Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вершыкі пакуль на паўзе, бо галава занятая процьмай важных інструкцый». Навіны ад Андрэя Кузьнечыка


Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку ў Наваполацкай калёніі выдалі бэджык «экстрэміста»: гэта азначае, што доўгатэрміновае спатканьне з жонкай будзе доўжыцца толькі суткі. Дзіцячыя вершы, якія Андрэй пісаў, пакуль «пастаўленыя на паўзу».

«За вакном нечакана ўбачыў паходню на коміне нейкага заводу — такі дзіўны і ў нечым сымбалічны краявід»

Празь месяц пасьля разгляду апэляцыі Вярхоўным судом палітвязьня Андрэя Кузьнечыка этапавалі з Магілёўскай турмы № 4 у Наваполацкую калёнію № 1 узмоцненага рэжыму, дзе ён будзе адбываць 6-гадовае пакараньне.

«Цяпер тыдні два будзе інтэнсіўная навука і практыка новых парадкаў, звычаяў і правіл жыцьця. Тут, як і чакалася, менш кратаў, больш руху, менш нікатынавай дымавухі, прывыкаю зноўку спаць безь сьвятла. Але разглядацца і ўваходзіць у курс буду яшчэ доўга.

У мяне штодня дзяжурствы, адзначэньні, запаўненьні, заняткі інтэнсіўнага пагружэньня ў рэчаіснасьць. Але гэта пакуль праца з швабрай і шчоткай, а што будзе далей — раскажу. Арганізм, тры сэзоны адседзеўшы, зьдзіўляецца часам узрослай актыўнасьці. Падсеў голас, пад раніцу, як ня так у сьне варухнесься, нагу зьвядзе», — піша Андрэй у лісьце да жонкі Алесі.

Умовы ў наваполацкай калёніі лепшыя за магілёўскую турму. Ежа даволі смачная, асабліва нахвальваюць зьняволеныя хлеб.

«Вада з крана нармальная, паветра зь лёгкім індустрыяльным адценьнем, але цалкам ОК. За вакном нечакана ўбачыў паходню на коміне нейкага заводу — такі дзіўны і ў нечым сымбалічны краявід.

Сны сьняцца, але зь першай сэкунды пад’ёму столькі момантаў вымагаюць засяроджанасьці і дапільноўваньня, што запамінаць сны забываюся. Зрэшты, там без сэнсацый. Але ўжо некалькі разоў у некалькіх месцах спасьцерагала мяне нечаканае дэжавю. Быццам бы і ня раз сьніў гэтае месца, але вельмі даўно, ці не ў дзяцінстве. Можа, гэта проста прасякнутае роднай Дзьвіной паветра так дзейнічае?» — піша Андрэй.

«Вершыкі пакуль на паўзе»

Лісты застаюцца для палітвязьняў ледзьве не адзінай крыніцай інфармацыі, повязьзю зь сям’ёй. А вось новыя вершы для сваіх маленькіх дачкі і сына Андрэй не дасылаў ужо больш за месяц.

«Вершыкі пакуль на паўзе, бо галава занятая процьмай важных інструкцый, альгарытмаў, інфармацыі.

Была спакуса спаслацца на цэйтнот і напісаць ліст на выходных. Але ж няма нічога радасьней за той момант, калі трымаеш у руках белы канвэрт ад блізкага чалавека, нават калі ў ім няма асаблівых навінаў. Сёньня раніцай на зарадцы думаў, як вы зьбіраецеся ў школу і які ня самы яркі і чысты ўсход, — піша Андрэй жонцы Алесі, дачцэ Яніне і сыну Мацьвею.

«Пакуль падаецца, што я немагчыма далёка ад вас. Але ж розумам ведаю, што гэта ня так. Бачыў усьмешкі, бачыў нізкія беларускія аблокі, неўзабаве пабачу вашы лісты. А цёплыя ўспаміны і сьветлыя думкі пра вас падтрымліваюць мяне і вабяць у шчасьлівую нашу будучыню», — піша Андрэй.

«Выдалі мне бэджык «экстрэміста»

У беларускіх калёніях «схільных да экстрэмізму» вязьняў пазначаюць адмысловымі жоўтымі біркамі. У «пераліку грамадзян, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», — такі пералік складае Міністэрства ўнутраных спраў, — на сёньняшні дзень фігуруюць імёны 479 чалавек, большасьць зь іх адбываюць пакараньні і прызнаныя палітзьняволенымі.

«Выдалі мне бэджык „экстрэміста“. На жаль, гэта значыць, што доўгатэрміновае спатканьне будзе адны суткі ўсяго, і зь яго нельга будзе вынесьці нічога з сабой, ніякай ежы. Аёй.

Я стараюся трымацца патрэбнага тэмпу альгарытмічнасьці і імклівасьці. Праўда, у гэтай сытуацыі мая летуценнасьць можа калі-нікалі мяне, баюся, падвесьці. А можа, я і тут акажуся пасьпяховым вучнем без крытычных хібаў і адпаведных паўз у ліставаньні. У любым выпадку, не хвалюйся і не бяры да галавы, мы ўжо з табой пра гэта размаўлялі», — Андрэй спрабуе падрыхтаваць жонку да самага рознага разьвіцьця падзей. І дзеліцца сваімі посьпехамі ў мэнтальных практыках.

«Калі пахаладала на дварэ, спрабаваў сагрэцца ўяўленьнямі. Марскі пляж, гарачы горад, Цнянка не спрацавалі. Але падзейнічала ўяўленьне вашых абдымкаў. Як у той рэкляме, дзе мама і дзеці трымаюць тату, як пасы бясьпекі. А вы мяне саграваеце. Такі нечаканы кантакт: блізкасьць. Так што холад мне ня страшны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG