Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская кампанія адмаўляе, што працягвала супрацоўніцтва зь «Беларускай чыгункай» пасьля нападу Расеі на Ўкраіну


Расейскі вайсковы састаў у Гомлі, сакавік 2022
Расейскі вайсковы састаў у Гомлі, сакавік 2022

Пры гэтым з сайту зьнік тэкст жнівеньскай заявы, дзе пацьвярджалася што ў Беларусі ўсё ж знаходзяцца некалькі яе тэхнічных адмыслоўцаў, якія выконваюць «самыя неабходныя работы».

Чэская кампанія AŽD, пастаўнік тэхналягічных установак у галіне бясьпекі чыгуначнага транспарту, запярэчыла крытыцы, што яе працаўнікі вялі работы па ўстаноўцы абсталяваньня на станцыях у Гомлі пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.

«Мы ўжо неаднаразова заяўлялі, што наша кампанія спыніла ўсю сваю дзейнасьць у Беларусі па ўласным рашэньні ў сувязі з вайной ва Ўкраіне, — напісаў прэсэвы прадстаўнік кампаніі Іржы Длабая ў адказе на запыт Свабоды. — Дзеля гэтага трэба было зрабіць шэраг складаных юрыдычных і арганізацыйных крокаў, у тым ліку вызваленьне ад абавязаньняў і г.д. Цяпер у Беларусі няма ніводнага супрацоўніка AŽD, і мы не вядзем дзейнасьці ў гэтай краіне».

«Нягледзячы на гэтую інфармацыю, мы сутыкнуліся зь непераборлівай кампаніяй, у якой яе ініцыятары не цураліся, сярод іншага, падрабіць дакумэнты 2015 году і выдаваць іх за дакумэнты сёлетнія. З гэтых прычын мы больш ня будзем даваць ніякай інфармацыі», — дадаў прэс-прадстаўнік AŽD.

Крытыка ў адрас AŽD прагучала ў сацыяльных сетках два месяцы таму ў сувязі з устаноўкай абсталяваньня гэтай кампаніяй на станцыях у Гомлі, празь якія ішлі расейскія вайсковыя транспарты на падтрымку вайны супраць Украіны.

Тады AŽD, як і цяпер у адказе для Свабоды, зьняпраўдзіла гэтую крытыку, заяўляючы, што ўсе яе кантракты зь «Беларускай чыгункай» былі скасаваныя праз вайну ва Ўкраіне, і кампанія па ўласным рашэньні сышла з беларускага рынку.

Але ў заяве, апублікаванай у жніўні, Длабая пацьвярджаў, што ў Беларусі ўсё ж знаходзяцца некалькі яе тэхнічных адмыслоўцаў, якія выконваюць «самыя неабходныя работы, каб нашыя тэхналёгіі былі ў стане, які не пагражае жыцьцю падарожнікаў. Гэта ня мае дачыненьня да агрэсіі ва Ўкраіне. Для AŽD гэты падыход азначае велізарныя эканамічныя страты, але наша кампанія адназначна іх прыняла».

Тэкст гэтай заявы потым зьнік з сайту кампаніі, застаўся толькі загаловак. Але ранейшы камэнтар можна знайсьці ў кэшы Google.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG