Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхая катастрофа. З украінскіх уцекачоў зьдзекуюцца на расейскай мяжы, але пра гэта амаль не гавораць


Украінскія ўцекачы, ілюстрацыйнае фота
Украінскія ўцекачы, ілюстрацыйнае фота

Калі ў Расеі абвясьцілі мабілізацыю на вайну, якой нібыта няма, сацсеткі і навінавыя сайты запоўніліся інфармацыяй пра тое, як расейскія мужчыны ўцякаюць ад позваў у іншыя краіны. На авіяквіткі ў тыя гарады, куды яшчэ можна вылецець з Расеі, рэзка падняліся цэны, а каля расейска-грузінскай мяжы ўтварылася вялізная чарга, у якой людзі праводзяць па некалькі дзён, каб трапіць у Грузію.

Неўзабаве стала ясна, што гэты натоўп перацягнуў на сябе ўсю ўвагу ад украінскіх уцекачоў. Больш за тое, аднойчы я бачыла ў фэйсбуку тэкст, аўтар якога заклікаў дапамагаць цяпер расейцам, бо «калі трэба было, украінцам усе дапамагалі». Але ўкраінцам і ўкраінкам дапамога цяпер патрэбная як ніколі раней. Толькі яны цяпер шмат дзе быццам перасталі хваляваць грамадзянскую супольнасьць, якая, як толькі давялося выбіраць, каму дапамагчы, стала выбіраць расейцаў.

Я нават ня буду паглыбляцца ў пытаньне, як так склалася, што гэтым расейцам цяпер спатрэбілася зьбіраць цёплыя рэчы, быццам яны ўцякалі з зоны баявых дзеяньняў, а не выходзілі са звычайных кватэр і дамоў і быццам не маглі праверыць прагноз надвор’я і адпаведна апрануцца. Але ж як хутка мэдыя і простыя актыўныя людзі пераключыліся на іх і ігнаруюць пры гэтым куды большую праблему — на расейска-латвійскай і расейска-эстонскай мяжы расейскія памежнікі вымушаюць украінскіх уцекачоў і ўцякачак па тры, чатыры і нават пяць дзён жыць проста на вуліцы, не выпускаючы з краіны. Чаму яны так робяць? Таму што могуць.

Я шмат часу праводжу на рыскім аўтавакзале, дапамагаючы тым, хто ўсё ж змог вырвацца з учэпістых лап краіны-пачвары. У наш валянтэрскі пункт людзі трапляюць празь некалькі гадзін пасьля таго, як праходзяць расейска-латвійскую мяжу. І даходзяць да нас яны ў вельмі кепскім стане.

Асаблівы клопат часта трэба тым, хто ішоў празь мяжу зь дзецьмі. Бацькі нярэдка здымаюць нешта зь сябе, каб апрануць ці захутаць дзіця. Дарослыя вельмі баяцца за малых і таму могуць своечасова не заўважыць, што самі вось-вось зьнепрытомнеюць ад абязводжваньня ці голаду альбо што моцна пераахаладзіліся.

Гэтыя людзі ня модныя блогеры ці айцішнікі і маюць куды менш магчымасьцяў і сілаў расказваць пра сябе ў сацсетках, стоячы на мяжы, чым расейцы, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. У іх часта зусім невялікае сяброўскае кола — па-першае, пасьля акупацыі сталі моцна губляцца кантакты, бо людзі шыфруюцца і рэгулярна вельмі якасна чысьцяць тэлефоны. Па-другое, яны проста губляюць блізкіх — ад абстрэлаў, мін, «на падвалах» і гэтак далей.

Гэта ўцекачы з акупаваных тэрыторый, большая частка якіх спадзявалася, што зможа ўсё ж нікуды не зьяжджаць і перажыць акупацыю дома. А потым дома ня стала, альбо «прылятаць» стала ўсё бліжэй, альбо кагосьці зь сям’і параніла, альбо старэйшая частка сям’і ўсё ж угаварыла малодшую ратаваць дзяцей.

І ўсіх іх — і дарослых, і дзяцей — трэба ратаваць. Яны павінны мець магчымасьць эвакуавацца без дадатковых зьдзекаў з боку варожых дзяржслужбоўцаў. Расейскія памежнікі, якія закрываюць мяжу ў якасьці пакараньня за тое, што хтосьці ў чарзе пабіўся ці не туды выкінуў сьмецьце, павінны панесьці адказнасьць за свой садызм.

Але, каб усё гэта адбылося, мы спачатку павінны заўважыць, што гэтыя людзі ёсьць і што дзеяньні расейскіх памежнікаў — гэта садызм.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG