Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні», — Андрэй Кузьнечык пра амністыю


Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Палітзьняволены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык у сваіх лістах разважае пра амністыю, жартуе, як ягоны пашпарт чакае вызваленьня, і дасылае новыя вершы для сваіх дзетак.

Роўна месяц палітзьняволены журналіст Андрэй Кузьнечык знаходзіцца ў Наваполацкай калёніі № 14 узмоцненага рэжыму, дзе будзе адбываць 6-гадовае пакараньне. У новай калёніі яму найперш выдалі бэджык «экстрэміста».

Праз этапаваньне з Магілёўскай турмы і карантын лістоў да жонкі Алесі і дзетак Яніны і Мацьвея стала менш, чым звычайна.

«Я пачаў пісаць зь перапынкамі, бо за адзін сэанс „асабістага часу“ (а ён ня толькі для лістоў) не пасьпяваю.

Хутка мяне чакаюць працаўладкаваньне і перасяленьне з карантыну. Ня ведаю, што там будзе з часам, але, спадзяюся, на хаця б адзін ліст знойдзецца», — піша Андрэй.

Натуральна, піша журналіст Свабоды пра амністыю, на якую палітзьняволеныя вельмі спадзяюцца.

«Навіна пра амністыю можа значыць, што запусьціліся пазытыўныя працэсы, хоць даступны мне інфармацыйны фон нібыта гэтаму супярэчыць. Падаецца мне, гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні. Але буду рады памыляцца, канечне», — разважае журналіст Свабоды.

Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота

«Пашпарт чакае майго вызваленьня»

Андрэй атрымаў ад жонкі заказны ліст з ксэракопіяй пашпарта. І жартам разважае, як вызваленьня чакае найперш ягоны пашпарт.

«Ксэракопіі ў мяне, а пашпарт чакае майго вызваленьня. Спадзяюся, гэта будзе хутчэй, чым прыйдзе час на замену пашпарта — ня ўпэўнены, што ў мяне ідэальная прычоска для фота на такі доўгатэрміновы дакумэнт», — піша ён.

У Наваполацкай калёніі (у адрозьненьне ад магілёўскай турмы) няма несьціханага фонавага радыё, да якога Андрэй прызвычаіўся раней.

«Таму ўспамінаецца пры нагодзе нешта з упадабанага калісьці. Пасьля твайго ліста халодная раніца прыйшла з музыкай Brainstorm (я аж два разы на іхніх канцэртах быў). „Как я искал тебя“ — там першыя радкі „Отличное утро, бодрит прохладой“...

І ты заўважыла, як мы сынхронна напісалі пра тваю душэўную цеплыню, якая сагравае і на адлегласьці як у пераносным, так, аказалася, і ў прамым сэнсе. Затое дачакалася свайго часу і мая нелюбімая чорная майка з горлам. Неўзабаве выдадуць і мясцовую „тэрму“ (тэрмабялізну. — РС)».

У калёніях спэцыфічныя патрабаваньні да адзеньня: усё павінна быць толькі чорнага колеру і адмысловых фасонаў. Тэрмабялізну двух відаў, якую перадала жонка, «забракавалі», цяпер Алеся шукае іншую і просіць парады ў людзей, якія ведаюць, што падыдзе. Але нібыта нешта ўжо выдалі, і Андрэй ужо ня мерзьне, даведалася Алеся.

Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота

Пра дачушку-фантазёрку і хлопчыка-дракончыка

Андрэй шмат піша пра дзяцей. Стараецца на адлегласьці даваць парады і ім, і жонцы. Радуецца посьпехам і дасягненьням дзетак, вельмі перажывае, што ня бачыць, як яны растуць і сталеюць.

«У Яніны глыбокія, нечаканыя разважаньні. Як яна ўдала патлумачыла паняцьце космасу і ўзровень чалавечых ведаў пра сьвет:)

Выбар сукенкі для 1 верасьня таксама парадаваў. А што мы будзем рабіць зь ейнай францускай мовай? Проста для агульнага разьвіцьця? А English як будзем вучыць? А калі захочам перайсьці ў школу з ангельскай мовай, праблем ня будзе?» — клапоціцца бацька.

Andrei Kuznechyk
Andrei Kuznechyk

Маленькага Мацейку ён называе «хлопчыкам-дракончыкам, дыпляматам, аўтааматарам», дачку Яніну — фантазёркай.

«Радуюся, што вам сьняцца добрыя сны, сустракаюцца добрыя людзі, уяўляюцца добрыя цуды і марацца добрыя мары. А я, чытаючы пра гэта, нібыта вяртаюся да вас у нармальную сыстэму каардынат і гравітацыі.

Добрых сноў вам, добрых людзей на шляху, а Яньчыны фантазіі і нашыя мары, можа, хутка і спраўдзяцца», — спадзяецца Андрэй.

Нарэшце да Андрэя вярнулася натхненьне — ён зноў піша вершы

Андрэй Кузьнечык даслаў дзецям новы верш. Месяц таму, зьбіраючыся на этап з Магілёва ў Наваполацак, ён пісаў, што «дзіцячыя вершы пастаўлены на паўзу». Новы верш напісаны на паштоўцы з выявай карціны Клёда Манэ зь ягонай сэрыі «стагоў сена».

Неяк я па небе ехаў.

Праплывалі міма стрэхі.

І вяскоўцы-землякі

Гаманілі каля весьніц:

«Бачыш, чый унук уверсе?

Вось табе і гарадзкі!»

Сьвет быў, як пялёсткі кветкі,

Як бліскучка ад цукеркі,

Цёплым ветрам казытаў,

Зь лісьця промнямі пуляўся,

Па-сяброўску пасьміхаўся,

Клікаў, вабіў, чараваў.

А наўкол, як на далоні,

Абдымала рэчку поле,

Лес рассоўваў далягляд, —

Каб ня даць блакітам зьліцца,

Каб у возера ўваліцца

Аблачынка не магла.

Пада мной быў зьлітак лета —

Сена цэлая плянэта!

І ўяўляў я, што той воз

Павязе праз захапленьні,

Праз адкрыцьці і натхненьні

Ў мой далёкі дзіўны лёс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG