Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СNN: Кампанія Маска адмаўляецца фінансаваць паслугі Starlink ва Ўкраіне

 Ілан Маск
Ілан Маск

Кампанія SpaceX амэрыканскага мільярдэра Ілана Маска заявіла, што больш ня можа фінансаваць сэрвіс спадарожнікавай сувязі ва Ўкраіне ў ранейшым аб'ёме і прапанавала Пэнтагону ўзяць выдаткі на сябе. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на ліст SpaceX абароннаму ведамству.

CNN адзначае, што кампанія Маска заявіла ў лісьце, што «больш ня можа працягваць фінансаваць сэрвіс Starlink, як гэта было раней».

У лісьце таксама зьмяшчаецца просьба да Пэнтагону ўзяць на сябе фінансаваньне ўрадавага і ваеннага выкарыстаньня Ўкраінай сыстэмы Starlink, якая, паводле сьцьвярджэньня SpaceX, будзе каштаваць звыш 120 млн даляраў да канца года і можа абыходзіцца ў каля 400 млн даляраў на працягу наступных 12 месяцаў.

«Мы ня ў стане ў далейшым дарыць тэрміналы Ўкраіне або фінансаваць існуючыя тэрміналы на працягу няпэўнага пэрыяду часу», — напісаў у лісьце да Пэнтагону дырэктар у дзяржаўных продажах SpaceX.

Сярод дакумэнтаў SpaceX, накіраваных у Пэнтагон, як адзначае CNN, ёсьць прамы запыт, зроблены Маску ў ліпені галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Ўкраіны Валерыем Залужным, аб перадачы яшчэ амаль 8000 тэрміналаў Starlink.

Выданьне нагадвае, што на гэты дзень Украіне было перададзена каля 20 тысяч адзінак спадарожнікавай сувязі Starlink, пры гэтым Маск напісаў у пятніцу ў Твітары, што «апэрацыя абышлася SpaceX у 80 мільёнаў даляраў і перавысіць 100 мільёнаў даляраў да канца году».

Як паведамляе CNN са спасылкай на свае крыніцы, ужо зараз адзначаюцца шырокамаштабныя перабоі ў працы Starlink падчас украінскага контранаступу на поўдні і ўсходзе краіны.

Па словах суразмоўцы выданьня, паломкі паўплывалі на спробы ўкраінцаў прарваць фронт, бо Starlink — гэта асноўны спосаб сувязі падразьдзяленьняў на поле бою.

Ілон Маск падаў Украіне Starlink ужо 28 лютага, пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, пастаўкі станцыі спадарожнікавага інтэрнэту працягнуліся і пазьней.

Пасьля пачатку вайны Ілан Маск выказаў падтрымку Ўкраіне. Пры гэтым ён выказаў спачуваньне «вялікаму народу Расеі, які гэтага (вайны Расеі супраць Украіны — РС) ня хоча».

Нядаўна амэрыканскі мільярдэр апублікаваў у сваім Twitter допіс, у якім прапанаваў варыянт вырашэньня канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай, вынікам якога, на яго думку, павінна стаць далучэньне Крыму да РФ, а таксама, магчыма, іншых украінскіх рэгіёнаў.

Маск заявіў, што працягвае падтрымліваць Украіну, але выступае супраць «шырокамаштабнай эскаляцыі» вайны.

«Я па-ранейшаму вельмі падтрымліваю Ўкраіну, але я перакананы, што маштабная эскаляцыя вайны нанясе вялікую шкоду Ўкраіне і, магчыма, сьвету», — напісаў Маск у твітэры ў адказ на паведамленьне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Пасьля гэтага допісу прадпрымальнік сутыкнуўся з масавай крытыкай карыстальнікаў сацсеткі і афіцыйных асобаў як Украіны, так і іншых дзяржаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG