Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні мабілізаваных расейцаў сышлі на паўдарозе зь цягніка і заявілі пра «быдлячыя ўмовы»


Мабілізаваныя на вайну супраць Украіны, 27 верасьня 2022. Ілюстрацыйнае фота
Мабілізаваныя на вайну супраць Украіны, 27 верасьня 2022. Ілюстрацыйнае фота

Каля пяцісот расейскіх вайскоўцаў, мабілізаваных на вайну з Украінай, запісалі відэазварот, у якім заявілі пра «быдлячыя ўмовы», у якіх іх утрымліваюць на тэрыторыі Расеі.

Адпаведнае відэа зьявілася ў розных сацсетках у сераду ўвечары. Чалавек, які яго здымае, стаіць перад натоўпам узброеных вайскоўцаў, якія сьцьвярджаюць, што сышлі зь цягніка пад Белгарадам. Мабілізаваныя на камэру расказваюць пра тое, што яны не прыпісаныя ні да якой часткі; ня ведаюць, хто і куды зь іх накіраваны; ядуць тое, што купляюць сабе самі, і змарнавалі вялікую колькасьць сваіх грошай на забесьпячэньне.

Дакладнае месца і час, калі было зьнятае відэа, пакуль ня вызначаны. Журналіст Радыё Свабода Марк Крутаў, вывучыўшы відэазапіс, заўважыў, што адзін з вайскоўцаў раней ужо зьяўляўся на відэа, у якім скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня, але зьнятае яно было ў іншым месцы. Таксама сярод мабілізаваных знаходзіцца чалавек з сымболікай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», адным са стваральнікаў і спонсараў якой зьяўляецца набліжаны да Ўладзіміра Пуціна бізнэсовец Яўгеній Прыгожын. Апошнім часам Прыгожын публічна і ў рэзкай форме крытыкуе найвышэйшыя чыны Міністэрства абароны РФ — мяркуецца, што з ухвалы ў Крамлі.

Расейскія вайскоўцы запасу, якія прыбываюць на зборы па позвах у рамках мабілізацыі, усё часьцей скардзяцца на ўмовы, у якіх іх утрымліваюць, а таксама на адсутнасьць рыштунку, неабходнага для баявых дзеяньняў. Вядома, што многія мабілізаваныя сьпяць у сваіх частках бяз ложкаў, не атрымліваюць належнага харчаваньня і не праходзілі мэдагляду. Падобныя выпадкі зафіксаваны ў Омскай, Валгаградзкай, Кіраўскай, Сьвярдлоўскай і Сахалінскай абласьцях, Чувашыі і Падмаскоўі.

Улады ў розных рэгіёнах абяцаюць вырашыць праблемы ў найкарацейшыя тэрміны, а таксама заяўляюць аб аднаразовых выплатах сем'ям мабілізаваных і іншых кампэнсацыях. Так, у Сахалінскай вобласьці сваякі тых, хто зьехаў на вайну, як заявілі ўлады, змогуць атрымаць па 5 кіляграмаў сьвежамарожанай рыбы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG