Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне ёсьць знаёмыя, бабулі і дзядулі якіх „завісьлі“ ў TikTok’у». Як аўтар канала ByLOL стварыў Фонд гумарыстычнай салідарнасьці


Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін

Актор, блогер, музыка Аляксей Сапрыкін на пачатку жніўня пачаў запісваць іранічныя ролікі пра беларускую рэчаіснасьць. Днямі яго відэа пра праходжаньне беларускай мяжы дасягнула 1 мільёна 200 тысяч праглядаў.

Пагаварылі з Аляксеем пра тое, як беларусам пазбыцца комплексу «местачковасьці» і рабіць, шанаваць і любіць сваё.

«Як толькі Пуцін абвясьціў мабілізацыю, прагляды вырасьлі да 1 мільёна 200 тысяч»

Аляксей прызнаецца, што гэта яго другая спроба скарыць TikTok. Ён ужо рабіў відэа, якія набіралі па 200 тысяч праглядаў, але тую справу хутка закінуў. І вось пасьля ваганьняў, навучаньня, кансультацый вырашыў распачаць зноў. Хацелася пэрыядычна выпускаць менавіта гумарыстычны кантэнт. Амаль за 2 месяцы ў яго на канале ByLOL ужо больш за 2 тысячы падпісчыкаў.

Што тычыцца гэтага віруснага відэа, якое набрала ўжо больш за 1 млн 200 тысяч праглядаў, ідэю ён падгледзеў у адным з замежных TikTok-акаўнтаў.

«Відэа было пра тое, як адбываюцца інтэрвію на межах розных краінаў. Там былі Францыя, Нідэрлянды, Італія. Я падумаў: а чаму б не адаптаваць гэта пад беларускія рэаліі? Бо мой акаўнт, які называецца ByLOL, скіраваны больш на Беларусь, на беларускую рэчаіснасьць, асаблівасьці і праблемы. Ну, і зрабілі даволі простае відэа, як гэта робіцца ў TikTok’у: ня трэба супэр’якасных здымкаў, ня трэба асабліва замарочвацца.

Да гэтага ў мяне была максымальная колькасьць праглядаў крыху больш за 30 тысяч. А тут пачалося: за першую гадзіну — 2 тысячы, далей 5, 10, 100 — і я зразумеў, што гэта вірусная справа. На 700 тысячах рост спыніўся, а як толькі Пуцін абвясьціў мабілізацыю, прагляды вырасьлі да 1 мільёна 200 тысяч.

Самае цікавае, што яно закранула ня толькі беларускіх карыстальнікаў: былі камэнты з Сэрбіі, Пакістану, Польшчы, Украіны, Расеі — геаграфія даволі шырокая», — расказаў Аляксей Сапрыкін.

Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін

«BySOL — ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю»

ByLOL — гэта фонд гумарыстычнай салідарнасьці, працягвае ён. Назву прыдумаў падчас гастроляў. Разважаючы пра канцэпцыю канала, натуральна, шукаў і назву — запамінальную, простую, кароткую, ёмістую, якая адлюстроўвала б сутнасьць відэа.

«Сядзеў у гатэлі, глядзеў ютуб, і трапілася мне відэа ByPol — пра тое, як яны выкрываюць агентаў, схемы, зьліваюць размовы сілавікоў. Іх падача мяне праўда расьсьмяшыла, хоць, як па мне, нічога скандальнага там не было. І я пачаў разважаць: BySol — ByLOL.

LOL — гэта інтэрнэт-мэм. Laughing out loud перакладаецца з ангельскай мовы як „гучна, услых сьмяяцца“, альбо „lots of laughs“ — шмат сьмеху. Калі ангельцам ці амэрыканцам вельмі сьмешна, яны коратка пішуць LOL. Такім чынам, By — як абазначэньне Беларусі, LOL — як гумар. Карацей, атрымалася такая назва. Ну, калі ёсьць фонды BySol, ByHelp, няхай будзе і ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю.

Ёсьць фонды культурнай, спартовай, мэдычнай салідарнасьці — няхай будзе і Фонд гумарыстычнай салідарнасьці», — тлумачыць Аляксей.

Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін

Што да тэмаў, пакуль Аляксея натхняюць навіны. Адзін ролік так і называецца: «Калі раніцай адкрываеш беларускія навіны». Ёсьць на канале «Агляд кампутара „Гарызонт“», «Калі ў Беларусі будзе мабілізацыя», «Так працуе прапаганда».

«Усе тэмы лунаюць у паветры. Насамрэч тут важныя рэакцыя і хуткасьць. Бо я таксама не магу пахваліцца іншым разам хуткай рэакцыяй на нейкія гарачыя падзеі. Як пісаў Альгерд Бахарэвіч, „навіна жыве 8 гадзін“. Таму хочацца перайсьці да нейкага „вечназялёнага“ кантэнту, які будзе актуальны заўсёды. І ў гэты бок трэба рухацца, каб не залежаць ад нейкага парадку дня», — разважае Аляксей Сапрыкін.

«Першыя мае спробы ў TikTok’у былі „пальцам у неба“, цяпер ёсьць канцэпцыя»

Ён прызнаецца, што раней да TikTok’у ставіўся даволі скептычна, як да чагосьці незразумелага, дзіцячага і нават «дэграданцкага». І многія яго сябры і калегі таксама несур’ёзна ставіліся. Аднак, паводле статыстыкі, большая частка аўдыторыі каналу ByLOL — ад 25 да 34 гадоў.

«Калі сур’ёзна, аналізуючы, маніторачы розны кантэнт, я маю ўражаньне, што TikTok эвалюцыянаваў, па-першае. Па-другое, там зьяўляецца гумар (само сабой), а таксама розныя парады пра грошы, нерухомасьць, рэцэпты — кантэнт разнаплянавы. Прыгадваю забаўны выпадак, як маці аднаго майго знаёмага даслала яму TikTok з парадамі бухгальтара: маўляў, «паглядзі, што раяць разумныя людзі. Ён адказаў: „Мама, я ня буду карыстацца парадамі бухгальтара ў тыктоку“. Але хто ведае...

У мяне ёсьць знаёмыя, бабулі і дзядулі якіх „завісьлі“ ў TikTok’у, бацькі іх таксама „заліпаюць“ у TikTok’у — гэта такая „заліпальная“ рэч».

Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін

Аляксей распрацаваў канцэпцыю разьвіцьця свайго каналу. На яго думку, да любога блогерства трэба ставіцца сур’ёзна.

«Насамрэч гэта такая ж праца з пэўнымі кампэтэнцыямі, як будоўля, як журналістыка, як мэдыцына. Таму я сур’ёзна да гэтага паставіўся. Бо першыя мае спробы ў TikTok’у былі „пальцам у неба“: ну зрабіў, ну заляцела, мэта дасягнута. Але трэба разумець, што ва ўсіх папулярных блогераў, тыктокераў, у якіх нашмат больш падпісчыкаў і праглядаў, чым у мяне, да якіх мне яшчэ расьці як да Месяца, ёсьць канцэпцыя, ёсьць бачаньне, устойлівасьць.

Калі я прапісваў канцэпцыю свайго каналу, разумеў, што буду пачынаць безь фінансаў, без матэрыяльнай базы. А TikTok і Instagram дазволяць мне прыцягнуць пэўную аўдыторыю, а потым можна будзе пераходзіць на больш складаныя і затратныя формы, наняць каманду і рабіць якасны кантэнт і пераходзіць у Youtube», — разважае Сапрыкін.

«ByLOL можа стаць аб’яднаньнем беларускіх гумарыстаў»

Аляксей ужо задумваецца пра пашырэньне каманды, бо пакуль яму дапамагае толькі сяброўка, якая ў вірусным відэа пра праходжаньне беларускай мяжы агучвала ролю памежніцы.

«Яна мне дапамагае здымаць, бо самому зьняць сябе цяжка. Дае парады, крытыкуе — і я вельмі ёй удзячны. Калі атрымаецца пашырыць каманду, займець добрых сцэнарыстаў, ByLOL можа стаць аб’яднаньнем беларускіх гумарыстаў, якія пад гэтым брэндам будуць здымаць цікавыя, сьмешныя, прышпільныя і карысныя відэа. Я буду толькі рады, калі атрымаю запыты ахвотных далучыцца да ByLOL».

На думку Аляксея Сапрыкіна, у Беларусі ёсьць цікавыя, сур’ёзныя тыктокеры.

«Калі гаварыць пра беларускамоўных, гэта, канечне, Ліза Ветрава, якая робіць тыктокі пра беларускую мову, цікавыя словы; Мікіта Бялевіч, які робіць тыктокі пра музыку, культуру. Мая дзяўчына Васіліна Сакалоўская робіць TikTok пра навіны культуры — „Навінкі Васілінкі“, Шкада, што гэта, можа, ня вельмі шырокая аўдыторыя, але кантэнт вельмі важны.

Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін

Сярод расейскамоўных тыктокераў я магу адзначыць Алежу Обухава. Кожнае яго відэа набірае больш за мільён праглядаў, ён працуе ў гумарыстычным жанры, у яго вельмі сур’ёзны падыход. Ёсьць тыктокер Юрка, які робіць прышпільныя ролікі на трасянцы, у якіх удзельнічаюць маці, бацька і сын-школьнік», — кажа Аляксей.

«Акторства я не закінуў, працягваю сябе шукаць у гэтым»

Аляксей Сапрыкін — вядомы актор. Цягам 7 гадоў ён працаваў у Свабодным тэатры. Граў у спэктаклях «Сабакі Эўропы», «Рэйк’явік 74», «Быў у пана верабейка гаварушчы», «Цэнтральны», «Онікс», «Дом № 5» ды іншых. Аднак з 15 траўня ён ня ў трупе.

«Гэта не маё рашэньне, а зьбег абставінаў. Атрымалася так, як атрымалася. Я не шкадую. У тэатры я працягваю граць як фрылансэр. Але ў складзе асноўнай трупы мяне няма.

Акторства я не закінуў, працягваю шукаць сябе ў гэтым. У Польшчы я працаваў у дзіцячых спэктаклях, здымаўся ў рэкляме, у кіно. Вось і зараз паеду на рэпэтыцыю спэктакля. Жыцьцё на разьвітаньні са Свабодным тэатрам ня скончылася. Але калі паклічуць на гастролі са Свабодным тэатрам — буду думаць».

Улюбёная роля Аляксея Сапрыкіна ў Свабодным тэатры — Эртла Баладацір у спэктаклі «Рэйк’явік 74», які паставіў рэжысэр Юры Дзівакоў.

«Гэта гісторыя пра самае гучнае забойства ў Ісьляндыі. Шасьцёра чалавек былі падазраваныя, і сярод іх Эртла. Усіх астатніх апраўдалі празь нейкі час, адна Эртла была не апраўданая, хоць удзельніцай гэтых забойстваў яна не была. Спэктакль пра судовую і пэнітэнцыярную сыстэму. Сама роля Эртлы вельмі цяжкая, але цікавая. І працаваць зь Юрам Дзіваковым — гэта задавальненьне. Іншыя спэктаклі таксама клясныя, але гэты — мой самы ўлюбёны», — кажа Аляксей.

«Нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасьці і рабіць свой кантэнт»

На думку Аляксея Сапрыкіна, цяпер самы час і самая важная задача для беларусаў — зьмяніць сваю сьвядомасьць. Бо нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе адбыліся зьмены, што шмат беларусаў прачнуліся, самая важная задача наперадзе — трансфармацыя сьвядомасьці.

«Што я тут маю на ўвазе: тое інфармацыйнае поле, у якім большасьць беларусаў жыве, нават у варунках вайны застаецца ўсё ж такі расейскім. Канечне, некаторыя пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пачалі адмаўляцца ад спажываньня расейскага кантэнту, але гэтага недастаткова. І каб нам, беларусам, не спажываць расейскі кантэнт, трэба яго нечым замяняць.

А замяняць яго трэба перш за ўсё сваім. Дзеля гэтага нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасьці і рабіць свой кантэнт. І зь цягам часу гэта выкрышталізуецца ў якасны паўнавартасны прадукт, які будзе зьбіраць сотні тысяч і мільёны праглядаў. Усё ў нашых руках. Тут, канечне, варта падтрымліваць сваіх людзей, любіць і шанаваць сваё», — перакананы Аляксей.

Хто такі Аляксей Сапрыкін

  • Аляксей Сапрыкін — беларускі актор, вядоўца, культурны мэнэджар, блогер, музыка. У 2017 годзе скончыў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Мэдыя і камунікацыя: візуальная культура і крэатыўныя індустрыі».
  • У «Арт Сядзібе» рэалізаваў вялікую колькасьць культурніцкіх праектаў (спэктаклі «Браніслаў» і «Францішак», відэа- і дакумэнтальныя праекты).
  • З 2015 па 2022 гады быў акторам Беларускага свабоднага тэатру.
  • Быў арганізатарам і вядоўцам сьвяткаваньня 100-х угодкаў БНР. Супрацоўнічаў у якасьці вядоўцы праграмаў з рознымі мэдыя (Радыё Свабода, Эўрарадыё, Белсат, Годна, YouBel TV).
  • У сьнежні 2020 году быў затрыманы на 15 сутак. Зараз жыве і працуе ў Варшаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG