Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране адбыліся сутыкненьні студэнтаў зь сіламі бясьпекі


Акцыя пратэсту ва ўнівэрсытэце Шарыф, 2 кастрычніка 2022
Акцыя пратэсту ва ўнівэрсытэце Шарыф, 2 кастрычніка 2022

Іранскія сілы бясьпекі сутыкнуліся са студэнтамі ўнівэрсытэту ў сталіцы Тэгеране падчас апошніх пратэстаў у Іране, зьвязаных са сьмерцю маладой жанчыны ў зьняволеньні.

Відэа, апублікаваныя ў сацыяльных сетках 2 кастрычніка, паказваюць унівэрсытэт Шарыф, які традыцыйна зьяўляецца цэнтрам нязгоды з ісламісцкімі ўладамі, акружаны дзясяткамі супрацоўнікаў спэцназу, піша іранская служба Радыё Свабода.

На адным зь відэазапісаў было відаць, як сілавікі ўжываюць сьлезацечны газ, каб выгнаць студэнтаў з унівэрсытэцкага гарадка, пазьней можна пачуць гукі стрэлаў.

Яшчэ адно відэа паказала, як сілы бясьпекі перасьледуюць дзясяткі студэнтаў, якія апынуліся на падземнай паркоўцы ўнівэрсытэту. Імаверна, дзясяткі студэнтаў арыштаваныя.

Іранскія дзяржаўныя СМІ апісалі «паведамленьні аб сутыкненьнях» ва ўнівэрсытэце і заявілі, што міністар навукі краіны наведаў кампус, каб праверыць сытуацыю.

Студэнты пратэставалі каля многіх унівэрсытэтаў 2 кастрычніка, а дэманстрацыі прайшлі ў некалькіх гарадах, такіх як Тэгеран, Язд, Керманшах, Санандадж, Шыраз і Мэшхед.

Удзельнікі пратэстаў скандавалі «незалежнасьць, свабода, сьмерць [вярхоўнаму лідэру аятале Алі] Хамэнеі».

Арганізацыя Iran Human Rights, якая базуецца ў Нарвэгіі, у сваёй заяве адзначыла, што «на гэты момант 133 чалавек забілі па ўсім Іране», у тым ліку больш за 40 чалавек загінулі ў сутыкненьнях на мінулым тыдні ў Захедане, сталіцы паўднёва-ўсходняй правінцыі Сыстан-Бэлуджыстан.

Пратэсты па ўсім Іране выкліканыя сьмерцю 22-гадовай Махсы Аміні 16 верасьня пасьля яе арышту тэгеранскай паліцыяй маралі за нібыта «непрыдатнае адзеньне». Пратэстоўцы патрабуюць захаваньня правоў жанчын, а таксама заклікаюць зьмяніць дзяржаўны лад з ісламскай рэспублікі на сьвецкую.

Іранскія сілы бясьпекі адказалі сілай, забіўшы дзясяткі дэманстрантаў і арыштаваўшы некалькі сотняў. Чыноўнікі таксама ўвялі жорсткія абмежаваньні ў інтэрнэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG