Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ не згадалі словы Пугачовай пра «гібель нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты» ў навіне пра яе зварот да Мін'юсту


Максім Галкін і Ала Пугачова, 2016
Максім Галкін і Ала Пугачова, 2016

Многія расейскія СМІ, якія паведамілі аб просьбе Алы Пугачовай прызнаць яе «замежным агентам» усьлед за мужам Максімам Галкіным, не згадалі ў сваіх матэрыялах яе словы, якія адсылаюць да вайны ва Ўкраіне. Пра гэта са спасылкай на «Агенство» піша «Медуза».

У заяве Пугачовай прама не згадваліся «вайна» або «спэцыяльная ваенная апэрацыя», аднак гаварылася, што Максім Галкін жадае Расеі ў тым ліку «спыненьня гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, якія робяць нашу краіну ізгоем і абцяжарваюць жыцьцё нашых грамадзян».

ТАСС, «РИА Новости», RT, ТВЦ, «Комсомольская правда», «Известия», «Рэн-ТВ» і «Говорит Москва» працытавалі толькі першую частку паста Пугачовай — пра тое, што яна просіць «залічыць сябе ў шэрагі іншаземных агентаў сваёй любімай краіны»; некаторыя зь іх уключылі ў публікацыі і словы пра тое, што яна «салідарная са сваім мужам».

НТВ, абвешчаны замежным агентам «Росбалт», «Газета. ру», «Лента. ру» і «Фонтанка» у той ці іншай форме прывялі ў сваіх навінах і словы Пугачовай аб тым, што Максім Галкін — сумленны, прыстойны і шчыры чалавек, патрыёт, які жадае краіне росквіту, аднак ніхто з вышэйзгаданых СМІ не працытаваў словаў аб гібелі людзей за «ілюзорныя мэты».

«Агенство» адзначае, што пракрамлёўскія СМІ другі раз запар «цэнзуруюць Пугачову, расказваючы пра яе пасты». У пачатку верасьня яны не працытавалі яе словаў з крытыкай сучасных палітыкаў з паста пра пахаваньне Міхаіла Гарбачова.

«Пугачову — у прэзыдэнты Расеі»

На словы сьпявачкі адрэагавалі многія расейскія палітыкі, артысты і іншыя вядомыя асобы. DW сабрала некаторыя камэнтарыі.

«Ала, мая павага» — напісала ў сваім Telegram-канале акторка і рэжысэрка Рэната Літвінава, якая знаходзіцца цяпер у Францыі.

«Ала Пугачова выступіла за свабоду слова, супраць рэпрэсій і вайны. Мільён пунсовых руж супраць сіл зла», — падтрымаў сьпявачку ў Twitter адвакат і праваабаронца Павел Чыкаў.

«Хто такі Пуцін? Дробны палітычны дзеяч часоў Алы Пугачовай», — напісаў у Twitter апазыцыйны палітык Дзьмітрый Гудкоў.

Дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга V і VI скліканьняў Максім Рэзьнік выказаў думку, што «паўстаньне Пугачовай прывядзе да падзеньня рэжыму», а расейскі эканаміст, прафэсар Максім Міронаў заявіў у Twitter, што Ала Барысаўна — ягоная кандыдатка на выбарах прэзыдэнта Раскі ў 2024 годзе.

Са свайго боку, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі канстатаваў у сваім Telegram-канале: «А. Б. Пугачова дэ-факта становцца лідэрам антываеннай часткі РФ-грамадзтва».

Рэзкая крытыка прапагандыстаў і Дзярждумы

Нэгатыўныя камэнтары наконт заявы Пугачовай зьявіліся з боку расейскіх палітыкаў, зьвязаных з органамі дзяржаўнай улады, а таксама публічных асоб, вядомых сваёй ляяльнасьцю да Крамля.

Тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў напісаў у сувязі з гэтым у Telegram: «Спачывай зь мірам, Ала Барысаўна...» Але тэлевядоўца і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты РФ Ксенія Сабчак адрэагавала на гэты пост Салаўёва словамі: «Ала Барысаўна яшчэ вас усіх перажыве». У сваім Telegram-канале «Кровавая барыня» Сабчак таксама перапосьціла спасылку на інтэрнэт-рэсурсы, дзе можна паслухаць песьні Пугачовай, зь ляканічным камэнтаром: «А знаеш, усё яшчэ будзе».

Намесьнік старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Пётар Талстой заявіў у сваім Telegram-канале наступнае: «Мне шкада, што Пугачова, былая самая папулярная сьпявачка краіны, настолькі страціла сувязь з рэальнасьцю і салідарная з тымі, хто сёньня жадае паразы Расеі. Цяпер ейнае месца ў гістарычным музэі часоў СССР».

Рэакцыя на заяву Пугчовай ва Ўкраіне

Адрэагаваў на заяву Пугачовай і дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.

У падрабязным пасьце на сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў, што бунт Алы Барысаўны, «асобы велізарнага чалавечага маштабу, супраць пуцінскай Сыстэмы — гэта падрыў легітымнасьці вядучай міталёгіі пуцінскага рэжыму, падрыў галоўнага наратыву, які абгрунтоўвае гэтую вайну, выбух у сярэдзіне самаідэнтыфікацыі грамадзян, якія складаюць аснову легітымізацыі пуцінскага рэжыму, пачатак канца гэтага рэжыму».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG