Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі патлумачыла запаволеньне беларускага ВУП посьпехамі ў сельскай гаспадарцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на ​​«вонкавы санкцыйны ціск», беларуская эканоміка «пачала дэманстраваць паступовае аднаўленьне», заявіў першы намесьнік міністра эканомікі Юры Чабатар 19 верасьня. Ягоныя словы прыводзіць прэс-служба ведамства.

«Па выніках 8 месяцаў ВУП склаў 95,1%, дадаўшы 0,3 працэнтнага пункта да студзеня–ліпеня. Ключавы ўклад у гэты прырост, як і чакалася, забясьпечылі несумненныя посьпехі ў сельскай гаспадарцы. Добры ўраджай збожжавых і рапсу, павелічэньне пагалоўя птушкі і станоўчая дынаміка вытворчасьці малака даюць магчымасьць разьлічваць на захаваньне высокіх паказчыкаў у галіне і па выніках верасьня».

Другой перадумовай аднаўленьня ён назваў «эфэктыўную працу прадпрыемстваў рэальнага сэктару»: «У параўнаньні са студзенем–ліпенем 2021 году выручка павялічылася на 10,3%, прыбытак ад рэалізацыі — на 21,9%, чысты прыбытак — на 6,5%».

У Мінэканомікі разьлічваюць на «далейшае замацаваньне пазытыўных трэндаў».

Як паведамлялася, у студзені–жніўні 2022 году валавы ўнутраны прадукт Беларусі зьнізіўся на 4,9% да аналягічнага леташняга пэрыяду, гэта вынікае са зьвестак Белстату.

У студзені–ліпені падзеньне ВУП складала 5,2%, у студзені–чэрвені — 4,2%, студзені–траўні — 3,4%, студзені–красавіку — 2,1%, студзені–сакавіку — 0,4%. У студзені–лютым быў зафіксаваны прырост ВУП на 1,2%, у студзені — на 2,7%, па выніках 2021 году — на 2,3%. У 2020 годзе ён зьнізіўся на 0,9%, у 2019-м — вырас на 1,2%, 2018-м — на 3%, 2017-м — на 2,4%, 2016-м — скараціўся на 2,6 %.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені–жніўні прамысловая вытворчасьць скарацілася на 6,6% (у студзені–ліпені — на 6,2%). Розьнічны таваразварот зьнізіўся на 2% (1,5%), аптовы — на 16,3% (15,7%).

Пры гэтым зафіксаваны рост сельскагаспадарчай вытворчасьці пасьля яго значнага спаду. Выпуск прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (у сельскагаспадарчых арганізацыях, фэрмэрскіх гаспадарках, гаспадарках насельніцтва) склаў 18,4 млрд рублёў, што на 1,8% больш у супастаўных цэнах у параўнаньні са студзенем–жніўнем мінулага году.

У сельскагаспадарчых арганізацыях выраблена прадукцыі на 16,5 млрд рублёў, ці на 3,2% больш, чым за восем месяцаў 2021 году.

За сем месяцаў бягучага году да аналягічнага леташняга пэрыяду сельскагаспадарчая вытворчасьць у Беларусі, якая моцна залежыць ад умоў надвор’я, зьнізілася на 10,4%, за шэсьць месяцаў — на 3%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG