Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палепшыць жыцьцё ўцекачам? Для гэтага трэба прыбраць адсюль Чырвоны Крыж». Беларусы сем месяцаў валянтэраць на памежжы Ўкраіны і Польшчы


Намёт беларускіх валянтэраў
Намёт беларускіх валянтэраў

«Цяпер зноў узрасла плынь уцекачоў. Бо ЗСУ вызвалілі тэрыторыі, адкуль раней людзі не маглі выехаць. Там жыць ім наўрад ці магчыма. Пасьля баёў выпаленая зямля. Наперадзе — зіма, халады. Таму людзі едуць у Польшчу», — апавядае беларус Андрэй, які 7 месяцаў валянтэрыць на мяжы з боку Польшчы.

Пра жыцьцё на мяжы дзяржаваў і стомленасьць — у інтэрвію Свабодзе.

— Мы размаўлялі ў траўні. Тады ты перавёз каля 15 тысяч уцекачоў. Колькі за ўвесь час? Як на памежжы зьмянілася сытуацыя з дапамогай уцекачам?

— Прыкладна я палічыў, што ад сакавіка перавёз каля 50 тысяч чалавек. Вядома, найбольшая плынь уцекачоў была ў сакавіку — траўні. Было, што мог перавезьці за дзень і 300, і да тысячы чалавек. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Па-першае, тады працаваў цэнтар прыёму ўцекачоў у TESCO [сетка супэрмаркетаў у Польшчы. — РС], і я іх вазіў ад мяжы да цэнтру ці да вакзалу. Цяпер TESCO працуе пад эгідай Польскага Чырвонага Крыжа. Там стала ў разы менш месцаў для ўцекачоў і ўвялі суровыя крытэры, каб трапіць туды на начлег.

Такое адчуваньне, што ў TESCO цяпер адмыслова стварылі ўмовы, каб прыняць туды як найменш уцекачоў. Людзям часта адмаўляюць. Днямі быў выпадак: мы, валянтэры, прывезьлі туды ўцекачоў зь мяжы, а на нас проста выклікалі паліцыю. Таму гэты мой рэйс у рэжыме маршруткі «Вакзал — мяжа — TESCO» цяпер не працуе.

Асабіста мая праца зьмянілася так, што цяпер я больш заняты перавязеньнем «цяжкіх» уцекачоў. Ляжачых, паралізаваных. Нядаўна вазілі жанчыну з хваробай Альцгаймэра ў Гданьск, а гэта тысяча кілямэтраў у адзін бок. Паралізаваную жанчыну і яе сабачак вазілі ў Варшаву.

Чаму мы? Таму што няма больш бясплатнага транспарту тут. Як і няма таго, што было раней, — ежы, адзежы, начлегу ды любой дапамогі для ўцекачоў.

— Як справы з валянтэрамі? Іх жа стала менш цяпер у Пярэмышлі?

— Валянтэраў сапраўды засталося няшмат. «Старыя» зьяжджаюць, новыя не прыяжджаюць. Праблема з уладамі гораду і тым жа Чырвоным Крыжам. Многія валянтэры дапамагалі на TESCO, але ён цяпер пад Чырвоным Крыжам. Ім валянтэры ня трэба. Дый уладам гораду таксама валянтэры замінаюць. Іх стараюцца выціскаць адсюль. Калі на пачатку вайны была вялізная плынь уцекачоў, валянтэры ўсяму гэтаму давалі рады, і мясцовыя ўлады маўчалі. Цяпер жа ўлады гораду ставяць нам палкі ў колы. (Мэр Пярэмышлю Войцех Бакун ня раз у польскіх СМІ і на сваёй старонцы выказваўся пра тое, што ўкраінскія ўцекачы нібыта злоўжываюць дапамогай палякаў. — РС).

Мы пакуль застаёмся. Бо разумеем, што калі і мы зьедзем — дапамагаць людзям папросту ня будзе каму. Застануцца сам-насам з сваімі праблемамі. Бачу, што тут яшчэ актыўна працуем мы, «Украінскі дом» і расейцы з кампаніі Russians For Ukraine (RFU), якія адкрылі цяпер шэлтэр, дзе ўкраінцы могуць пераначаваць і паесьці ў нармальных умовах. Расейцам таксама ня надта лёгка тут. Іх адмаўляюцца рэгістраваць як валянтэраў і ўсяляк ім перашкаджаюць. Але яны трымаюцца.

Мы дапамагаем, але самі ўжо на мяжы таго, каб сабраць рэчы і зьехаць.

— А вам хто-небудзь дапамагае? За што вы жывяце?

— Увесну і ўлетку ў нас быў невялікі бюджэт заплаціць за кватэру, набыць ежу і паліва для майго буса. Але той бюджэт скончыўся. Апошнія два месяцы мы, скажам так, на апошнім дыханьні і з апошніх сіл. Дапамагаем людзям за свае сродкі, нехта нешта падкідае — невялікія сумы, часам з прадуктамі і рэчамі для ўцекачоў дапамагаюць міжнародныя арганізацыі, якія яшчэ працуюць тут на мяжы.

— Што найцяжэйшае для вас цяпер?

— Найцяжэйшае тут для нас — змагацца зь мясцовымі ўладамі і Чырвоным Крыжам, якія ставяць нам палкі ў колы.
Цяпер плынь уцекачоў павялічылася, бо ЗСУ вызвалілі шматлікія тэрыторыі. Гэта такія ўцекачы, якія едуць без капейкі ў кішэні, бяз вопраткі. Гэта ляжачыя, інваліды. Пачаўся холад, дажджы, хутка зіма — зусім будзе цяжка ўсім. Людзі будуць ехаць, бо іхныя дамы разбамбілі, ім няма дзе жыць, няма ацяпленьня. Яны маюць патрэбу ўва ўсім — ежы, вопратцы, начлезе. Мы або прымаем людзей у сваім намёце, які пабудавалі самі на мяжы, або вязём да расейцаў у шэлтэр.

— Што за намёт, якія там умовы?

— Калі мы зразумелі, што TESCO бярэ на начлег, мякка кажучы, ня ўсіх, у нас зьявілася ідэя пабудаваць свой намёт на мяжы. Каб людзі маглі паспаць, паесьці. Пабудавалі. Паставілі там ложкі, цяпер нават двухпавярховыя ложкі ў нас ёсьць. На піку ў нас аднае начы спалі 48 чалавек. А звычайна ў сярэднім мы прымаем па 15 чалавек на ноч. Некаторыя сьпяць адну ноч у нашым намёце. Некаторыя жывуць і тыдзень. Вось наш намёт і расейскі шэлтэр на 30 месцаў — тут можна спыніцца. Столькі месцаў — гэта кропля ў моры. Але круцімся як можам.

— Ці зьмянілася сытуацыя з сумнавядомым цягніком на Гановэр, на які бралі ня ўсіх уцекачоў і не пускалі цыганоў?

— Пакуль бясплатны цягнік на Гановэр ходзіць, раз на два дні. Апошнім часам сытуацыя значна палепшылася. Бо людзей стала менш, і цяпер практычна ўсе ахвочыя могуць сесьці на яго. Адпаведна, ужо не патрэбная тая сэлекцыя, калі «адкідалі» цыганоў. Яшчэ праблема: людзі могуць сесьці на гэты цягнік, а ў Нямеччыне цэнтар дапамогі ці зачынены, ці перапоўнены. Таму мы на сувязі з валянтэрамі ў Гановэры. Калі там няма месцаў, то мы тут адгаворваем людзей ехаць на Гановэр — бо які сэнс?

— Што-небудзь сьмешнае ці вясёлае здараецца ў вас?

— Вясёлае нешта ў нас наўрад ці бывае. Сытуацыя сумная. Было забаўнае, калі мы везьлі бабульку з хваробай Альцгаймэра ў Гданьск. Да нас яе вёз іншы чалавек. І ён бабульцы страшна не спадабаўся. Яна пачала гістэрыку і нават трапіла ў шпіталь у Пярэмышлі. Далей да Гданьску везьлі яе мы з Каралінай (Караліна Цярэнцьева — сяброўка Андрэя, таксама валянтэрыць у Пярэмышлі. — РС). Караліна знайшла да бабулькі падыход. Яны абдымаліся, глядзелі нейкія ролікі на тэлефоне. І калі прыехалі ў Гданьск, то бабулька сказала, што ўдачарыць Караліну. Яна не хацела выходзіць з нашага буса, мы яе гадзіну ўгаворвалі перасесьці ў іншы транспарт.

І яшчэ выпадак, калі мы «грузілі» на цягнік да Прагі вэтэрана з Украіны, а яму 97 гадоў. Пакуль мы дзядулю пасадзілі, потым занесьлі ягоныя рэчы і вазок — цягнік паехаў. І мы ў ім. Паехалі да наступнай станцыі і вярталіся пешшу на вакзал.
Але нечага надта вясёлага няма пакуль.

— Колькі беларусаў узялі ўдзел у валянтэрстве ў вашай камандзе?

— Наша каманда складае плюс-мінус 10 чалавек. Многія прыяжджаюць на нейкі час. Усяго праз нашу кватэру прайшлі як валянтэры каля 50 беларусаў. Некаторыя далучыліся да расейцаў, іхнай арганізацыі «Russians for Ukraine».

Наша задача не зьмянілася — дапамагаць уцекачам. Цяпер арганізавалі дзяжурства ў нашым намёце на мяжы ў чатыры зьмены па шэсьць гадзін, дзьве днём і дзьве ноччу. Дапамагаем у шэлтэры, калі трэба. Некаторыя, як і раней, працуюць на вакзале. Я больш пераключыўся на перавязеньне «цяжкіх» уцекачоў.

Пакуль ідзе вайна — уцекачы будуць на мяжы. Нават калі яна скончыцца, то ўцекачы ня скончацца. Бо на вызваленых тэрыторыях наўрад ці можна будзе жыць. Наперадзе, як я казаў, зіма. Людзі будуць уцякаць і надалей.

— Якія мары цяпер у вас?

— Марым, каб хутчэй гэта ўсё скончылася. Марым вярнуцца калі не дахаты, у Беларусь, то хоць у Кіеў, які стаў нашым другім домам. Марым пачаць жыць па-чалавечы, адпачыць хочацца. Бо ад гэтага ўсяго, вядома, стамляесься.

Марым пра падтрымку. Мы зрабілі ў намёце ацяпленьне, паставілі генэратары — на гэта трэба сродкі. Калі холад, то яшчэ нічога. Калі ідуць дажджы — пасьцельная бялізна сырэе, начаваць у такіх умовах даволі непрыемна.

Каб мы вырашылі пытаньне зь нейкім сьціплым бюджэтам, то заставаліся б тут столькі, колькі трэба. Пакуль, вядома, застаёмся.

Чыноўнікі і Чырвоны Крыж не разумеюць праблемаў уцекачоў, я так мяркую. Каб яны вось так паехалі ў «нікуды», без капейкі грошай і ежы, каб начавалі ў нашым намёце — можа, нешта памянялася б у іхных галовах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG