Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская кампанія ва ўмовах вайны працягвае імпарт з МТЗ і настойвае на нулявых мытных стаўках


Будынак МТЗ. Ілюстрацыйнае фота
Будынак МТЗ. Ілюстрацыйнае фота

Украінскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сучасні вантажівки» працягвае пастаўляць ва Ўкраіну прадукцыю Менскага трактарнага заводу (МТЗ).

Гэта стала вядома з апублікаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны судовага рашэньня, у якім кампанія праз суд спрабуе прымусіць Дзяржаўную мытную службу Ўкраіны прымяняць нулявую стаўку для мытных плацяжоў пры ўвозе беларускай тэхнікі ва Ўкраіну, як гэта прадугледжана беларуска-ўкраінскім пагадненьнем аб свабодным гандлі.

У прыватнасьці, гаворка аб пастаўцы тэхнікі МТЗ, якая праходзіла афармленьне на мяжы паводле мытнай дэклярацыі ад 10 траўня 2022 году — на трэцім месяцы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, падтрыманага Беларусьсю.

Якая лягістыка паставак

Урад Украіны адразу пасьля расейскага ўварваньня закрыў усе памежныя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

У судовым рашэньні адзначаецца, што ТАА «Сучасні вантажівки» увозіла беларускую прадукцыю транзытам праз Польшчу, а не церазь беларуска-ўкраінскую мяжу (толькі пры такой лягістыцы прымяняюцца нулявыя стаўкі пры мытным афармленьні ўвозу прадукцыі на тэрыторыі Ўкраіны).

Для ўвозу прадукцыі Менскага трактарнага заводу, хутчэй за ўсё, былі нанятыя ўкраінскія ці нават польскія перавозчыкі, паколькі пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны і падтрыманьня Беларусьсю расейскай агрэсіі Эўразьвяз з 9 красавіка ўвёў забарону для перамяшчэньня беларускіх перавозчыкаў па тэрыторыях эўрапейскіх краін.

У траўні прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў аб увядзеньні «паўлюстэркавых» захадаў у адказ на гэтае рашэньне Эўразьвязу.

Паводле яго, на тэрыторыі Беларусі ўздоўж мяжы вызначылі 14 лягістычных цэнтраў, у якія могуць заехаць эўрапейскія перавозчыкі, каб перадаць або забраць беларускую прадукцыю для далейшага перамяшчэньня.

«Вызначылі 14 месцаў, лягістычных цэнтраў, куды эўрапейскія перавозчыкі ўздоўж мяжы могуць заехаць. А далей ужо паедзем з грузам ці мы, ці расейцы. Гэта значыць, адбываецца перагрузка, перачэпліваньне. Цяпер мы штодзень маем па 400-600 машын, якія прыбываюць з Эўразьвязу ў гэтыя пункты. І там або мы забіраем іх груз і вязём далей, або яны забіраюць беларускі і расейскі груз і вязуць сабе. Так што кожны застаўся пры сваім», — заявіў Галоўчанка.

Такім чынам, імаверна, што прадукцыя МТЗ была спачатку дастаўленая беларускімі перавозчыкамі ў адзін з такіх цэнтраў, а там перагружаная на ўкраінскія або эўрапейскія фуры.

Што вядома пра ўкраінскую кампанію

Кампанія «Сучасні вантажівки» (гандлёвая марка «АВТЕК». — РС) зарэгістраваная ў ліпені 2008 году. Яна займаецца продажам грузавой, пасажырскай і спэцыяльнай тэхнікі і зьяўляецца афіцыйным дыстрыб’ютарам FORD TRUCKS і афіцыйным дылерам RASCO, KASSBOHRER, HIDRO-MAK, ERDEMLI.

Дагэтуль кампанія зьяўляецца афіцыйным дылерам беларускіх заводаў МАЗ і МТЗ. У структуры кампаніі існуе асобны аддзел мэнэджараў па продажы тэхнікі Менскага трактарнага заводу.

Менавіта ТАА «Сучасні вантажівки» ў чэрвені 2021 году выйграла тэндэр на пастаўку беларускіх аўтобусаў у Мікалаеў, але тады вынікі гэтага конкурсу скасавалі праз увядзеньне эўрапейскіх санкцый супраць Менскага аўтамабільнага заводу.

Згодна з статыстыкай маніторынгавага сэрвісу Dozorro, які кантралюе закупкі за сродкі дзяржаўнага бюджэту, гэтая ўкраінская кампанія выграла тэндэраў на 457 мільёнаў грыўняў (амаль 11 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) на пастаўку тэхнікі дзяржаўным прадпрыемствам. Сярод іх найбуйнейшыя («Укргазвидобування», «Укрпошта») і шэраг камунальных транспартных прадпрыемстваў у розных гарадах Украіны, адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы, кампанія «Енергоатом» і іншыя.

Згодна зь фінансавай справаздачнасьцю, у 2020 годзе даход кампаніі склаў 1,5 мільярда грыўняў, а чысты прыбытак — 20,5 мільёна грыўняў. У 2021 годзе, адпаведна, 1,9 мільярда грыўняў і 29,4 мільёна грыўняў.

У кампаніі сьцьвярджаюць, што не купляюць новай тэхнікі ў МТЗ

Свабода зьвярнулася да генэральнага дырэктара кампаніі Сяргея Кабылінскага па тлумачэньне гэтай сытуацыі. Ён сьцьвярджае, што размова аб выкананьні кантракту, падпісанага зь Менскім трактарным заводам у 2021 годзе.

«Ва Ўкраіну ўвозіцца прадукцыя, набытая паводле кантрактаў 2021 году. Вытворца змог вырабіць і паставіць яе толькі ў студзені–красавіку 2022 году. Улічваючы актыўныя баявыя дзеяньні і адсутнасьці лягістыкі між Беларусьсю і Ўкраінай, уся тэхніка ў гэты пэрыяд была вывезена ў свабодную мытную зону на тэрыторыі Польшчы. Гэтая тэхніка цяпер завозіцца ва Ўкраіну невялікімі аб’ёмамі, згодна з попытам», — напісаў Сяргей Кабылінскі ў адказ на запыт Свабоды.

Паводле яго, пры ўвозе беларускай тэхнікі кампанія сплачвае мыта ў памеры 10%, а не на падставе прэфэрэнцый, замацаваных двухбаковымі беларуска-ўкраінскімі пагадненьнямі. У той жа час кіраўнік кампаніі не паведаміў, што яны праз суд аспрэчвалі прымяненьне гэтага мыта і патрабавалі прызнаць адпаведнае рашэньне ўкраінскай мытні незаконным.

Сяргей Кабылінскі пераконвае, што цяпер супраца з МТЗ спынена, бо ва Ўкраіне ідзе вайна. Дырэктар ТАА «Сучасні вантажівки» таксама паведаміў, што цяпер беларуская прадукцыя рэалізуецца на ўкраінскім рынку вельмі марудна.

«Рынак продажу сельскагаспадарчай тэхнікі фактычна абваліўся, ды і пакупнікі ў вялікай колькасьці нэгатыўна рэагуюць на беларускае паходжаньне тавару», — адзначыў Сяргей Кабылінскі.

Падрабязнасьцяў аб гандлі зь Беларусьсю Ўкраіна не публікуе

Пасьля пачатку вайны Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны спыніла публікацыю зьвестак аб замежным гандлі ў кантэксьце краін. Цяпер штомесяц выходзіць, па сутнасьці, толькі два статыстычныя прадукты аб рэгіянальных аб’ёмах замежнага гандлю і аб яго таварнай структуры.

Інфармацыя аб тым, у якіх краінах Украіна набывае прадукцыю і ў якія прадае, у гэтых справаздачах адсутнічае. У той жа час на афіцыйным сайце Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны абнавілі інфармацыю аб экспарце-імпарце тавараў у Беларусь і зь Беларусі. Цяпер у статыстыцы адлюстроўваюцца і аб’ёмы за сакавік. Згодна зь імі, сёлета ў сакавіку Беларусь прадала тавараў ва Ўкраіну на 35,56 мільёнаў даляраў (у сакавіку 2021-га гэтая лічба складала 363,36 мільёна даляраў), а купіла ўкраінскіх тавараў на 247,97 тысяч даляраў (у сакавіку 2021-га — на 116,64 мільёна даляраў).

Згодна з украінскай мытнай статыстыкай, найбольшая частка ў гэтым гандлі належала нафтапрадуктам, угнаеньням і менавіта сродкам наземнага транспарту (за выключэньнем чыгуначнага і трамвайнага). У першым квартале 2022 году Ўкраіна купіла беларускай тэхнікі на 35,03 мільёна даляраў. Усяго за першыя тры месяцы году Ўкраіна набыла ў Беларусі прадукцыі на 1,05 мільярда даляраў (у студзені–сакавіку 2021-га — на 862,76 мільёна даляраў), а прадала — на 195,11 мільёна даляраў (у студзені–сакавіку 2021-га — на 307,37 мільёна даляраў).

Зьвесткі за красавік і травень у мытнай статыстыцы пакуль адсутнічаюць, хаця дакладна вядома, што кампанія «Сучасні вантажівки» ў гэты пэрыяд пастаўляла беларускую тэхніку праз Польшчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG