Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь забараніла вывозіць смартфоны і аўтамабілі нават у Расею. Разьбіраемся чаму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 23 верасьня ўлады Беларусі ўвялі забарону на вываз шэрагу тавараў, у дакумэнце сотні пазыцый, у тым ліку аўтамабілі і смартфоны. Абмежаваньне будзе дзейнічаць да сакавіка.

«Устанавіць часовую забарону на вываз за межы Рэспублікі Беларусь у дзяржавы — сябры Эўразійскага эканамічнага саюзу тавараў па пераліку згодна з дадаткам незалежна ад краіны паходжаньня», — гаворыцца ў пастанове, апублікаванай на нацыянальным прававым партале Беларусі.

Абмежаваньне ня тычыцца беларускіх ці расейскіх тавараў, гаворка вядзецца пра рээкспарт. У пералік, апроч аўтамабіляў і смартфонаў, трапіла шмат тавараў рознага прызначэньня: гіпс, матацыклы, дзіцячыя вазкі, аўдыё- і відэаапаратура, насосы, шкляная тара, лядоўні, ядзерныя рэактары ды іншае.

«Апасеньне цэнавых шокаў і дэфіцыту»

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, такое рашэньне ўлады Беларусі маглі прыняць, бо апасаюцца будучага дэфіцыту.

«Думаю, прычына тут чыста тэхнічная — баяцца, што шэры («паралельны») імпарт у Расею месцамі ня будзе спраўляцца, і расейскі рынак будзе пэрыядычна выцягваць тавары зь Беларусі, і ад гэтага будуць цэнавыя шокі. Таксама прычынай можа быць дэфіцыт тавараў ці апасеньне будучага дэфіцыту», — кажа Леў Львоўскі.

Што з цэнамі на гэтыя тавары

Глядзім сярэднія цэны на тавары, якія забаранілі вывозіць зь Беларусі. Аўтамабілі са студзеня па жнівень падаражэлі на 33,7%, згодна зь лічбамі Белстату. Смартфоны вырасьлі ў цане на 23%, лядоўні — на 28,4%, пральныя машыны — на 31%.

Пыласосы за гэты час падаражэлі на 21,8%, матацыклы — на 24%, ровары — на 16,6%, фатакамэры — на 32,6%.

Што з аўтамабільным рынкам Беларусі

Як паведамляе аўтамабільная асацыяцыя «БАА», жнівень 2022 году адзначыўся падзеньнем узроўню продажу новых легкавых аўтамабіляў на 83,9%, або на 2834 аўтамабілі, у параўнаньні са жніўнем 2021 году.

Сёлета ў жніўні, паведамляе сайт асацыяцыі, продажы склалі 542 аўтамабілі.

Пры гэтым па выніках 8 месяцаў 2022 г. на рынку лідзіруе марка LADA расейскай вытворчасьці. У тройцы лідэраў таксама брэнды Geely і Kia. Усяго з пачатку году ў Беларусі прададзена 11 764 новыя легкавыя аўтамабілі.

Паведамляецца, што ўзровень продажу бліжэйшыя месяцы шмат у чым будзе вызначацца аб’ёмам рэалізацыі Geely.

Пры гэтым асартымэнт новых аўтамабіляў ад дылераў працягвае скарачацца. Калі годам раней дылеры — сябры БАА прадставілі на рынку 112 мадэляў новых аўтамабіляў, то ў жніўні 2022 году — толькі 36.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG