Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў: у Чачэніі мабілізацыі ня будзе


Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў растлумачыў, што за час вайны ва Ўкраіне рэспубліка і так «перавыканала плян на 254%».

Сюжэт з адпаведнай заявай кіраўніка рэгіёну выйшаў у вячэрнім выпуску навін Чачэнскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Грозны», паведамляе праект Радыё Свабода Кавказ.Реалии.

Удзел у баявых дзеяньнях за час вайны прынялі 20 тысяч чалавек, сказаў Кадыраў падчас нарады з апэратыўным штабам па правядзеньні «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Чачэнія перавыканала «спушчаны плян» на 254%, заявіў ён. Пра які плян ідзе гаворка, кім і якім чынам ён быў зацьверджаны, не ўдакладнялася.

Акрамя таго, паводле Кадырава, сваякі каля 40 жанчын, якія спрабавалі напярэдадні правесьці ў Грозным антываенны мітынг, ужо мабілізаваныя і адпраўленыя ва Ўкраіну. Ён таксама прыгразіў, што любога, хто выйдзе на мітынг, або іхных мужоў і ўсіх дзяцей будуць адпраўляць «на перадавую».

Раней пра гэта паведамляў прадстаўнік апазыцыйнага руху 1ADAT Ібрагім Янгулбаеў: паводле ягоных дадзеных, сваякоў гэтых жанчын прымусілі падпісаць дакумэнты, паводле якіх яны нібыта запісваюцца добраахвотнікамі.

У пачатку жніўня кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што да ўдзелу на вайне ва Ўкраіне гатовыя каля 19 тысяч жыхароў рэспублікі. Кіраўнік рэгіёну, які стаў найбуйнейшым пляцдармам для адпраўкі салдат у зону баявых дзеяньняў, рэгулярна дае справаздачу аб колькасьці падрыхтаваных сіл, аднак аб’ектыўнасьць такіх ацэнак выклікае ў экспэртаў сурʼёзныя сумневы.

15 верасьня Рамзан Кадыраў заявіў, што кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў павінны правесьці «самамабілізацыю» і падрыхтаваць добраахвотнікаў для адпраўкі на вайну ва Ўкраіне, пры гэтым не чакаць абвяшчэньня Крамлём ваеннага становішча. На думку кіраўніка Чачэніі, калі б кожны рэгіён падрыхтаваў хоць адну тысячу добраахвотнікаў, «пытаньне вырашэньня задач спэцапэрацыі можна было б закрыць у самы кароткі тэрмін».

21 верасьня Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абʼявіў правядзеньне ў краіне «частковай мабілізацыі» і падпісаў адпаведны ўказ. Міністар абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рамках «частковай мабілізацыі» плянуецца прызваць 300 тысяч чалавек, аднак «Новая газета. Европа» са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі прэзыдэнта паведамляе, што насамрэч засакрэчаны пункт прэзыдэнцкага ўказу дазваляе прызваць да мільёна чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG