Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі паведаміла пра пасьпяховае аднаўленьне яшчэ адной лініі электраперадач на Запароскую АЭС, што дасьць магчымасьць праводзіць бясьпечнае ахаладжэньне рэактараў на станцыі.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МАГАТЭ:
«Адноўлена другая рэзэрвовая лінія электраперадач на Запароскую атамную электрастанцыю, што дазваляе апэратару трымаць адну лінію ў рэзэрве, а з дапамогай другой забясьпечваць станцыю вонкавай электраэнэргіяй, неабходнай для ахаладжэньня рэактара і іншых важных функцый бясьпекі пры адключэньні».
Удакладняецца, што адноўленая лінія магутнасьцю 750/330 кВт выкарыстоўваецца для падачы на АЭС неабходнага сілкаваньня, а лінія на 330 кВт застаецца рэзэрвовай. У МАГАТЭ падкрэсьлілі, што важна было забясьпечыць гэта ў кантэксьце ядзернай бясьпекі на найбуйнейшай атамнай электрастанцыі Эўропы.
Апошні спынены рэактар на ЗАЭС (№ 6), які да гэтага забясьпечваў уласныя патрэбы электрастанцыі, цяпер перайшоў у стан халоднага прыпыненьня, як і астатнія пяць рэактараў. Гэта азначае, што для ахаладжэньня яму цяпер патрабуецца менш энэргіі.
У той жа час агенцтва прыводзіць заяву гендырэктара Рафаэля Гросі, які падкрэсьліў, што сытуацыя зь ядзернай бясьпекай на станцыі, якая апынулася пасярод зоны баявых дзеяньняў, застаецца нестабільнай. Чатыры асноўныя вонкавыя лініі электраперадач ЗАЭС не працуюць, і цяпер яна не забясьпечвае электраэнэргіяй дамы, прадпрыемствы і іншыя аб’екты.
ЗАЭС трымаюць пад кантролем расейскія войскі, якія занялі станцыю ў першыя тыдні поўнамаштабнай захопніцкай вайны супраць Украіны.