Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі народ і Зяленскі намінаваныя на прэмію Сахарава


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

«Мужны народ Украіны» і ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі — сярод прэтэндэнтаў на прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава, галоўнай узнагароды Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека.

Сьпіс намінаваных на прэмію Эўрапарлямэнт абвясьціў 12 кастрычніка. Яны вылучаныя фракцыямі і групамі дэпутатаў. Зяленскі і грамадзяне Ўкраіны атрымалі адразу некалькі намінацый з крыху рознымі фармулёўкамі. Дэпутаты адзначаюць адвагу ўкраінцаў перад абліччам расейскай агрэсіі і іх прыхільнасьць эўрапейскім каштоўнасьцям.

Кандыдатуру прэзыдэнта Ўкраіны вылучыла фракцыя Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, назваўшы Зяленскага «тварам украінскага народу».

Найбуйнейшая фракцыя Эўрапейскай народнай партыі прапанавала прысудзіць прэмію «адважнаму народу Ўкраіны», прадстаўленаму Ўладзімерам Зяленскім. Дзьве іншых партыі, якія ўваходзяць у сфармаваную кааліцыю — «Абнаўляючы Эўропу» і «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў» — намінавалі «народ Украіны», а ў якасьці яго прадстаўнікоў назвалі шэраг арганізацый і людзей, у тым ліку Дзяржаўную службу па надзвычайных сытуацыях, парамэдыка Юлію Паеўскую (Тайру), Івана Фёдарава, былога мэра Мэлітопалю да расейскай акупацыі, і іншых.

Сярод намінаваных іншымі палітычнымі сіламі таксама заснавальнік WikiLeaks, які знаходзіцца ў брытанскай турме, Джуліян Асанж, Калюмбійская камісія па выяўленьню ісьціны, бразыльская актывістка Соня Гуажажара і журналістка тэлеканала Al Jazeera Шырын Абу Акле, забітая на Заходнім беразе Ярдану.

Ляўрэат будзе аб’яўлены 19 кастрычніка, цырымонія ўзнагароджаньня пройдзе 14 сьнежня. У мінулым годзе ляўрэатам прэміі быў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, які знаходзіцца ў калёніі. Узнагароду ў Страсбуры атрымалі ягоныя паплечнікі і дачка.

  • У розныя гады прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай Радай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG