Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Іране працягваюцца сёмы дзень. Праваабаронцы паведамляюць пра 31 загінулага


У сталіцы Ірану Тэгеране сёмы дзень працягваюцца сутыкненьні паміж паліцыяй і пратэстоўцамі. Гэта найбольшыя забурэньні за шмат гадоў.

Як паведамляе BBC са спасылкай на сьведку падзеяў у адным з раёнаў Тэгерану, гарадзкія вуліцы там цяпер нагадваюць поле бітвы. Пратэсты таксама адбываюцца ў прыблізна 80 іншых гарадах і паселішчах Ірану.

Паводле праваабаронцаў, загінуў 31 цывільны. Дзяржаўная тэлевізія Ірану паведамляе пра 17 загінулых.

Пратэсты ў Іране, у тым ліку ў сталіцы краіны Тэгеране, пачаліся пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці. 13 верасьня яе затрымала паліцыя нораваў за распушчаны хіджаб, празь некалькі гадзін Аміні шпіталізавалі ў стане комы, а праз тры дні абвясьцілі пра яе сьмерць з прычыны «раптоўнага сардэчнага прыступу».

Паводле паведамленьняў відавочцаў, якія цытуе Офіс правоў чалавека ААН, паліцыянты білі Аміні галавой аб аўтамабіль і малацілі яе дубінкамі. Паводле сваякоў Аміні, у яе ніколі не было праблем з сэрцам. Ім таксама не дазволілі ўбачыць цела Аміні перад пахаваньнем.

Сотні іранцаў, сярод якіх шмат моладзі, выйшлі на вуліцы Тэгерану, Сэкезу — роднага гораду дзяўчыны — і іншых гарадоў, пратэстуючы супраць паліцэйскага гвалту і, шырэй, супраць жорсткай барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам.

Падчас пратэстаў некалькі жанчын сарвалі зь сябе хіджабы і дэманстратыўна круцілі імі ў паветры, дзьве жанчыны іх публічна спалілі, яшчэ як мінімум адна пратэстоўка адрэзала сабе валасы.

Іранскія лідэры паабяцалі правесьці расьсьледаваньне гібелі Аміні. У пратэстах яны абвінавацілі замежнае ўмяшаньне, не ўдакладніўшы назвы краін, якія ўмешваюцца, і апазыцыю з-за мяжы: нібыта тыя выкарыстоўвалі сьмерць Аміні для распальваньня грамадзкіх беспарадкаў.

  • Згодна з правіламі, прынятымі пасьля іранскай рэвалюцыі 1979 году, жанчыны абавязаны сьціпла апранацца на публіцы, насіць хіджаб і доўгі прасторны халат. За выкананьнем правілаў сочыць паліцыя нораваў, у якую ўваходзяць як мужчыны, так і жанчыны.
  • Папярэдні прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані абвінаваціў паліцыю нораваў у «празьмернай агрэсіўнасьці». У 2017 годзе кіраўнік паліцыі заявіў, што жанчын больш ня будуць арыштоўваць за парушэньне дрэс-коду.
  • Аднак са жніўня 2021 году, з пачатку прэзыдэнцтва Ібрахіма Раісі, зноў узмацнілася паліцэйская жорсткасьць. Офіс правоў чалавека ААН паведамляе, што паліцыя нораваў абражае маладых жанчын, дае ім поўхі, б'е дубінкамі і запіхвае ў паліцэйскія машыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG