Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні ўчора, ні сёньня, ні ў найбліжэйшай будучыні». У АДКБ паведамілі, што не плянуюць накіроўваць міратворцаў у Армэнію


Кіраўнік АДКБ Анатолій Сідараў і чальцы апэратыўнай групы АДКБ аглядаюць раён каля таджыцка-афганскай мяжы, 8 ліпеня 2021 году. Ілюстрацыйнае фота
Кіраўнік АДКБ Анатолій Сідараў і чальцы апэратыўнай групы АДКБ аглядаюць раён каля таджыцка-афганскай мяжы, 8 ліпеня 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Размова аб выпраўленьні міратворчага кантынгенту АДКБ у Армэнію пакуль не ідзе, заявіў кіраўнік штабу АДКБ расейскі генэрал Анатолій Сідараў. Паводле яго, арганізацыя спадзяецца на мірнае ўрэгуляваньне канфлікту Армэніі і Азэрбайджану.

«Ня будзем апярэджваць падзеі. 13 верасьня кіраўнікі нашых дзяржаваў аднагалосна заявілі, што гэтая праблема, якая існуе паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, павінна разьвязвацца палітыка-дыпляматычнымі мэтадамі. Гэта значыць, аб ужываньні вайсковай сілы, яшчэ і з залучэньнем АДКБ, ні 13 верасьня, ні ўчора, ні сёньня, і, думаю, у бліжэйшай будучыні не ідзецца», — сказаў Анатолій Сідараў.

Ён паведаміў, што прыбудзе ў Ерэван разам з групай службовых асобаў увечары 15 верасьня. Паводле яго, генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась прыедзе на армяна-азэрбайджанскую мяжу на наступным тыдні.

«З улікам таго, што генэральны сакратар цяпер бярэ ўдзел у іншых сур’ёзных міжнародных падзеях, у прыватнасьці, запрошаны на саміт ШАС, таму ён вылеціць і прыбудзе ў Рэспубліку Армэнію пазьней», — адзначыў кіраўнік штабу АДКБ.

Пасьля абвастрэньня канфлікту на мяжы Армэніі і Азэрбайджану ў ноч на 13 верасьня Ерэван зьвярнуўся да АДКБ адпаведна 4-му артыкулу яе статуту ў пытаньні аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны і забесьпячэньня вываду азэрбайджанскіх вайскоўцаў. Гэты артыкул дамовы прадугледжвае вайсковую дапамогу.

У пачатку 2022 году кантынгент АДКБ накіравалі ў Казахстан на просьбу прэзыдэнта Касыма-Жамарта Такаева, калі масавыя пратэсты, якія справакавала падвышэньне цаны на звадкаваны газ, ахапілі ўсю краіну.

Улады Казахстану спачатку заявілі, што на Алматы напалі «20 тысяч тэрарыстаў» (пасьля МУС удакладніла, што ідзецца пра агульную колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту ў горадзе), нібыта падрыхтаваных за мяжой, у сувязі з чым Такаеў зьвярнуўся да блёку АДКБ па дапамогу.

10 студзеня на онлайн-саміце АДКБ Такаеў назваў падзеі ў краіне «спробай дзяржаўнага перавароту».

Кантынгент АДКБ, накіраваны Расеяй, а таксама іншымі ўдзельнікамі арганізацыі (Армэніяй, Беларусьсю, Кіргізстанам і Таджыкістанам), пакінуў Казахстан праз два тыдні пасьля прыбыцьця. Такаеў адзначаў, што вайскоўцы АДКБ ня ўдзельнічалі ў сілавых апэрацыях і былі залучаныя ў ахову «стратэгічных абʼектаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG