Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране за падтрымку пратэстаў арыштавалі дачку былога прэзыдэнта


Фаезэх Хашэмі
Фаезэх Хашэмі

Усяго празь некалькі дзён пасьля выказваньня падтрымкі пратэстам у Іране Фаезэх Хашэмі, дачка былога прэзыдэнта Ірану Акбара Хашэмі Рафсанджані, была арыштаваная празь невядомыя абвінавачаньні.

Інфармацыйнае агенцтва Tasnim, якое зьвязана з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, паведаміла 27 верасьня, што Фаезэх Хашэмі арыштавалі сілы бясьпекі ва ўсходнім Тэгеране за «падбухторваньне да беспарадкаў», але дадала, што меркаваныя правакацыі не былі ажыцьцёўлены.

Перад сваім арыштам Хашэмі заявіла, што ўлады называюць пратэсты, якія ўзрушылі Ісламскую Рэспубліку за апошнія 12 дзён, «беспарадкамі» і «мяцяжамі» дзеля таго, каб іх здушыць.

«Тыя, хто бачыў пратэсты, ведаюць, што, напрыклад, калі моладзь падпальвае сьмецьцевыя бакі, гэта таму, што сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ, а пратэстоўцы хочуць яго нэўтралізаваць; або калі яны б’юць супрацоўніка сіл бясьпекі, гэта адбываецца таму, што на іх напалі, і яны абараняюцца», — сказала яна ў запісе, атрыманым іранскай службай Радыё Свабода.

Хашэмі сказала, што большасьць пратэстоўцаў — маладыя людзі, якія патрабуюць правоў у сувязі з «праблемай хіджабу і поглядамі ўладаў на жаночыя і сацыяльныя праблемы, падобныя на Талібан». Хашэмі заяўляе, што цяперашнія пратэсты збольшага палітычныя, а не эканамічныя, выкліканыя амэрыканскімі санкцыямі.

Пратэсты па ўсім Іране выкліканыя сьмерцю 22-гадовай Махсы Аміні 16 верасьня пасьля яе арышту тэгеранскай паліцыяй маралі за нібыта «непрыдатнае адзеньне». Пратэстоўцы патрабуюць захаваньня правоў жанчын, а таксама заклікаюць перафармаваць ісламскую рэспубліку. Іранскія сілы бясьпекі адказалі сілай, забіўшы дзясяткі дэманстрантаў і арыштаваўшы некалькі сотняў. Чыноўнікі таксама ўвялі жорсткія абмежаваньні ў інтэрнэце.

У мінулым Хашэмі некалькі разоў арыштоўвалі і саджалі ў турму, у тым ліку ненадоўга падчас разгону масавых пратэстаў у 2009 годзе супраць спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх апазыцыя абвінаваціла ўлады ў шырокамаштабнай карупцыі.

У 2012 годзе яе асудзілі на паўгода за «распаўсюд прапаганды супраць сыстэмы». У ліпені 2022 яе абвінавацілі ў «распаўсюдзе прапаганды» супраць краіны і блюзьнерстве ў камэнтарах у сацыяльных сетках, паведамляла судовая ўлада.

Арышт Хашэмі адбыўся пасьля затрыманьня дзясяткаў актывістаў, а таксама як мінімум 20 журналістаў і чатырох адвакатаў за іх меркаваны ўдзел у пратэстах супраць нашэньня хіджабаў.

Улады таксама папярэдзілі многіх знакамітасьцяў і зорак спорту, якія падтрымалі пратэсты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG