазыцыйных блогераў, на відэа былі й выпадковыя людзі, бюджэтнікі, апранутыя «дзеля карцінкі» ў васковую форму.
Таксама Кадыраў з паплечнікамі здымаў на пачатку вайны відэа нібыта з пазыцый, блізкіх да Кіева, абяцаючы хутка ўзяць украінскую сталіцу. Аднак не знайшлося ніякіх пацьверджаньняў рэальнага знаходжаньня Кадырава блізка да лініі фронту.
Нават калі апошняе відэа Кадырава праўдзівае і сапраўды яго сыны ўдзельнічаюць у вайне, гэта наўпрост парушае афіцыйныя расейскія законы і Канвэнцыю ААН па правах дзіцяці. Па-першае, у такім выпадку яны ў непаўналетнім узросьце карыстаюцца зброяй, а па-другое, паводле Канвэнцыі ўдзел у вайне дзяцей, маладзейшых за 15 гадоў лічыцца грубым парушэньнем іх правоў.
Ва Ўкраіне на Рамзана Кадырава завялі крымінальную справу за ўдзел у арганізацыі ваеннага ўварваньня Расеі на яе тэрыторыю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.