У Харкаўскай вобласьці знайшлі расстраляную калёну мірных жыхароў зь дзецьмі. Загінулі больш за 20 чалавек

Купянск, 14 верасьня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Купянск, 14 верасьня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У калёне ехалі сем аўтамабіляў. Загінулі ня менш за 20 чалавек, у тым ліку 10 дзяцей, паведамляе Служба бясьпекі Ўкраіны.

Зьнішчаную калёну знайшлі ў «шэрай зоне» паміж акупаваным Сватавым Луганскай вобласьці і вызваленым Купянскам Харкаўскай вобласьці. Людзей расстралялі ў канцы верасьня, паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка СБУ Васіль Малюк.

«Са стралковай зброі яны расстралялі зь блізкай адлегласьці шэсьць старых аўтамабіляў і адну грузавую „Газэль“», — расказаў Васіль Малюк.

Некалькі чалавек здолелі ўратавацца. Цяпер яны даюць паказаньні сьледзтву. Колькасьць пацярпелых і загінулых удакладняюць.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

​
XS
SM
MD
LG