Менавіта ў сувязі з гэтым украінскія ўлады не выключаюць, што Расея яшчэ больш павялічыць колькасьць абстрэлаў украінскіх мірных гарадоў і пазыцый на лініі фронту, таму заклікаюць грамадзян да пільнасьці і выкананьня ўсіх патрабаваньняў паветранай трывогі.
На захадзе Ўкраіны ад абстрэлу пацярпела вайсковая частка
Увечары 13 кастрычніка паветраная трывога прагучала па ўсёй Украіне. З Чорнага мора Расея запусьціла некалькі ракет, якія, як сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы, некалькі разоў мянялі кірунак палёту, каб супрацьпаветраныя сілы не змаглі іх зьбіць.
У Львоўскай вобласьці з шасьці выпушчаных ракет украінскія войскі зьбілі чатыры. Але дзьве дасягнулі мэты — зьнішчылі вайсковы аб’ект, па якім раней ужо наносіліся ўдары. Мясцовыя ўлады кажуць, што пацярпелых і ахвяр няма.
З 10 кастрычніка, калі Расея пачала інтэнсіўна абстрэльваць Украіну, у Львоўскай вобласьці пацярпелі чатыры электрападстанцыі, таму ў рэгіёне ёсьць праблемы са стабільным энэргазабесьпячэньнем.
Запарожжа сёмую раніцу запар прачынаецца ад абстрэлаў
Расейцы ўжо тыдзень абстрэльваюць Запарожжа — гэта адзіны абласны цэнтар, які застаецца пад кантролем Украіны з тых чатырох рэгіёнаў, якія Расея анэксавала на падставе псэўдарэфэрэндумаў.
Раніцай 14 кастрычніка тры ракеты С-300 пашкодзілі чарговыя інфраструктурныя аб’екты. Улады сьцьвярджаюць, што сярод мірных грамадзян пацярпелых і ахвяр няма.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў лічыць, што ракеты С-300 савецкай вытворчасьці цяпер застаюцца для Расеі галоўнай зброяй.
На пытаньне журналіста радыё «Новое время», ці блізкі той час, калі ў Расеі скончацца ракеты, сакратар РНБА адказаў: «Гэты час ужо набліжаецца. Наша выведка працуе бездакорна. Мы ведаем з матэматычнай хібнасьцю колькасьць ракет, якія засталіся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Вядзецца пра высокадакладныя, якія для нас зьяўляюцца найбольшым клопатам».
«Я ня маю права называць абсалютныя лічбы. Але калі браць адсоткі, то гаворка пра тое, што засталося 25–28% ад агульнай колькасьці, якая была ў іх на 24 лютага», — дадаў Аляксей Данілаў.
Ад пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіне загінулі 423 дзіцяці
У Мікалаеве, які таксама пад шчыльным абстрэлам Расеі, лекары не змаглі ўратаваць 11-гадовага хлопчыка, які напярэдадні 6 гадзін праляжаў пад заваламі зьнішчанага расейскай ракетай жылога дома.
Хлопчык стаў 423-й ахвярай расейскай поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Але праваахоўныя органы заяўляюць, што гэта недакладныя лічбы, бо дагэтуль шмат населеных пунктаў застаецца пад акупацыяй і адтуль немагчыма атрымаць аб’ектыўную інфармацыю.
У ноч на 14 кастрычніка расейцы зноў абстралялі Мікалаеў з установак С-300. З «Градаў», артылерыі і дронаў ракеты ляцелі ў Днепрапятроўскую вобласьць. Раненьні атрымаў адзін чалавек, пашкоджаны жылыя будынкі, водаправод і лінія электраперадач.
З артылерыі і мінамётаў расейцы абстралялі Сумскую вобласьць. Пад пастаяннай атакай населеныя пункты Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей.
Улады заявілі, што ў выніку абстрэлаў 13 кастрычніка ва Ўкраіне загінулі 8 грамадзян і яшчэ 26 атрымалі раненьні.
Расея павялічыла сваю прысутнасьць у Чорным моры
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што Расея павялічыла ў Чорным моры колькасьць караблёў да 15 адзінак.
«На баявым дзяжурстве тры носьбіты „Калібраў“, сярод якіх адзін падводны. Агулам на іх знаходзіцца да 20 ракет», — паведаміў сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.