Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-польскай мяжы качуе каля 800 уцекачоў, — Gazeta Wyborcza


Беларуска-польская мяжа
Беларуска-польская мяжа

Беларускія сілавікі сабралі каля 800 уцекачоў і мігрантаў каля мяжы з Польшчай, на вышыні польскага мястэчка Белавежа. У групах ёсьць жанчыны і дзеці, паведамляе польская штодзёнка Gazeta Wyborcza.

Уцекачы расказалі выданьню​ GazetaWyborcza, што качуюць там ужо 10 дзён без вады і ежы. Яны просяць гуманітарнай дапамогі. У сваю чаргу ў панядзелак (26 верасьня) у раёне Баброўнікоў шукалі 30-гадовую кангалезку, якая падчас прымусовага вяртаньня з Польшчы пачала тануць у памежнай рацэ Сьвіслач.

Газэта атрымала відэазапіс, зроблены на мяжы, у якім малады сырыец просіць польскіх актывістаў перадаць ім на беларускі бок трохі вады і харчоў. У роліку ён прапануе зрабіць гэта цераз плот, без неабходнасьці пераходзіць мяжу.

Сырыец пацьвярджае, што ў розных групах мігрантаў, якія сабраліся паміж польскай мяжой і беларускім калючым дротам, ёсьць жанчыны і дзеці з усіх канфліктных рэгіёнаў: емэнцы, іранцы, туркі (напэўна, курды), але пераважна сырыйцы.

Усе гэтыя людзі, паводле выданьня, скарысталіся беларускай візай і прапановай з абяцанай магчымасьцю беспраблемнага перасячэньня мяжы Эўразьвязу. Gazeta Wyborcza нагадвае, што летам ніводнага разу мігрантаў зь беларускага боку не трымалі ў адным месцы, ня даўшы ім магчымасьці рухацца.

Цяпер там, паводле саміх уцекачоў, 800 чалавек, якія 10 дзён не атрымліваюць ежы і пітной вады, а беларускія сілавікі не пускаюць іх у Менск, пагражаючы пабіць. Уначы тэмпэратура апускаецца ніжэй за 10 градусаў.

Паводле паведамленьня памежнай службы ў панядзелак, з 23 па 25 верасьня памежнікі выявілі 200 чалавек, якія спрабавалі перасекчы мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG