Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль Вялікай Брытаніі Карл III выступіў зь першым зваротам да нацыі


Увечары 9 верасьня кароль Вялікай Брытаніі Карл III выступіў зь першым зваротам да нацыі. Прамова караля практычна цалкам была прысьвечаная яго маці, каралеве Лізавеце II.

Кароль заявіў, што ўсё жыцьцё Лізаветы II было напоўнена служэньнем брытанскім падданым. Адвага і вернасьць абавязку спалучаліся ў ёй з чалавечай цеплынёй, пачуцьцём гумару і ўменьнем заўсёды бачыць лепшае ў людзях.

Карл III адзначыў, што яго маці ўзышла на трон, калі Брытанія яшчэ адчувала на сабе наступствы Другой сусьветнай вайны і жыла старымі ўяўленьнямі аб сьвеце. Падчас яе кіраваньня брытанскае грамадзтва мянялася, злучыўшы ў сабе людзей мноства нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў. Мяняліся і прынцыпы кіраваньня дзяржавай. Аднак, падкрэсьліў кароль, прынцыпы і каштоўнасьці брытанскай манархіі, англіканскай царквы, тыя традыцыі і свабоды, што ляжаць у аснове парлямэнцкага праўленьня, павінны і будуць заставацца непарушнымі.

Карл III зьвярнуўся да ўсіх брытанскіх грамадзян і паабяцаў, што на працягу ўсяго свайго жыцьця будзе служыць ім «зь вернасьцю, павагай і любоўю», падтрымліваючы пры гэтым асновы канстытуцыйнага парадку.

«Маё жыцьцё і жыцьцё маёй сям’і, вядома, зьменіцца», — сказаў кароль. Ён прызнаў, што больш ня зможа ў такім абʼёме, як раней, займацца дабрачыннасьцю, але выказаў упэўненасьць, што пачатыя ім праекты будуць перададзеныя ў добрыя рукі. Ён падзякаваў сваёй жонцы Каміле, зь якой знаходзіцца ў шлюбе ўжо 17 гадоў, і паабяцаў, што яна будзе з годнасьцю несьці абавязкі каралевы-кансорта.

Ён згадаў, што тытулы прынца і прынцэсы Валійскіх зараз будуць насіць яго старэйшы сын, наступны спадчыньнік прастола прынц Уільям, і яго жонка Кэтрын. Малодшаму сыну, прынцу Гары, і яго жонцы Мэган ён пажадаў «шчасьлівага жыцьця за акіянам».

На заканчэньне Карл III сказаў, што на наступным тыдні адбудзецца пахаваньне Лізаветы II. Ад свайго імя, ад імя каралеўскай сямʼі і брытанскага народа ён можа сказаць маці галоўнае слова — «дзякуй». «Ды захоўваюць анёлы твой спакой», — завяршыў сваю прамову кароль.

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Ліз Трас увечары ў пятніцу прыбыла ў Букінгемскі палац, каб сустрэцца з каралём і выказаць яму свае спачуваньні наконт сьмерці Елізаветы II. Каралева афіцыйна прызначыла Трас на пасаду прэмʼер-міністра 6 верасьня, за два дні да сваёй сьмерці.

10 верасьня Карл III будзе афіцыйна абвешчаны каралём Вялікай Брытаніі і сустрэнецца з брытанскім кабінэтам міністраў.

Каралю Карлу III 73 гады. Да ўзыходжаньня на пасад ён меў тытул прынца Валійскага. На брытанскім троне ён зьмяніў сваю маці, каралеву Лізавету II, якая памерла 8 верасьня ва ўзросьце 96 гадоў. Лізавета была каралевай Вялікай Брытаніі 70 гадоў і стала самым доўгакіруючым манархам у гісторыі Вялікай Брытаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG